СМЕРДЗЬ, ЯКАЯ СЕЕ СМЕРЦЬ…

Яшчэ не пачаліся летнія канікулы, а лік дзіцячым ахвярам на вадзе ўжо адкрыты.

У суботу, 28 мая, тры пяцікласніцы Любачынскай СШ самастойна нікіраваліся адпачываць на рэчку. Пераходзячы Смердзь, адна з іх аступілася і пачала тануць. Спробы сябровак па выратаванню не далі жаданых вынікаў. Цела дзяўчынкі не знойдзена. Яго пошукам займаюцца вадалазы.

 

Жудасны выпадак у Любачыне, у выніку якога загінула дзіця 2000 года нараджэння, не адзінкавы. Як сведчыць статыстыка, вада штогод збірае жудасны ўраджай ахвяр. Прааналізаваць становішча папрасілі пракурора раёна Віктара САВІЧА:

– Пачынаючы з 2006 года на вадаёмах Лунінеччыны патанулі 62 чалавекі, з іх – пяцёра дзяцей. Найбольш неспрыяльнымі ў гэтым плане былі 2007-ы і 2010-ы, калі ў агульнай складанасці на вадзе загінулі 27 чалавек. Многія з іх купаліся ў месцах, забароненых для гэтай мэты. Такая трывожная сітуацыя стала падставай для прыняцця летась спецыяльнага распараджэння раённага выканаўчага камітэта, якім старшыням гарсельвыканкамаў прадпісвалася вызначыць на вадаёмах месцы для адпачынку гараджан. Асабліва небяспечныя – абмежаваць знакамі аб забароне купання. У абавязковым парадку траплялі ў гэтую катэгорыю адрэзкі рэк з рэзкім (больш як 1 метр) перападам глыбінь, рака Случ, рачныя і меліярацыйныя каналы на адлегласці менш як 1000 метраў і хуткасцю плыні больш як 10 метраў у хвіліну, вадаёмы каля гідратэхнічных збудаванняў, помпавых станцый і іншыя месцы. Аднак дагэтуль некаторыя з пунктаў распараджэння засталіся невыкананымі. Таблічкі з надпісам “Купацца забаронена” паявіліся на рацэ Случ, рачным канале паблізу Мікашэвіч і некаторых іншых нешматлікіх вадаёмах. У многіх вёсках, што стаяць на берагах рэк, асабліва небяспечныя для адпачынку месцы так і засталіся не абазначанымі. Між тым, вялікіх затрат гэта не выклікае. Інфармацыйныя шчыты можна заказаць у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Думаю, не будзе вялікім парушэннем, калі на прадпрыемствах самі вырабяць і ўстановяць іх. Галоўнае – папярэдзіць аб небяспецы, абазначыўшы месцы, дзе часта тонуць людзі.

Справядлівасці дзеля варта пазначыць, што так званы інфармацыйны шчыт не заўсёды становіцца той неабходнай перасцярогай, якая заклікана спыніць чалавека за крок ад бяды. Так, у Мікашэвічах па-ранейшаму аблюбаваным месцам адпачынку застаецца рачны канал. Гэтая судаходная артэрыя зусім не прызначана для воднага адпачынку з-за велізарных перападаў глыбінь. Штогод купальны сезон павялічвае там свае ахвяры, аднак гараджане ўпарта ў спякотныя дні накіроўваюцца на бераг канала і нават патрабуюць добраўпарадкаваць яго для “цывілізаванага” адпачынку, не задумваючыся, чым гэта можа закончыцца.

Па-ранейшаму нельга купацца ў штучных вадаёмах Луніна і Палескага. Для асабліва рызыкоўных нагадаю, што грэбаванне правіламі адпачынку на вадзе цягне за сабой адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу.

Лунінчане, жыхары навакольных вёсак і суседняга Пінскага раёна вельмі любяць возера Белае. У летнія дні там вельмі шмат адпачываючых. Аднак выратавальнага паста да нядаўняга часу не было. Сёлета аблвыканкам падтрымаў прапанову райвыканкама, пракуратуры і таварыства выратавання на водах аб адкрыцці там названага паста. Цяпер на возеры будуць несці службу выратавальнікі. Зрэшты, як і на вадаёме Баханова.

Адначасова звяртаюся да аматараў пакатацца на катамаранах. На вадаёме Баханова нярэдка ў парушэнне ўсіх норм і правіл паяўляюцца ўладальнікі гэтага воднага віду транспарту і за грошы прапаноўваюць атрымаць асалоду ад магчымасці заплыць на сярэдзіну возера. Рабіць гэта ні ў якім разе нельга, бо адпачываючым не прапаноўваюцца выратавальныя жылеты, ды і самі катамараны выклікаюць глыбокае сумненне ў надзейнасці. Правааахоўнікамі такія спробы будуць катэгарычна спыняцца. А людзям варта падумаць пра ўласную бяспеку і бяспеку блізкіх.

Звяртаюся да бацькоў з настойлівай просьбай не пакідаць каля вады без нагляду малалетніх дзяцей. Пачынаюцца летнія канікулы. Цікаўцеся, дзе і як адпачываюць вашы сыны і дочкі. Перасцярога ніколі не бывае лішняй.

Зразумела, што нельга спалучаць спіртныя напіткі і адпачынак на вадзе. Гарэлка не раз станавілася прычынай трагедыі. Не грэбуйце агульнавядомымі правіламі паводзін на вадаёмах, каб потым не сустрэцца з горкім раскайваннем.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть