СТАРОНКА БУДУЧЫНІ

«Вучэбны дэсант” прыбыў на КПП воінскай часці №65408 на чале са старшынёй міжраённай Лунінецка-Ганцавіцкай структуры ДТСААФ Барысам Гнедзька. З аўтобусаў выглядвалі зацікаўленыя «навабранцы”, трапіўшыя сюды, як кажуць, прама са школьнай парты. Цікава, што чарговы «прызыў” аказаўся без ухіленцаў і незадаволеных. А яшчэ ён стаў у пэўнай ступені гістарычным – экскурсія аб’яднала юнакоў і дзяўчат з усіх навучальных устаноў Лунінца.
…Пакуль калона рухалася да штабу, моладзь гучна абмяркоўвала ўклады салдацкага быту. Тым часам за прыбыццём «папаўнення” з-за высокай і роўна складзенай гурбы снегу назіраў падпалкоўнік Андрэй Парывай. Па яго камандзе госці выстраіліся ў шарэнгу – не зусім роўную, але поўную ўважлівых слухачоў. Расповяд жа пачаўся з асаблівасцяў службы ў ваенна-паветраных войсках і традыцыйнай дэманстрацыі тэматычнага відэафільма. Крыху пазней усім жадаючым раскрылі сакрэты зборкі-разборкі аўтамата. І пакуль адныя ўпотай бегалі на «перакур” за прыпаркаваныя аўтобусы, іншыя ахвотна практыкаваліся са зброяй. Крыху саромеліся дзяўчаты, больш здымаючы будучых абаронцаў Айчыны на камеры. 
Паток яркіх успышак не спыніўся і ў вайсковай часці №48686, куды пазней «перадыслацыраваліся” экскурсанты. Тут яны павольна прайшліся па казарме і нават абмяняліся ўражаннямі аб сустрэчы з салдатамі. Бадай, самыя смелыя адправіліся да радыётэхнічнай пазіцыі праз заснежаную ўзлётную паласу. Патрымаць «ключы ад неба” ў наведвальнікаў спецаб’екта хоць і не атрымалася, аднак паназіраць за «паветраным рухам” з зямлі змог кожны.  
Развітваючыся з новымі сябрамі, шкадавалі хіба толькі аб адным – у салдацкай сталовай не пабывалі. Хтосьці з педагогаў успомніў, як раней тут частавалі смачнай кашай і духмянай гарбатай… Думку падхапілі дарослыя, а дзеці спакойна слухалі і час ад часу паглядвалі на гадзіннікі – да свайго абеду яны, ва ўсялякім разе, паспявалі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть