СТАРШЫНА
18 снежня пісьменніку Міколе Калінковічу споўнілася б 60 год…
Памяці сябра
Лета 1990 года. Позні вечар. Я збіраюся спаць, таму што раніцай з сям’ёй адлятаю на адпачынак у Дом творчасці пісьменнікаў у Піцунду. Мне нешта кепска, п’ю валяр’янку, у чарговы раз пераглядваю чамаданы і, нарэшце, забіраюся ў ложак. Летняя цішыня, якая, здаецца, вагаецца, нібы лотаць на лузе. Але мне неяк не па сабе. І пра гэта я ўспамінаю толькі праз шмат гадоў, на працягу якіх, нібыта аслеплены, аглушаны і нічога не магу зразумець.
А дваццаць трэццяй гадзіне ў маёй кватэры прагучаў рэзкі і доўгі званок. Я падумаў: “Якая яшчэ навалач збіраецца турбаваць, калі мне падымацца праз чатыры гадзіны…”. Падняў трубку. Вельмі спакойны мужчынскі голас спытаў:
– Гэта Віктар Супрунчук?
– Так, – адказаў я.
– Коля Калінковіч загінуў. Учора… – і доўгія гудкі.
Я стаяў ля тэлефона на каленях і няўцямна глядзеў на апарат, нічога не разумеючы. Сэнс слоў да мяне не даходзіў. Праз нейкае імгненне нібыта прачысцілася мая мазгаўня і дайшло: загінуў Мікола. Мой сябра. Мікола Калінковіч.
Мы з ім, як кажуць, трымалі сувязь увесь час пасля заканчэння універсітэта. Перад маімі вачыма ліст, што я атрымаў ад яго 10 мая 1989 года:
“Віктар, прывітанне! Прачытаў у “Настаўніцкай газеце” твайго “Касіянера”. Малайчына. Прачытала з цікавасцю і жонка. Мы рады за цябе. Ад сэрца віншую. Бачу новую якасць тваёй творчасці, трансфармацыю тых здабыткаў моўнага, стылявога, партрэтнага, пачуцёвага, сітуацыйнага і іншага плану, якая ў цябе была бачна ўжо ў першых апавяданнях-творах, – зараз – на новай вышыні, больш якаснай, змястоўнай, поўнай, мастацкай. Па-сапраўднаму – мастацкай! …Гэта ўрэшце – праца. І яе здабыткі…
Не спыняцца! Так і працягваць. Калі выйдзе раман? Не забудзь і пра мяне…
Далей вось якая справа. Ці зможаш, Віктар, ты мне напісаць што-небудзь пра “Братэрства” (выходзіў такі штогадовы зборнік у “Мастацкай літаратуры”. – Аўт.) і яго выхады? У мяне ёсць надта добры матэрыял пра таленавітага і цудоўнага чалавека, паэта Керыма Курбанепесава (з ім пазнаёміўся ў Ашхабадзе, памятаеш, дзякуючы табе і палкоўніку Д.Я. Післякову). Керым заўчасна пайшоў ад нас у 1988 годзе. Не было яшчэ і 60-ці. Керыму я многім абавязаны. І вось свайго роду ўспаміны пра яго, погляд на творчасць, пра беларуска-туркменскія сувязі мне і хацелася б прапанаваць “Братэрству”. Можа, і “Полымя” б узялося? Зараз перадрукоўваю начысцютка – старонак усіх 50-60 атрымалася: “Керым Курбаннепесов. Таким я его знал”. Рубрыка – “Страницы записных книжек”. Там вядзецца гаворка пра М. Танка, Н. Гілевіча, А. Жука, П. Панчанку… Яны сябравалі з ім, ліставаліся, ёсць кнігі з аўтографамі. Парай, калі ласка. Трэба ў Беларусі абавязкова надрукаваць пра гэтага цудоўнага чалавека і паэта…”.
Мы з ім разам паступалі на факультэт журналістыкі. Памятаю яго дужую постаць у ваеннай форме з пагонамі старшыны. Ён вельмі прыгожа смяяўся, пабліскваючы металічным зубам “фіксай”, і амаль адразу пасябраваў з усімі аднакурснікамі. Энергія ў ім, здавалася, ажно кіпела. Не траціў дарэмна ніводнай хвіліны. Нешта пісаў, апантана гуляў у футбол. Аказваецца, меў першы ці другі разрад па гэтым віду спорту і часта выступаў за каманду Лунінца, не памятаю, якую назву яна тады мела.
Канечне, зазіраліся на Міколу нашыя дзяўчаты, але мы ведалі, што ў яго была каханая. Света, Святлана… Яна вучылася ў медыцынскім інстытуце. Мусіць, на другім курсе яны згулялі вяселле. Я таксама на ім быў. Прыгожае палесскае вяселле…
Неяк ён сказаў мне, што едзе ў Ленінград. Хоча даследаваць цікавейшы факт: у час Першай сусветнай вайны вялікі рускі паэт Аляксандр Блок служыў на Палессі. Вочы ў Міколы гарэлі, ён ужо ўвесь жыў гэтай тэмай. Вельмі часта ехаў у Ленінград, працаваў у бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына. Знайшоў там унікальныя дакументы пра Аляксандра Блока, якія былі невядомыя дагэтуль. Праца Міколы стала сапраўдным адкрыццём. Ён напісаў кнігу “Палесскія дні Блока”. Лёс у яе быў не просты. Выдаваць кнігу не хацелі…
Пасля заканчэння універсітэта Мікола некаторы час працаваў у лунінецкай раёнцы. Неспадзеўкі ў горадзе з’яўляецца карэспандэнт часопіса “Огонёк”, які быццам выпадкова знаёміцца з Калінковічам. Мікола, шчырая душа, расказвае пра сваю работу, пра тое, што знайшоў у Ленінградзе. І дае, як цяпер разумею, журналісту для знаёмства рукапіс кнігі. Праз некаторы час у некалькіх нумарах часопіса “Огонёк” з’яўляюцца вялікія матэрыялы аб невядомых старонках жыцця Блока за подпісам маскоўскага журналіста, як яго адкрыццё. І толькі напрыканцы публікацый маленькая заўвага: гэтай тэматыкай таксама займаецца малады журналіст з беларускага гарадка Лунінец Мікола Калінковіч.
Кніга “Палесскія дні Аляксандра Блока” пасля выйшла, але без тых найбольш цікавых старонак, якія “запазычыў” масквіч.
Мікола быў членам партыі. Як вядома, партыйныя рэвізоры рэгулярна правяралі правільнасць уплаты ўзносаў. І вось пасля чарговай праверкі высветлілася, што студэнт Калінковіч не даплаціў некалькіх рублёў. Гэтае пытанне пачалі разглядаць на партыйным сходзе факультэта журналістыкі. І тут стала вядома, што Мікола адначасова працаваў у рэдакцыі “Сельскай газеты” (цяпер “Беларуская ніва”), шматтыражцы “Савецкі медык”, гуляў за футбольную каманду Лунінца і яшчэ нешта рабіў. Гэта не лічачы таго, што з’яўляўся студэнтам дзённага аддзялення. У “Сельскай газеце” ён часта друкаваў бліскучыя артыкулы пад рубрыкай “Карэспандэнт выехаў на месца”. Што б Мікола ні рабіў, усё атрымлівалася таленавіта. Дарэчы, на тым сходзе я выступіў у яго абарону, і страла гневу пайшла на мяне. Мне здаецца, сяброўства з Міколам стала яшчэ мацнейшым.
Пасля размеркавання я застаўся працаваць у Мінску, а Калінковіч паехаў на радзіму. Займаў пасаду намесніка рэдактара раённай газеты. Адчуваў ён сябе не дужа камфортна. Па словах Міколы, у яго былі не зусім добрыя адносіны з адным з сакратароў райкама партыі. Яму было псіхалагічна няўтульна. Хацелася нейкіх змен, штосьці іншага, большага. У творчасці і, магчыма, у жыцці. “Палесскія дні Аляксандра Блока” напісаны, пакуль не надрукаваны. Што наперадзе, невядома. І гэтая сустрэча была з аднаго боку нечаканай, а з другога – прадказальнай. Яго запрашаюць у Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
Ён вучыцца год у Мінску. Мы часта з ім сустракаемся, гаворым аб літаратуры. Наогул, пра жыццё. Ён ужо разачараваны, шкадуе аб сваім учынку. Савецкі Саюз увёў войскі ў Афганістан. Туды накіроўваюць усё больш і больш людзей. Молах вайны набірае сілу.
Аднымі з першых у Афганістане апынуліся чэкісты з сярэднеазіяцкіх рэспублік. І гэта зразумела, калі ўспомніць склад насельніцтва гэтай краіны. Так, напрыклад, у Камітэце дзяржбяспекі Туркменіі атрымалася шмат вакансій. Іх трэба было запоўніць. У Маскве прымаюць рашэнне накіраваць амаль увесь Міколаў выпуск у Туркменію. У тым ліку, зразумела, і яго.
Мы сустракаемся з Калінковічам летнімі днямі 1980 года. Ён усхваляваны, шкадуе, што пайшоў служыць у КДБ. Але назад дарогі няма. Ён вымушаны ехаць з роднага краю ў невядомую і далёкую Туркменію. Я спачуваю яму. Што можна параіць, чым дапамагчы? І раптам успамінаю, што ў мяне ёсць добры прыяцель, цудоўны чалавек Дзмітрый Яфімавіч Післякоў. Я з ім працаваў пасля заканчэння універсітэта некаторы час у шматтыражнай газеце “Электрон”. Ён – былы ваенны журналіст, палкоўнік у адстаўцы. Прайшоў вайну, шмат гадоў аддаў арміі. У Мінск прыехаў з пасады намесніка рэдактара газеты Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі. Гэта быў вельмі кантактны, шчыры чалавек. Ён з’яўляўся заслужаным работнікам культуры ўсіх сярэднеазіяцкіх рэспублік і Казахстана. З ім сябравалі многія партыйныя і дзяржаўныя дзеячы, найбольш вядомыя пісьменнікі, артысты, мастакі, журналісты гэтага агромністага рэгіёну. Ён здолеў зразумець душу людзей спякотнага азіяцкага краю, які быў для яго амаль сапраўднай радзімай.
І вось мы ўтрох сядзім у невялічкім кафе ў Мінску на вуліцы Якуба Коласа. Думаем, як наладзіць Міколу жыццё ў далёкай Туркменіі. Дзмітрый Яфімавіч упэўнена гаворыць: усё будзе ў парадку. Маўляў, ягоныя сябры сустрэнуць як самага дарагога і блізкага чалавека. Ён піша для Міколы рэкамендацыйныя пісьмы, якія той павінен перадаць у Ашхабадзе. Пасля Калінковіч мне гаварыў, што гэтыя пісьмы адыгралі сапраўдную магічную ролю. Дзякуючы ім, Мікола адразу стаў сваім чалавекам у Сярэдняй Азіі. Яны адчынілі яму шмат якія патрэбныя дзверы. Усход, як кажуць, справа тонкая…
У Ашхабадзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Там ён выдаў кнігі “Не обрывается земная связь”, “Имя твое – Свобода”, “Возвращение рассветной рани”, “Не должен неизвестным быть солдат”… На туркменскім радыё паставілі п’есы “Ліпенскае зарыва”, “Камісар Закаспія”… Піша пра далёкую грамадзянскую вайну, барацьбу з басмачамі. І, канечне ж, пра чэкістаў. Знаходзіць у архівах імёны землякоў, якіх лёс закінуў на зямлю Закаспія. Творы дакументальныя, напісаны добрым мастацкім словам, чытаеш як гістарычны дэтэктыў. Праца над кнігай пра Аляксандра Блока дала Міколу выдатны вопыт работы над дакументамі. Ён навучыўся арганічна канструяваць аўтарскі вымысел і праўду гістарычнага матэрыялу. У прадмове да кнігі “Не обрывается земная связь” лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Туркменіі імя Махтумкулі пісьменнік Валянцін Рыбін так пісаў аб творы Калінковіча: “Скрупулёзная, настойлівая, часам дэталёва-прыдзірлівая праца аўтара над архіўнымі дакументамі, іх зборам, разуменнем дазволіла вобразы камісараў Закаспія стварыць такімі, якімі яны былі ў жыцці…”. У сваім надпісе на кнізе Мікола для мяне пакінуў такія радкі: “…З надзеяй, што зямная сувязь між намі ніколі не парвецца…”.
У Ашхабадзе ў яго было шмат сяброў, але моцна цягнула на радзіму, хацелася дыхаць родным паветрам, часцей бачыць родных, бацькоў.
У 1986 годзе я ў камандзіроўцы ў Маскве. Нейкі семінар нарысістаў (я ўзначальваў аддзел нарыса часопіса “Полымя”). Натуральна, начаваў у Міколы. Ён на гэты час перабраўся ў Маскву, вучыўся ў аспірантуры Вышэйшай школы КДБ. Жыў у Цёплым Стане.
У той час у Мінску ў магазінах было пуста. Тады першым сакратаром Маскоўскага гаркама партыі быў Ельцын, які прымусіў кіраўніцтва ўсіх рэспублік (натуральна падзейнічаў на Гарбачова) праводзіць штотыднёвыя харчовыя кірмашы ў Маскве, пастаўляць як мага больш прадуктаў у магазіны, вядома, абмяжоўваючы патрэбы свайго насельніцтва.
Зайшоўшы ў краму ля дома, дзе жыў Мікола, я ўбачыў адэскую каўбасу, замарожаную шчуку, рознае мяса і тавары, якіх тады не было ў Мінску. Купіў 6 кілаграмаў адэскай каўбасы вытворчасці з маёй радзімы (Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць). Увечары мы пасядзелі за сталом з усёй сям’ёй Колі, гаварылі.
Худзенькая, невысокага росту, верная жонка Света, якая падаравала дзвюх дачок, сядзела побач. Мы разам многае ўспаміналі і планавалі нешта, што, магчыма, некалі збудзецца. Мікола гаварыў, што захапіўся постацю Уладзіміра Самойлы, выдатнейшага пісьменніка, біяграфія і творчасць якога неразрыўна звязаны з Янкам Купалам.
Раніцаю прачынаюся, а жонка Міколы Святлана смяецца, ажно заходзіцца… У іх быў вялізны кот. Сваю сумку з каўбасою я пакінуў у калідоры, а кот на працягу ночы, прываблены смакатою, прагрыз маю сумку з нейлонавай тканіны і, натуральна, пагрыз амаль ўсю смакату. Мы рагаталі, а кот назіраў за намі…
Званок. Ён прылятае з Тбілісі (атрымаў пасаду начальніка кафедры школы КДБ пасля заканчэння маскоўскай вучобы і абароны на званне кандыдата гістарычных навук) у Мінск. Запрошаны ў якасці члена камісіі па прыёму экзаменаў.
Мы сустракаемся ў атэлі “Беларусь”. Прысутнічаюць яшчэ некалькі чалавек. Мы размаўляем… П’ем грузінскае віно. Мінае зусім мала часу. Я амаль правожу яго на самалёт… І званок. Колі няма…
У кожнай гісторыі ёсць свае таямніцы. Тое, што здарылася з Міколам, адышло ў Сусвет. Аднак боль ад страты сябра застаецца назаўсёды…
Віктар СУПРУНЧУК, пісьменнік, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа.