СЛУЖБА – ДНІ І НОЧЫ…


Маёр міліцыі, старшы оперупаўнаважаны групы вышуковай работы аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Іван Паўлавіч ГАРГУН сёлета адзначыў сярэбраны юбілей работы ў органах унутраных спраў.
У сакавіку 1987-га ён прыйшоў на службу звычайным міліцыянерам патрульна-паставой службы. Нялёгкая работа стала сапраўднай загартоўкай. Яна ж пераканала, што выбар жыццёвага шляху зроблены правільны.
Праз год маладога супрацоўніка прызначылі камандзірам аддзялення. Пасля гэтага прыступка за прыступкай Івану Гаргуну давялося прайсці многія вехі службовай лесвіцы. Усюды працаваў аддана. А вось па-сапраўднаму знайсці сябе змог толькі ў крымінальным вышуку.
Сёння Іван Паўлавіч адказвае за вельмі важны і складаны ўчастак работы. У зоне яго аператыўна-службовай дзейнасці – самы сапраўдны вышук. Часцей за ўсё – злачынцаў, тых, хто, уступіўшы ў канфлікт з законам, нясе з сабою боль і трывогу людзям. З 42-ух учыненых летась па лініі крымінальнага вышуку злачынстваў 27 раскрыў маёр міліцыі Гаргун.
На жаль, і ў ХХІ стагоддзі нярэдка здараюцца выпадкі, калі ў сумяціцы неспакойнага часу губляюцца людзі. Знікаюць недаравальна, не пакідаючы зачэпак для тых, каму наканавана займацца іх вышукам. За такія справы асаблівую трывогу і адказнасць адчувае І.П. Гаргун. Ён, як ніхто, ведае, што бяда стукае ў дзверы нечакана і, як правіла, блізкія прапаўшага чалавека да яе абсалютна не гатовы. 
Менавіта ў такіх выпадках многае залежыць ад прафесіяналізму работнікаў міліцыі. Уменне заспакоіць, выклікаць чалавека на шчырую размову, прымусіць паверыць, што трагедыю можна папярэдзіць, калі дзейнічаць хутка і зладжана, –  вось задача старшага оперупаўнаважанага групы вышуковай работы. Летась маёр Гаргун дапамог адшукаць траіх прапаўшых без вестак нашых землякоў. Ці трэба казаць, што значыла гэта для іх блізкіх?
Акрамя таго, на рахунку Івана Паўлавіча затрыманне пяцярых мацёрых злачынцаў, якія паўсталі перад судом і панеслі заслужанае пакаранне за свае проціпраўныя ўчынкі. У тым, што раскрывальнасць злачынстваў, учыненых па лініі кры-мінальнага вышуку, сёння ў раёне складае больш як 66 працэнтаў, немалая заслуга маёра міліцыі Гаргуна. Ён мае 38 заахвочванняў за добрую работу. А яшчэ – узнагароджаны медалём ІІІ ступені «За бездакорную службу”.
Сёлета да шматлікіх узнагарод Іван Паўлавіч дадаў яшчэ адну: яму прысвоена ганаровае званне «Чалавек года-2011”. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть