Снежнае ВЫПРАБАВАННЕ

Нягледзячы на загадзя праведзеныя да зімы падрыхтоўчыя
мерапрыемствы, канец мінулага тыдня і пачатак гэтага стаў для камунальнікаў
сапраўдным экзаменам на трываласць.


Засыпаныя снегам вуліцы, двары шматкватэрных дамоў,
пляцоўкі для стаянак аўтамабіляў, слізкія тратуары, , — такім паўстаў у пятніцу
раніцай Заводскі мікрараён і вуліцы ў раёне магазіна “1000 дробязяў”. Не лепш
выглядалі Залессе і Сельгастэхніка. Дапаўнялі непрывабны малюнак кантэйнеры,
даверху запоўненыя смеццем, да якіх не магла пад’ехаць спецыяльная тэхніка.
Няўтульна адчувалі сябе пасажыры на заснежаных прыпынках.

Між тым, КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” арганізавала
бесперапынную работу па навядзенню парадку. На вуліцы горада выводзілася ўся
наяўная тэхніка (а гэта каля 20 адзінак), каб як мага хутчэй вызваліць дарогі і
тратуары са снежнага палону.

Змагаюцца з ападкамі і дворнікі, бо тэхніка не ўсюды
здольна прайсці. У пераважнай большасці гэтай работай займаюцца жанчыны, і
зімовыя выпрабаванні для іх – значная нагрузка. Невыпадкова, што на сённяшні
дзень 10 дворнікаў знаходзіцца на бальнічным.

У гэтай сітуацыі варта разумець: расчысціць усе вуліцы
горада за некалькі гадзін немагчыма, тым больш, што снег працягвае ісці.
Спачатку работа вядзецца на цэнтральных вуліцах, і важных гарадскіх аб’ектах,
далей тэхніка перакідваецца на перыферыйныя артэрыі.

І ўсё ж ад некаторых жыхароў райцэнтра можна пачуць
нараканні: маўляў, праход да дома завалілі, браму не адчыніць. Але, напэўна,
варта і самім лунінчанам старацца расчышчаць снег каля ўваходаў на падворкі, а
не чакаць, калі нехта за цябе гэта зробіць. Трэба ўлічваць і тое, што ў Лунінцы
каля 200 вуліц і завулкаў, а прыбіральшчыкі тэрыторый абслугоўваюць толькі
палову з іх. Пры гэтым замацаваныя ўчасткі – даволі вялікія (4000 квадратных
метраў). Да прыкладу, на ўсёй вуліцы Савецкая працуе толькі адзін чалавек. І
нават пачаўшы расчышчаць снег у 3 гадзіны ночы (а большасць дворнікаў так і
робяць) дагледзець усе тратуары і двары да раніцы немагчыма.

Толькі адзін дзень работы па ўборцы снегу ў горадзе
абыходзіцца ЖКГ прыкладна ў 15 мільёнаў рублёў. Але, нягледзячы на гэта, тут
стараюцца аператыўна прывесці ў парадак усе вуліцы райцэнтра.

На жаль, часта праблемы ствараюць і аўтааматары, якія
паркуюць свае аўтамабілі так, як ім хочацца. З-за гэтага церпяць не толькі
камунальнікі, але і работнікі аварыйных службаў, “хуткай дапамогі”, якія не
могуць пад’ехаць да месца выкліку.

І калі для многіх гарадскіх службаў зіма з завірухамі
становіцца сапраўднай мачахай, то для прадстаўнікоў сельскагаспадарчай галіны –
матухнай. Азімыя пасевы нарэшце накрыла снежным покрывам, што дасць магчымасць
захаваць будучы ўраджай. Радуецца зіме і дзетвара – ёсць магчымасць пакатацца
на лыжах і санках, пабудаваць крэпасці і снегавікоў, пагуляць у сняжкі…

Фота Аляксандра КОЎКІ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть