СТАРТ ДАДЗЕНЫ
Дэлегацыя Лунінеччыны брала ўдзел у Першым
беларуска-латвійскім форуме гарадоў-пабрацімаў. У Наваполацку пабывалі старшыня
раённага Савета дэпутатаў Віталь Адзішчаў, намеснік дырэктара ААТ
“Палессеэлектрамаш” па камерцыйных пытаннях Андрэй Мазько і дырэктар КУП
“Лунінецкі рамонтна-механічны завод” Анатоль Волк.
Сёння форум расцэньваецца, як унікальная падтрымка
беларусаў латышамі. Нягледзячы на жорсткія санкцыі супраць нашай краіны з боку Еўрапейскага саюза, на форум прыехалі
больш як 150 прадстаўнікоў мясцовых органаў Латвіі. У ходзе работы заключана
каля двух дзесяткаў пагадненняў аб партнёрстве. Больш сяброў стала і ў Лунінца.
У перспектыве будуць мацнець сувязі паміж Лунінецкім райвыканкамам і Лімбажскім
краявым самакіраваннем.
Віталь АДЗІШЧАЎ, старшыня райсавета:
– Сярод пабрацімаў Лунінца ўжо ёсць Палеск
(Калінінградская вобласць, РФ), Пілава (Польшча), Сярэдняя Ахтуба
(Валгаградская вобласць, РФ), Шэнефельд (Германія). Цяпер спіс павялічыўся. З
прапановай заключыць партнёрскае пагадненне выступіла Лімбажскае самакіраванне
з Латвіі. Спадзяемся, што паміж нашымі тэрыторыямі паявяцца трывалыя
эканамічныя і культурныя сувязі. Мяркуем запрасіць на Лунінеччыну дэлегацыю з
Латвіі з тым, каб яны на месцы маглі ўпэўніцца ў сур’ёзных намерах лунінчан
пашыраць стасункі з рэгіёнам Прыбалтыйскай рэспублікі.
Андрэй МАЗЬКО, намеснік дырэктара ААТ “Палессеэлектрамаш”
па камерцыйных пытаннях:
– Мерапрыемства было дастаткова прадстаўнічым.
Удзельнікаў віталі старшыні Мінскага і Віцебскага аблвыканкамаў Барыс Батура і
Аляксандр Косінец, а таксама пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка.
Форум стаў яскравым пацверджаннем таго, што бізнес – як магутная рака шукае
сваё рэчышча, нягледзячы на знешнія перашкоды. Яно і насамрэч, хіба можна
штучна спыніць імкненне людзей да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва?
Вось і мы са свайго боку прапаноўвалі патэнцыяльным
партнёрам шляхі магчымых стасункаў. Латвійскія сябры са здзіўленнем даведаліся,
што ў Лунінцы ёсць прадпрыемства па выпуску запатрабаванай на знешнім рынку
прадукцыі, некаторыя віды якой сертыфікаваны па еўрапейскіх стандартах.
Зацікавіла іх перспектыва ўваходу “Палессеэлектрамаша” ў металургічны холдынг,
а таксама сама чыгуналіцейная
вытворчасць і цэх каляровага ліцця. Мы разумеем, што тут могуць быць цікавыя
для нашага прадпрыемства прапановы. Старт дадзены, і цяпер трэба мэтанакіравана
працаваць над увасабленнем задуманага ў жыццё.
Увогуле, варта сказаць, што сустрэчы ладзіліся не толькі
з прадстаўнікамі латвійскіх рэгіёнаў. Удзел у рабоце форуму браў прадстаўнік
адміністрацыі Прэзідэнта Казахстана. Яго таксама зацікавілі лунінецкія
электрарухавікі. Неаднаразова гучала меркаванне, што беларуская прадукцыя
вызначаецца добрай якасцю і амаль заўсёды мае перавагу перад аналагамі з Кітая,
які актыўна імкнецца заваяваць казахстанскі рынак.
З многімі
удзельнікамі форуму абмяняліся тэлефонамі, электроннымі адрасамі. Зараз
пачалі паступаць першыя прапановы. Усе, з кім у ходзе работы давялося
абмяркоўваць праблемы, разумелі, што будучае – за такімі сустрэчамі і
стасункамі на практычным узроўні.
Анатоль ВОЛК, дырэктар КУП “Лунінецкі рамонтна-механічны
завод”:
– Пасля такіх мерапрыемстваў можна гаварыць толькі пра
тое, што дарога пракладзена і трэба па ёй ісці. Наша прадпрыемства прапаноўвае
тэхніку сельскагаспадарчага прызначэння, але і яна не засталася без увагі.
Спадзяюся, што ў недалёкім будучым пройдзе абмен дэлегацыямі, у ходзе якога
можна будзе больш канкрэтна абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва з латышамі.
Мы гатовы разглядаць любыя варыянты: будзь гэта пастаўка нашай прадукцыі ці
арганізацыя сумеснай вытворчасці на базе нашага прадпрыемства.
Таццяна ПЯТРОВА.