“Спачатку было СЛОВА…”

У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылося ўрачыстае адкрыццё
Года кнігі, якім абвешчаны 2012-ы.

На святочнасць сустрэчы настройвала прыгожае афармленне
актавай залы, дзве выставы літаратуры духоўнай накіраванасці – дзіцячых і
дарослых. Вызначаная тэматыка абумоўлівала галоўны момант урачыстасці –
знаёмства з факсімільным выданнем Слуцкага Евангелля. Гэты дорагакаштуючы
фаліянт быў падораны дзяржавай усім бібліятэкам краіны. Нацыянальная святыня
знаходзіцца на адказным захоўванні і прадастаўляецца на масавыя мерапрыемствы.

Работнікі бібліятэкі запрасілі на сустрэчу педагогаў і
вучняў ліцэя (для 10 “А”, 10 “Б” і 10 “Д” класаў гэта стала своеасаблівым
урокам літаратуры, да іх далучыліся і кнігалюбы з 11 “Б”). Юныя і дарослыя
лунінчане віталі ганаровых гасцей – па традыцыі ім уручылі караваі (за
садзейнічанне ўдзячны кіраўніцтву філіяла “Грамадскае харчаванне”). І пачалася
зацікаўленая размова аб тым, што “не хлебам адзіным жывы чалавек”. Кіраўнік
місіянерскага аддзела Пінскай епархіі кандыдат багаслоўя іерэй Іаан Гарбуноў
паведаміў аб гісторыі стварэння рукапісу, якое выканаў слуцкі князь Юрый
Алелькавіч больш за 400 год таму. Дыякан Свята-Крыжаўзвіжанскага храма Сергій Плотніцкі,
які мае педагагічную адукацыю, а цяпер вучыцца ў духоўнай семінарыі, даў
рэкамендацыі па карыснаму чытанню праваслаўных выданняў.

Афіцыйнае мерапрыемства цяжка зрабіць шчырым, але на гэты
раз удалося. Выступоўцы прыцягвалі высокім інтэлектуальным узроўнем, прыгожай
вобразнай мовай. Розных па ўзросту і адукацыйна-сацыяльнаму статусу людзей,
якія актыўна далучаліся да дыялогу, згуртавала агульная прага новых ведаў і
любоў да кнігі. Папрасіла некаторых удзельнікаў сустрэчы падзяліцца ўражаннямі.

Намеснік дырэктара ліцэя Наталля Бойка:

– У грамадстве нарэшце матэрыялізавалася важная ідэя аб
пабудове інфармацыйнай прасторы. Кніга аб’яднала імкненні царквы і школы,
дзяржавы і асобных людзей у накіраванасці да адзінай мэты. Чалавецтва павінна
вярнуцца да нормаў і каштоўнасцей, занатаваных тысячагоддзі таму. Без
падрыхтоўкі складана ўспрымаць царкоўнаславянскі стыль, але вельмі парадавала,
што нашым вучням захацелася праслухаць яго. На гэтай мове выкла-дзены
спрадвечныя ісціны, па якіх трэба жыць. Гэты культурны слой дастаткова забыты,
але сумеснымі намаганнямі пракладваем шлях да храма.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна
Карпуковіч:

– Уразілі свяшчэннікі – ад іх слоў адчуванне, быццам на
царкоўнай службе пабывала. Уразілі ліцэісты – якая розная ў нас моладзь, такой
можна ганарыцца. Уразіла думка, якую выказаў айцец Сергій, – раней аб гэтым не
разважала. Калі чалавеку неабходна аперацыя, да яго не паклічуць суседа –
папросяць дапамагчы хірурга. Кніга – патрэба душы, нематэрыяльнай субстанцыі, умяшальніцтва
ў якую яшчэ больш адказнае. Чаму ж дапамогу ў чытанні не чакаем ад
спецыялістаў?

Дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Надзея
Радзіяновіч:

– Ніякія электронныя новаўвядзенні не заменяць жывых
зносін з друкаваным словам. Сёлета запланаваны шмат гутарак, выстаў,
чытальніцкіх канферэнцый. Усемагчымымі аргані-зацыйнымі формамі будзем
адзначаць Год кнігі. Гавораць, што пачатак – палова справы. Першая ў гэтым
годзе сустрэча, дзякуючы адукаваным сучасным свяшчэннікам, умацавала ў душы ўпэўненасць,
што здолеем захапіць чытаннем і моладзь. Пераканаем іх усвядомленай нашым
пакаленнем думкай паэта: “Душа абавязана працаваць”…

 Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть