“СВЯТЫ ВЕЧАР, ШЧОДРЫ ВЕЧАР…”
Раённае тэатралізаванае свята «Ідзе каляда, калядзіца”
прайшло ў Дрэбску.
Праўда, да маштабаў раённага яно так і не дацягнула.
Пэўным пасылам да такой гучнай назвы мог служыць хіба ўдзел у ім прыезджых
калектываў – аматарскага аб’яднання «Світанак” з Дзятлавіч і фальклорнага гурту
«Крынічанька” ГДК. Разам з удзельніцамі фальклорнага калектыву «Надзея” (на здымку) Гарадоцкага ЦСДК жанчыны стварылі гожае свята. Дзякуй ім!
Што да гледачоў, то імі, як і чакалася, у асноўным былі
жыхары Дрэбска, некаторыя з якіх лічаць сябе абдзеленымі ў сэнсе культурных
мерапрыемстваў. Праведзенае свята, у пэўным сэнсе, павінна было стаць
своеасаблівай кампенсацыяй.
Нягледзячы на холад (як у самім будынку бібліятэкі-клуба,
так і на вуліцы, дзе ўпершыню за доўгі час падмарозіла і выпаў сняжок), пявунні
па-мастацку прадставілі гледачам увесь рэпертуар – ад калядных песень да
папулярнай «Чаркі на пасашок”. Захопленыя іх адданасцю мастацтву і мужнасцю
выступаць на холадзе, жыхары Дрэбска не шкадавалі апладысментаў.
Вось толькі многія з вяскоўцаў так і не зразумелі, што
прапаноўвалі ім не свята вёскі, як думалі многія, а калядны абрад. Верагодна,
адбылося гэта таму, што, па задумцы сцэнарыстаў, мерапрыемства стала проста
канцэртам (хоць і з удзелам касцюміраваных герояў) і страціла галоўнае –
сутнасць любімай у народзе каляды.
— Гэтае свята якраз і вызначаюць вандроўкі з песнямі ад
хаты да хаты, дзе каляднікаў сустракаюць
гасцінныя гаспадары, — гаворыць акампаніятар гурта «Крынічанька” Валянціна Коваль.
– Менавіта тут у жартаўлівым дыялогу як нельга лепш праяўляецца сама сутнасць
калядавання, душа народа, а шчырыя пажаданні дабрабыту, вялікіх ураджаяў гучаць
вельмі шчырай і светлай ноткай. Менавіта таму калядоўшчыкаў чакаюць, ім заўсёды
рады.
Пасля святочнага «запалу” на ганку бібліятэкі-клуба свята
«ў народ» не пайшло і мела працяг у выглядзе маладзёжнай дыскатэкі.