СВЕТЛАЕ ІМЯ ТВАЁ…

Часам мы грашым на моладзь, што яна не такая шчырая і сумленная, якімі калісьці былі мы. На жыццёвым вопыце пераканаўся, што ва ўсе часы людзі былі і ёсць вельмі розныя. Сам 33 гады адпрацаваў у аўтапарку, з іх 10 – займаўся дастаўкай хлеба ў аддаленыя магазіны Чучавіцкай зоны. Як звычайна, грузілі машыны пад самую “завязку”. Гэта зараз людзі мала хлеба купляюць, а тады па 5-6 буханак бралі. 
Па дарозе частку тавару выгрузіў у Бастынскім магазіне, зачыніў дзверцы і паехаў далей, а “засоў”, як на зло, аказаўся ненадзейным. На адным з паваротаў крыху накрэніла машыну, хлеб з’ехаў да дзвярэй, і ад цяжару яны расчыніліся. Боханы пасыпаліся на дарогу. На чарговым павароце ў бакавым люстэрку заўважыў, што жанчына стала нешта падбіраць за машынай, але што канкрэтна, не разгледзеў. Праз некалькі кіламетраў мяне дагнаў вадзіцель грузавіка. Калі ён адкрыў кабіну, я ўбачыў там шмат боханаў. Зразумеў, што гэта толькі “кропля ў моры” ад таго, што згубіў. Вяртацца назад сэнсу не было, бо хлеб падабралі людзі. Урон давялося вяртаць з асабістага кармана…
А прыпомніўся гэты выпадак вось з якой нагоды. 6 сакавіка адправіла мяне жонка да аўталаўкі, якая дастаўляе ў нашу Сасноўку хлебазаводскую прадукцыю. Не лічачы, сунуў працягнутыя грошы ў кішэню і пайшоў. У аўталаўцы аказаўся апошнім пакупніком. Разлічыўшыся, стаў упакоўваць тавар. Машына пачала ўжо ад’язжаць і раптам рэзка спынілася. З кабіны выбегла маладзенькая прадавец і працягнула мне грошы. Аказваецца яна не адразу заўважыла, што замест адной тысячы рублёў я даў 50. Вы нават уявіць не можаце наколькі я быў узрушаны такім яе шчырым учынкам. Спытаў:
– Вы ж маглі забраць грошы сабе, але чаму не зрабілі гэтага? 
У адказ пачуў: 
– А як жа я буду жыць, падмануўшы вас. Мяне ж сумленне замучыць…
Колькі ні прасіў дзяўчыну назваць сваё прозвішча, не згадзілася. Калі на наступны дзень пабываў у Лунінцы, не паленаваўся, зайшоў у фірменны магазін хлебазавода, дзе і даведаўся, як клічуць сумленную дзяўчыну. Гэта Святлана Васільеўна Соц, прадавец магазіна “Хлеб”. Дзякуй, табе дарагая, за тое, што сваімі ўчынкамі ўмацоўваеш веру людзей у дабро і справядлівасць. Няхай твой прыклад сумленнай працы возьмуць на ўзбраенне ўсе прадаўцы. Ад гэтага усім нам стане святлей і цяплей не душы.
Мікалай НОВІК, в. Сасноўка.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть