СВЯТАЯ ТРАДЫЦЫЯ
ўсенародна адзначаць Дзень Перамогі ў чарговы раз сабрала
жыхароў райцэнтра і гасцей горада на плошчы Леніна. Расквечаная сцягамі,
транспарантамі, паветранымі шарамі, яна ўрачыста сустракала ветэранаў. З кожным
годам іх становіцца ўсё менш. І ад гэтага асабліва кранаюча гучалі словы
выступаючых.
Святым назваў дзень Перамогі старшыня райвыканкама Васіль
Агіевіч, бо няма нічога больш чалавечнага і высакароднага, чым несці ў сваіх
сэрцах удзячнасць тым, хто вытрымаў выпрабаванні вайны, з баямі дайшоў да
Берліна, прадэманстраваўшы бяспрыкладны ўзор мужнасці і адвагі. Васіль
Міхайлавіч прыгадаў вогненныя старонкі ваеннага ліхалецця на Лунінецкай зямлі.
За тры гады акупацыі наша малая радзіма заплаціла 19 000 жыццяў. Каля
2 000 землякоў не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай. Легендай застаецца
подзвіг партызанаў, якія самааддана дапамагалі каваць перамогу.
Застыла плошча ў хвіліне маўчання. І толькі пошчак
метранома адлічваў шчымлівыя імгненні. У
гэты дзень успаміны асабліва хвалююць ветэранаў. Звяртаючыся да сабраўшыхся,
удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Павел Дабрынец запэўніў, што народныя мсціўцы
да апошняга імгнення будуць імкнуцца заставацца ў страі, бо ніхто так праўдзіва
і дакладна не раскажа пра падзеі даўніны, як тыя, хто на сабе адчуў непамерны
цяжар і жудасць вайны. Памятаць, якой цаной заваявана шчасце, заклікаў Павел
Акімавіч падрастаючае пакаленне.
Ніхто не забыты і нішто не забыта. Менавіта з гэтых слоў
пачала сваё выступленне вучаніца 11 «Д” класа ліцэя Алена Вайцяхоўская. Ад імя
моладзі Лунінеччыны яна паабяцала не толькі трапятліва захоўваць памяць пра
вайну, але і добрымі справамі пацвярджаць разуменне адказнасці за будучае
краіны.
Афіцыйная частка свята завяршылася ўскладаннем вянкоў і
кветак да помнікаў загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне. Гучнае рэха разнесла па
наваколлю гукі 67-га мірнага салюта на беларускай зямлі.