Сасновы бор просіць літасці

Як захаваць для жыхароў адзін з прыгажэйшых куткоў Лунінца?

Гэта пытанне не падаецца рытарычным для Таццяны РАГАЛЕВІЧ, якая патэлефанавала ў рэдакцыю “ЛН”:

– Наш дом пабудаваны на вуліцы Юнацтва. У мяне трое дзяцей, з якімі неабходна гуляць на свежым паветры. Спачатку радаваліся: наваколле спрыяе лясным прагулкам. Але кожны год дадае ўсё больш і больш засмучэнняў.

Маладая мама расказала, што ва ўсе поры года прыцягваюць узгоркі былога польскага стрэльбішча. Зімой спуск аказаўся небяспечным. Хтосьці ўкраў люк, які закрываў адтуліну каналізацыі ля падножжа ўзвышша. Ад трапляння ў яе давялося вызваляць аўтамабіль суседа. Ён абгарадзіў небяспечнае месца галінкамі дрэў. Тэлефанаванні Таццяны Міхайлаўны ў камунальную службу, каб закрылі яміну новай накрыўкай, не былі пачуты.

– Але гэта бяда – паправімая, – гаворыць лунінчанка. – А што рабіць з засмечваннем лесу? Ва ўяўленні так званых “аматараў прыроды” на адпачынку трэба паліць кастры і смажыць шашлыкі. Смурод забруджвае гаючае сасновае паветра. Галоўная ж праблема – гэтыя “турысты” пакідаюць пасля сябе гурбы смецця. Няўжо на нядбайных людзей не знойдзецца ўправы?

У пошуках мер навядзення парадку звярнулася ў лясгас, каму належыць гэты ўчастак зялёнай зоны. Адзінае адрозненне Сасновага бору ад звычайнага лесу – забарона палявання.

Ляснічы Дварэцкага лясніцтва Павел ГНЕДЗЬКА падзяляе абурэнні жыхароў:

– Работнікі лясной аховы працуюць кожны дзень і да абеда – у суботу. Калі ж у панядзелак выходзяць на свае кварталы, бачаць столькі смецця, быццам тыдзень тут не былі. У іх ёсць фармальнае права караць парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства, але ж нельга ўстанавіць пост каля кожнай кампаніі. Калі ж спыняемся для папярэджання аб захаванні парадку, адны – проста зневажаюць, другія – запэўніваюць, што прыбяруць за сабой. Дзе потым іх шукаць? На каго скардзіцца?

Мае суразмоўнікі прапаноўвалі часцей пісаць пра недапушчальнасць забруджання лесу, каб тым, хто смеціць, стала сорамна. Між тым, нават санітарны стан гарадскіх вуліц і грамадскіх двароў цяпер трымаецца толькі на стараннасці дворнікаў! Але і ім не пад сілу ачысціць плошчу Леніна ад жаванай гумкі. І гэта “новае пакаленне” лунінчан робіць у цэнтры горада! Удалечыні ад людскіх вачэй, у тым жа лесе, мяркуючы па наступствах паводзін нашых юных (і не вельмі) жыхароў, яны не адпавядаюць нормам прыстойнага чалавека.

Ці не страцім Сасновы бор, калі будзем чакаць, пакуль суграмадзяне ўсвядомяць, што прырода – наш агульны дом, і, як і ўласныя кватэры, не будуць забруджваць лясы?

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть