СУБОТНІК ПАЧЫНАЎСЯ НА ЧЫГУНЦЫ

Прадстаўнікі старэйшага пакалення памятаюць, што ініцыятарамі бязвыплатнай працы на карысць грамадства былі рабочыя паравознага дэпо Масква-Сартавальная.

З таго часу прайшло больш як 90 год, але сучаснікі захоўваюць традыцыі чыгункі. Зменны рэжым работы машыністаў вызначыў іх удзел – на працягу года водзяць лакаматывы з адлічэннем сродкаў на рахунак суботніка.

16 красавіка каля 80-ці інжынерна-тэхнічных і работнікаў дапаможных службаў, якія маюць 5-дзённы працоўны тыдзень, дружна ўзяліся за добраўпарадкаванне. Наша прадпрыемства займае вялікую вытворчую тэрыторыю. Папрацавалі старанна, каб годна вытрымаць штогадовы аб’езд кіраўніцтва Беларускай чыгункі, які запланаваны ў маі.

Начальнік дэпо Аляксандр Кудраўцаў, галоўны інжынер Анатоль Жук і аўтар гэтых радкоў завяршылі пачаты на тыдні рамонт паліўнага ўчастка. За дзень пасцялілі новую падлогу, прыбілі плінтусы і пафарбавалі панелі. Улічваючы немалы аб’ём работ, пасля выканання сваіх загадзя вызначаных заданняў да нас падключыліся намеснік начальніка па рамонту Уладзімір Кавалец і майстар гаспадарчага ўчастка Вячаслаў Кіндрук. У канцы суботніка здавальняюча ацанілі справу сваіх рук, адзначыўшы, што ў панядзелак калектыў рамонтнікаў пачне працаваць у абноўленым памяшканні. Вока радавалі дагледжаныя кветнікі і кусты, аб якіх паклапаціліся нашы калегі.

Акрамя навядзення парадку, калектыў прадпрыемства пералічыў на рахунак суботніка каля 1 мільёна рублёў.

Аляксандр МАТОР, старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть