Справы – дзеля ЖЫЦЦЯ ВЕРЫ

Удзельнікаў педагагічных чытанняў, што
адбыліся ў снежні, адкрытасцю і шчырасцю выступлення прыцягнула настаўніца
пачатковых класаў Лобчанскай СШ Алена Сіманаўна МЕЛЮХ.

Ёй пашанцавала: дарогу да храма з
дзяцінства паказалі тата і мама. Бацькі памяталі царкву, што ў 1960-ыя была
разбурана. Разам з дзецьмі наведвалі могілкавую капліцу. Потым жыхары вёскі
Багданаўка згуртаваліся каля свяшчэнніка, агульнымі намаганнямі ўзвёўшы новы
храм. І з пачуццямі Веры, Надзеі, Любві, закончыўшы Баранавіцкае педвучылішча, Алена
Сіманаўна прыйшла працаваць у Лобчанскую СШ.

Лёс складваўся шчасліва. Мужам стаў
аднавясковец-багданавец. З дапамогай бацькоў пабудавалі дом, што хутка
напоўніўся дзіцячымі галасамі. Завочна ў Мазырскім педуніверсітэце набыла
вышэйшую адукацыю. Прызначылі намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Ахвотна
клапацілася аб прысядзібнай гаспадарцы. І хаця ў вёсцы складана знайсці вольны
час, маладая сям’я гасцінна прымала сяброў, сустракалася з роднымі.

З асаблівай радасцю Алена Сіманаўна
далучалася да паломніцтваў у храмы і манастыры. З падрастаючымі дачкой і сынам
кожную нядзелю стала бываць на літургіі ў царкве, якая будуецца ў Лунінцы ў гонар
іконы Божай Маці “Взыскание погибших”. Ранні выезд на дызелі і позняе вяртанне
стамляла дзяцей. Іх мама ўсведамляла, што трэба берагчы сілы для вучобы і
хатніх заняткаў. Але лёсам было наканавана ўсё часцей прыгадваць словы бацькі:

– Вера без спраў мёртвая…

Час дапамог настаўніцы-хрысціянцы.
Паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой было падпісана
пагадненне, на падставе якога ў школах дазвалялася ўвесці факультатыў духоўнай
накіраванасці. Алена Сіманаўна вярнулася да выкладання пачаткоўцам і была
шчаслівая, што не толькі дзеля ўласных дзяцей справай зможа паслужыць Богу! Вучні
ахвотна прыходзілі на заняткі па курсу “Асновы праваслаўнай культуры”, па
нядзелях наведвалі храм у гонар Святых Барыса і Глеба, выязджалі ў недалёкія
паломніцкія экскурсіі.

За параўнаўча невялікі перыяд сферу
адукацыі напаткалі шматлікія рэфармаванні. З мэтай змяншэння разумовых нагрузак
на кволы дзіцячы арганізм была абмежавана колькасць факультатываў, якія могуць
наведваць вучні. Зразумела, пры выбары паміж матэматыкай і праваслаўнай
культурай бацькі аддаюць перавагу “царыцы навук”. Многія дзеці жадалі б далучыцца
да вывучэння тысячагадовай духоўнай спадчыны, але адукацыйны працэс
рэгламентуюць строгія рамкі вучэбных гадзін. Алена Сіманаўна са шкадаваннем
заўважае:

– Гэта не віна асобна ўзятай школы, а
бяда грамадства, якое так і не зразумела: каб адбылася асоба, спачатку трэба
выхаваць душу…

Яна лічыць, што сярод прычын
цяперашняга дэмаграфічнага крызісу – і памылкі атэістычнага часу. У Лобчанскай
СШ летась было 92 вучні, сёлета – толькі 63. І моладзь пакідае дыхтоўную і
самабытную вёску. Выдатна, калі выпускнікі набываюць вышэйшую адукацыю, але настаўнікі
і бацькі не прагнуць іх вяртання дамоў. Не запатрабаваны ў глыбінцы “маладыя
рукі і гарачыя сэрцы”.

Алена Сіманаўна не загадвае далёка
наперад. Радуецца паспяховай вучобе дзяцей – 9-класніца Кацярына была
пераможцай раённай і ўдзельніцай абласной алімпіяды па матэматыцы, 6-класнік Ілья
таксама лічыцца моцным вучнем. Як калісьці сястра, цяпер займаецца на
факультатыве ў мамы. У нядзельныя і святочныя дні прыслужвае панамаром у Лунінскім
храме.

Калі на душы іншы раз неспакойна, Алена
Сіманаўна прыгадвае маміны словы:

– Жыццё – гэта ўсмешка. Нават тады,
калі па твары цякуць слёзы. Не скардзіся і не хваліся. Наверсе ўсё бачна…

Яна імкнецца выхаваць у дзяцей любоў да
зямлі продкаў, каб паявілася жаданне сваёй працай упрыгожыць малую радзіму. У
дзень Святой Варвары адміністрацыя школы замест урока дазваляе вучням
удзельнічаць у літургіі (дарэчы, і на фота настаўніца адлюстравана ў
прастольнае свята – 17 снежня мінулага года) у прыстасаваным памяшканні, якое
асвячана пад храм. Разам з выхаванцамі пераканала добрых людей, якія паспрыялі
ўстаноўцы крыжа на раздарожжы. Светла ўсміхаецца яго прыгажосці – аздоблены стужкамі
і кветкамі яшчэ адзін крок да аднаўлення гістарычнай памяці. Старажылы, праўда,
гавораць, што раней такіх крыжоў у розных частках Лобчы было шэсць. Што ж, не
ўсё адразу. Алена Сіманаўна падрыхтавала з дзецьмі калядную праграму, якую
прадставіла і ў Доме культуры, і ў суседняй, Лунінскай СШ. Факультатыў – гэта
яе справа дзеля жыцця веры.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть