СВЕТ У ДВУХ ВЫМЯРЭННЯХ

Юныя лунінчанкі – выхаванкі мастацкага аддзялення Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў Ксенія Трухнова і Юліяна Крук сталі прызёрамі рэспубліканскага конкурсу «Чарнобыль. Век ХХІ: Рана на сэрцы Еўропы”, які быў аб’яўлены беларускім аддзяленнем Беларуска-расійскага інфармацыйнага цэнтра.

Вучаніца 8 «Б” класа СШ №3 Ксенія ТРУХНОВА любіць занатоўваць на паперы свае фантазіі. Часцей за ўсё ў яе працах адлюстравана прыгажосць прыроды і незвычайных будынкаў. Яна займаецца ў 2 «Б” класе «художкі” ў выкладчыцы Валянціны Фёдараўны Трухановіч.

– Калі стварала чарнобыльскі вобраз, намалявала вока, у зрэнцы якога адлюстраваўся навакольны свет, – гаворыць дзяўчынка. – З вока капалі слёзы. Настаўніца параіла зрабіць іх у форме знака – папярэджання аб радыяцыі. Прыемна здзіўлена, што малюнкі пераможцаў і прызёраў, у тым ліку і мой, прадстаўлены ў Інтэрнеце…

Гэта праца адзначана дыпломам за ІІІ месца. У падарунак арганізатары падрыхтавалі каляндар і плакат, паперу для графікі, дыхтоўны фаліянт, дзе прадстаўлены прыхільнікі Беларускага саюза мастакоў. Гэта кніга – своеасаблівы падручнік па гісторыі жывапісу. Ксенія з радасцю аддаецца свайму захапленню, плён якога можа вызначыць яе будучыню.

Выпадкова далучылася да конкурсу вучаніца 6 «В” класа СШ №1 Юліяна КРУК. Яна залічана ў падрыхтоўчую групу, але на адным з заняткаў аказалася з першакласнікамі. Выкладчыца Надзея Віктараўна Верамеева прапанавала дзецям чарнобыльскую тэматыку, у якой паспрабавала свае сілы і дзяўчынка з такім рэдкім імем.

– Ідэю я спачатку абмеркавала з настаўніцай, – расказвае Юліяна. – Мая праца адлюстравала шахматную дошку, адна палова якой выканана ў маляўнічых танах – прырода, жывёлы, людзі, другая – у шэра-чорным колеры бяды: разбураны рэактар, забітыя окны дамоў, закінутыя сады.

– Гэтыя атрыбуты замянілі выявы шахматных фігур, у іх заключаны глыбокі сэнс, – удакладняе настаўніца. – У шахматах абдумваецца кожны ход. А жыццё – гэта не гульня, тым больш узважана трэба прымаць любое рашэнне…

– Не думала, што малюнак будзе вылучаны на такі вялікі конкурс, таму працавала без хвалявання, – усміхаецца дзяўчынка. – Мяне хваляць за графіку, але больш за ўсё люблю маляваць кветкі. Мару ў будучым стаць дызайнерам…

З Мінска дасланы дыплом і падарункі, сярод якіх – мастацкі альбом, фарбы, каляндар. Прыз глядацкіх сімпатый – гэта чайны кубачак са сподкам. Набору з пазалотай, які выкананы ў кітайскіх матывах, больш за ўсё абрадавалася Юліяна:

– Бабуля вельмі любіць прыгожы посуд – ёй спадабаецца…

Такія яны – здольныя мастачкі і добрыя дзяўчынкі!

Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть