СТРАТЭГІІ – розныя, МЭТА – адна

Па праграме развіцця міжнароднай даследчай і інфармацыйнай сеткі па Чарнобылю (ICRIN) у Гомелі адбыўся семінар «Жыццё на тэрыторыях, якія пацярпелі ў выніку аварыі на ЧАЭС: погляд у будучыню”. Перад журналістамі выступілі прадстаўнікі шэрагу краін.

На падставе аглядаў вынікаў даследаванняў чарнобыльскіх наступстваў для здароўя ліквідатараў, эвакуіраванага насельніцтва і людзей, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, аб медыцынскіх аспектах паведаміў Якаў Кенігсберг – урач, доктар біялагічных навук, прафесар, удзельнік ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС у 1986 годзе. Ён узначальвае Нацыянальную камісію па радыяцыйнай абароне пры Савеце Міністраў, загадвае лабараторыяй радыяцыйнай бяспекі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіены Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Сведчанне яго прафесійнага аўтарытэту – прызнанне экспертам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (ВОЗ), Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), Навуковага камітэта ААН па дзеянню атамнай радыяцыі (НКДАР).

Такім жа ўплывовым міжнародным дзеячам з’яўляецца Ежы Асяцінскі, які прааналізаваў сацыяльна-эканамічныя наступствы аварыі на ЧАЭС. Доктар эканамічных навук, прафесар Інстытута эканомікі, Кіраўнік навуковага савета, член Эканамічнага Камітэта Польскай акадэміі навук, эксперт ПРААН па пытаннях эканамічнага развіцця і Мэтах развіцця тысячагоддзя, ён узначальваў Міністэрства фінансаў Польшчы, атрымаў званне Міністра фінансаў года ў Цэнтральнай Еўропе за перыяд 1992-1993 гг. Цяпер больш як 15 год працуе саветнікам урадаў Балгарыі, Македоніі, Румыніі, а таксама Казахстана, Кіргізіі, Малдовы, Туркменіі, Узбекістана, Украіны па фінансава-бюджэтнай палітыцы, сістэме падаткаабкладання і эканамічных рэформах.

Радыялагічныя і экалагічныя аспекты аварыі на ЧАЭС былі ў цэнтры ўвагі Валерыя Кашпарава – дырэктара Украінскага НДІ сельскагаспадарчай радыялогіі Нацыянальнага ўніверсітэта біярэсурсаў і прыродакарыстання Украіны. Доктар біялагічных навук, кандыдат фізіка-матэматычных навук, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны, ён уваходзіць у склад Нацыянальнай камісія па радыяцыйнай абароне насельніцтва Украіны. Вучоны спыніўся на чарнобыльскіх наступствах для навакольнага асяроддзя і насельніцтва; паведаміў аб узроўнях забруджвання тэрыторыі і сельгаспрадукцыі, дозах апраменьвання насельніцтва, аднаўленчых мерапрыемствах; прывёў рэтраспектыўныя дадзеныя, пазнаёміў з сучаснай сітуацыяй і перспектывамі.

Пры выкладанні асаблівасцей нацыянальных стратэгій рэабілітацыі забруджаных тэрыторых у Беларусі, Расіі і Украіне прыемна было адзначыць, што ўсе спецыялісты лічаць беларускі вопыт найбольш сістэмным, мэтанакіраваным, істотным.

З прапановамі забеспячэння здаровага развіцця дзяцей на тэрыторыях, пацярпеўшых ад аварыі на ЧАЭС, выступіла Элеанора Капітонава – доктар медыцынскіх навук, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека (1998-2009). Урач-педыятр вышэйшай катэгорыі, была лаўрэатам прэміі імя М.С. Маслава АМН СССР. У рамках навуковай дзейнасці вывучае здароўе дзяцей, якія пражываюць ва ўмовах экалагічнай рызыкі.

Пытанне развіцця сацыяльнай сферы ў рэгіёнах, пацярпеўшых ад чарнобыльскай бяды, праілюстравала экскурсія ў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў, культурна-спартыўныя ўстановы буйнейшага абласнога цэнтра краіны. Надзвычай уражваючай была паездка ў Веткаўскі раён. У адселенай вёсцы Беседзь дамы жыхароў знесены (за выключэннем аднаго), а на іх месцы высаджаны лес. У вёсцы Хальч у будынку магазіна, які доўгі час не выкарыстоўваўся, летась абсталявана спартыўная зала. Мясцовая аматар гульні ў настольны тэніс падрыхтавала праект, які прафінансавалі міжнародныя арганізацыі. За год вясковыя дзеці сталі чэмпіёнамі вобласці і займаюць прызавыя месцы ў рэспубліцы. Усеагульнае захапленне выклікала наведванне музея народнай творчасці г. Ветка. Горад, утвораны стараверамі, экспануе шэдэўры старажытных пісаных і вышытых ікон, ручнікі няглюбскай школы, старадрукі. Хаця пасля адсялення раён страціў палову населеных пунктаў, няма сумнення, што людзі, захаваўшыя каштоўнасці мінулага, вартыя годнага будучага.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть