СУКВЕЦЦЕ гукаў, рухаў, фарбаў
як адлюстраванне сонечнасці мудрых традыцый і радаснага настрою дзяцінства
Такімі рысамі быў прасякнуты абласны семінар «Узаемадзенне ўстаноў адукацыі, дзяржаўных, грамадскіх структур і сям’і па фарміраванню сістэмы духоўна-маральнага, прававога і сямейнага выхавання”, які два дні працаваў у нашым раёне. Нябачнай, але трывалай ніццю звязвалі мінулае і будучыню сучаснікі – здольныя настаўнікі, якія ўдасканальваюць свае веды і ўменні і захапляюць імі вучням.
Вітаючы ўдзельнікаў семінара, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч адзначыў:
–Лунінеччына – край уражваючых спраў і таленавітых людзей, – і канкрэтнымі прыкладамі пацвердзіў свае словы.
Прадстаўнікі ўсіх раёнаў Брэстчыны і самога абласнога цэнтра спачатку скептычна ўспрынялі такую характарыстыку. Нездарма кажуць: лепш адзін раз убачыць… У справядлівасці пачутага пераканаліся пры наведванні шэрагу школ. Іх дырэктары, ва ўнісон з куратарам сацыяльнай сферы, таксама выказвалі словы ўдзячнасці таленавітым педагогам і вызначалі свае ўстановы адукацыі як лепшыя ў адпаведным напрамку. Але спачатку начальнік раа Валянціна Верас паведаміла аб поспехах у сферы адукацыі: летась радаваліся 2-ум месцам на рэспубліцы, сёлета 6 вучняў сталі пераможцамі рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, 1 – адзначаны «серабром” на міжнароднай.
Галоўны спецыяліст Таццяна Трэгубава пазнаёміла са шляхамі рознабаковага супрацоўніцтва ў мэтах, вызначаных семінарам. Выязная сустрэча пацвердзіла, што лунінецкія настаўнікі выхоўваюць патрыётаў Айчыны, якія шануюць нацыянальную спадчыну і займаюцца сучаснымі відамі мастацтва.
У Дзятлавіцкай СШ даведаліся пра маральна-этычнае выхаванне праз народную педагогіку (намеснік дырэктара Любоў Васільеўна Чарнавокая). Захапіла спевамі народнае аматарскае аб’яднанне «Світанак” мясцовага ЦСДК, у якім прымаюць удзел і настаўнікі, і вучні.
Такое ж вялікае захапленне выклікала канцэртная праграма дзіцячага ўзорнага фальклорнага ансамбля «Сунічка” ў СШ в. Вулька 1 (кіраўнікі Уладзімір і Людміла Калянковічы, Ганна Лазько). Сама школа ўразіла выставай лепшага мастака вёскі і яго юных паслядоўнікаў, заняткамі студыі выяўленчага мастацтва і гуртка з неперакладаемай назвай «Оч(ень)умелые ручки” (Іна Сергіевіч) – дзеці вырабляюць цудоўныя рэчы нават са… старых газет! 70-годддзю пачатка Вялікай Айчыннай была прысвечана паэтычна-музычная кампазіцыя «Рэха вайны” ў выкананні ўдзельнікаў літаратурнага гуртка (Ганна Кляўцэвіч).
Спалучэннем народнасці і сучаснасці захапіў харэаграфічны ансамбль «Зорачкі” Лунінскай СШ (Таццяна Лабко), а потым танцоры і іншыя вучні правялі экскурсіі па школе і краязнаўчым музеі з рэдкімі экспанатамі.
Тэарэтычны ўхіл семінара ўвасобілі праграмы яшчэ трох школ. У Язвінскай СШ зацікавілі кароткія, але ёмістыя прамовы: аб духоўна-маральным выхаванні вучняў на аснове праваслаўных традыцый і культуры (настаўніца пачатковых класаў Наталля Марза), аб падыходах да фарміравання напрамкаў светапогляду асобы (іерэй Сергій Чыж, настаяцель храма Перамянення Гасподняга). Дварэцкая яслі-сад-СШ дэманстравала сістэму ўзаемадзеяння сям’і і школы па выхаванню дзяцей і моладзі відэафільмам, пасяджэннем сямейнага клуба «Любоў і выхаванне” (класны кіраўнік Святлана Яраховіч), трэнінгам «Я і дзіця” (педагог-псіхолаг Валянціна Курган), прыцягнуўшы да занятку ўдзельнікаў семінара. Але і тут сустрэчы аздобілі мастацкімі хвілінкамі: у Язвінках удзельнікі лялечнага гуртка (кіраўнік Святлана Кіевіч) паказалі велікодную п’есу «Сонечны каравай”, у Дварцы бліснуў гумарыстычным талентам настаўнік музыкі Максім Янкевіч.
На другі дзень семінар працягнуўся ў СШ №4. З асаблівасцямі адукацыйна-выхаваўчага працэсу ў рамках прававых класаў пазнаёмілі дырэктар СШ №2 г. Мікашэвічы Галіна Сыцэвіч і яе намеснік Алена Вабішчэвіч. Аб прывіцці маральных якасцей асобы вучням праз арганізацыю здаровага ладу жыцця паведамілі гаспадары – дырэктар Ірына Дубянчук і яе намеснік Людміла Курчэня. Намеснік начальніка РАУС Аляксандр Антановіч спыніўся на пытанні фарміравання прававых ведаў вучняў і бацькоў. Супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з грамадскімі аб’яднаннямі адлюстраваў кіраўнік спартыўнага клуба ўсходніх адзінаборстваў сагабуда «Самурай” Дзмітрый Карасёў.
Усе ўстановы адукацыі праявілі сапраўдную палескую гасціннасць. Прадстаўнікоў раёнаў Брэстчыны сустракалі вершамі, песнямі, танцамі адразу на двары, дарылі караваі і сувеніры, вырабленыя дзіцячымі рукамі. Фае кожнай школы і цэнтра дзіцячай творчасці, адкуль пачаў шлях семінар, упрыгожвалі выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Да тэмы семінару дапасавалі багатыя (сапраўды велікодныя!) сталы, накрытыя мудрагелістымі (у Дзятлавічах) і народнымі (у Луніне) стравамі.
Шматлікія дасягненні мастацкі адораных вучняў і калектываў сведчаць, што нашы школы выхоўваюць гарманічна развітую асобу – растуць годныя грамадзяне дзяржавы. Пры падвядзенні вынікаў семінара начальнік цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы ДУА «Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі” Людміла Мемех папрасіла:
–Перадайце кіраўніцтву раёна: словы куратара сацыяльнай сферы цалкам адпавядалі сапраўднасці. Мае калегі – людзі вопытныя, нас цяжка чымсьці здзівіць. Але тое, што ўбачылі на Лунінеччыне, пераканала: педагогі, якія так аддана берагуць духоўную і культурную спадчыну, так клапатліва перадаюць яе вучням, вартыя і дыхтоўнай матэрыяльнай базы, што таксама зрабіла вялікае ўражанне, і яшчэ больш годнай будучыні, абрысы якой навідавоку.