СТРАТЭГІЯ І ТАКТЫКА Ў ЖЫВЁЛАГАДОЎЛІ

У ходзе абласнога семінара з удзелам першага намесніка старшыні аблвыканкама Якава Бухавецкага, старшыні аблсельгасхарчу Сцяпана Радкаўца і яго намесніка па жывёлагадоўлі Сяргея Буткевіча ішла дзелавая, прынцыповая размова аб дзейнасці сельскагаспадарчых арганізацый Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў па развіцці жывёлагадоўлі, вытворчасці малака, паляпшэнні паказчыкаў рэалізуемай жывёлагадоўчай прадукцыі. Кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, прадстаўнікі райсельгасхарчу, наведалі сучасную малочнатаварную ферму СВК “Вулькаўскі світанак” у в. Галы Бор.
Перад пачаткам экскурсіі сабра- ліся ў Вулькаўскім СДК, дзе агучылі вынікі інспекцыйных праверак ветерынарнай і племянной службаў вобласці. У сваім выступленні галоўны ветэрынарны інспектар Брэстчыны Віктар Карповіч засяродзіў увагу на тым, што за 2012 год на Лунінеччыне павялічыўся падзеж буйной рагатай жывёлы. Ён склаў 147 працэнтаў у параўнанні з 2011-ым. Сумны прырост далі 11 гаспадарак з 16-ці. Часцей сталі рэгістравацца выпадкі мёртванароджаных цялят. У ліку прычын, якія спрыялі такой сітуацыі, – нізкая эфектыўнасць лячэння, дрэннае дзяжурства (асабліва начное) пры прыёмцы нованароджаных, няякасная мыйка абсталявання. Ёсць і кадравыя праблемы. Так, на ўсе гаспадаркі – толькі адзіны ветэрынарны гінеколаг, яшчэ 2 – у раённай групе. 
Не заўсёды своечасова звяртаецца ўвага на хворых на мастыт кароў, якія ўтрымліваюцца побач са здаровымі, што недапушчальна. Разам з хваробамі канечнасцей гэта – адна з асноўных прычын выбракоўкі кароў, асабліва на фермах з бяспрывязным утрыманнем жывёлы. Прыкра тое, што для абрэзкі капыт набылі неабходнае абсталяванне, аднак яно не выкарыстоўваецца, як і пастэрызатары малака ў асобных гаспадарках. Сяргей Буткевіч запатрабаваў, каб пачатыя справы не пакідаліся на паўшляху, а даводзіліся да канца.
Што датычыць кармоў, якія таксама адыгрываюць не апошнюю ролю ў жывёлагадоўлі, то яны, на жаль, сёлета не вызначаюцца якасцю. Структура рацыёна патрабуе, каб у кароў былі грубыя, сакавітыя, канцэнтраваныя, а кормяць часцей сіласам і сенажом. У выніку рацыёны не збалансаваныя па пажыўных рэчывах, а адсюль – і невялікі выхад прадукцыі. Сярэднясутачныя прывагі рамонтных цялушак у раёне склалі 578 грамаў, што ніжэй за абласны паказчык (633 грамы).
Не спяшаюцца з асемяненнем. За 20 дзён гэтага года 820 кароў падвергліся гэтай працэдуры. Што датычыць цялушак, то іх асемянілі толькі 320 пры заданні 640.
Дырэктар РУП “Абласная лабараторыя па вызначэнню якасных паказчыкаў малака” Галіна Калаур заклікала кіраўнікоў гаспадарак да больш плённага супрацоўніцтва. Пакуль толькі 11 гаспадарак Лунінеччыны перыядычна прывозяць на аналіз пробы малака для вызначэнне тлустасці, бялку і саматычных клетах. Вынікі не вельмі радуюць.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі іншыя важныя напрамкі далейшага развіцця жывёлагадоўлі, работы па паляпшэнню паказчыкаў рэалізуемай прадукцыі. Акрэсліўшы задачы на бягучы год, Сяргей Буткевіч прапанаваў наведаць малочнатаварную ферму на 700 галоў у Галым Бары.
Тут намеснік старшыні СВК “Вулькаўскі світанак” па жывёлагадоўлі Сяргей Паўловіч падрабязна расказаў пра тэхналогію ўтрымання жывёлы.       Удзельнікі семінара наведалі малочна-даільны блок і той, дзе знаходзяцца першацёлкі да 100 дзён лактацыі з надоем звыш 16 літраў, радзільны бокс і прафілакторый. МТФ у Галым Бары можна лічыць узорнай. Менавіта да стварэння такіх аб’ектаў жывёлагадоўлі павінны імкнуцца ў кожнай гаспадарцы, тады і вынік будзе відавочны і праблем значна менш.
Падчас пленарнага пасяджэння, якое праходзіла ў кінатэатры “Кастрычнік”, Якаў Бухавецкі паведаміў, што падобныя планавыя мерапрыемствы адбыліся ўжо ў Кобрынскім, Баранавіцкім і Пінскім раёнах. У параўнанні з імі Ганцавіцкі і Лунінецкі – сапраўдныя аўтсайдэры ў плане развіцця малочнай жывёлагадоўлі. Найбольш балючая праблема галіны – узнаўленне статка. Дапушчаныя пралікі адмоўна ўплываюць не толькі на фінансавае становішча гаспадарак, але і нараджаюць праблемы ў перапрацоўшчыкаў.  Вывучыўшы даведкі прадстаўнікоў камітэта аблсельгасхарчу па выніках праведзеных у раёнах праверак, Якаў Адамавіч так і не знайшоў адказ на галоўнае пытанне, чаму не далі прыплоду ўсе жывёліны, якіх асемянілі? Адказаць на яго дакладна не здолелі і прысутныя ў зале спецыялісты. 
Сярод нюансаў, з якіх складаецца паспяховасць работы жывёлаводаў, не апошняе месца займае якасць малака. Найбольш негатыўна на гэты паказчык уплываюць хваробы вымені жывёлы. У малацэ яны праяўляюцца  высокім ўтрыманнем саматычных клетак. Між тым, змагаюцца з гэтай заганай у гаспадарках даволі цікавым метадам – ачышчаюць прадукцыю пры дапамозе сепаратараў. Пайшоўшы па лёгкаму шляху, спецыялісты перастаюць удзяляць увагу здароўю жывёлы, яе лячэнню. Вось і атрымліваецца, што на некаторых фермах вобласці захворваемасць кароў мастытамі дасягнула крытычнай рысы. Ведаючы сітуацыю з якасцю малака ў гаспадарках Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў, Якаў Адамавіч звярнуў увагу дырэктараў перапрацоўчай прамысловасці на тое, што яны часта беспрынцыпова праводзяць прыёмку сыравіны. А кіраўнікі гаспадарак былі папярэджаны, што прымяненне сепаратараў на фермах у далейшым бу-дзе строга карацца.
Другім не менш важным пытаннем была мадэрнізацыя фермаў і пераход на бяспрывязнае ўтрыманне. Тут, у прыватнасці, асаблівую ўвагу ўдзялілі  камп’ютарнаму кіраванню статкам. Каб вызначыць эфектыўнасць электроннай сістэмы, прааналізавалі сітуацыю на розных фермах: там дзе яна працуе і там, дзе пакуль не наладжана.  З прыведзеных прыкладаў, а іх было няшмат (СВК “Вулькаўскі світанак”, “Хваецкае”, “Лунінскі”, КУП “Міжлескае”), можна было зрабіць вынік, што ў нашых умовах пакуль яшчэ эфектыўнейшым застаецца чалавечы фактар. Як заўважыў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, лепшы вынік дасягаецца там, дзе разам са спецыялістамі па ўзнаўленню статка згуртавана працуе калектыў жывёлаводаў і ёсць матэрыяльная матывацыя працы.  
Вызначаных тэм прытрымліваліся ў сваіх выступленнях і кіраўнікі райсельгасхарчаў Ганцавіцкага і Лунінецкага раёнаў Юрый Лелес і Сяргей Бойка. Яны таксама агучылі праблемы, існуючыя ў рэгіёнах, і акрэслілі шляхі іх выпраўлення. 
З месцаў былі заслуханы некаторыя кіраўнікі гаспадарак як нашага так і суседняга раёна. Разам з іншымі справаздачу трымаў і старшыня СВК “Дварэцкі” Анатоль Кіндрук. Зніжэнне надояў і выхаду цялят у разліку на 100 кароў, парушэнне санітарных нормаў утрымання жывёлы на Ракітнянскай ферме ён растлумачыў вакантнасцю пасады галоўнага заатэхніка, а зніжэнне прываг свіней – недахопам камбі-кармоў для бесперабойнага кармлення. На што Якаў Бухавецкі рэкамендаваў дасканала вывучыць ураджайнасць ніў за апошнія 5 год і ўнесці карэктывы ў севазварот, павялічыўшы долю збожжавых і зернебабовых такім чынам, каб свайго зерня хапала для забеспячэння пагалоўя. Недапушчальнай намеснік старшыні аблвыканкама назваў сітуацыю са станам пашы ў “Дварэцкім”, якая не перазалужалася на працягу апошніх 7 год. 
У ходзе пасяджэння былі разгле-джаны і многія іншыя праблемы, ад якіх залежыць паляпшэнне сітуацыі ў жывёлагадоўлі.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть