Ствараем і дорым ДОБРЫ НАСТРОЙ!

Гэта стала дэвізам удзельнікаў драматычнага гуртка “ЛИЦЕдеЙ”, якім кіруе Наталля Мікалаеўна Клімачова.

Як і належыць настаўніцы рускай мовы і літаратуры, пры выбары назвы яна аддала перавагу слову, што занатаваў і навучальную ўстанову. Але рэжысёрскі стыль педагога не з’яўляецца, у адрозненне ад многіх прафесійных тэатраў, дыктатарскім. Захопленыя творчасцю ліцэісты працуюць разам. Эмблему прыдумала вучаніца 11 “В” класа Вікторыя Сыцэвіч. Расказвае яе аднакласніца Аксана Бярозка:

– Нас яднае любоў да сцэны, імкненне да цікавага, жаданне ўдасканальвацца і знаходзіць новых сяброў. Гледачы добразычліва ставяцца да нашай ігры, што вельмі дапамагае. Актыўна ўдзельнічаем ва ўсіх мерапрыемствах. Рыхтуем тэатралізаваныя відовішчы да святаў, напрыклад, педагогаў ці жанчын, з сюрпрызамі. Вырабілі “Слоўнік любімых выказванняў настаўнікаў”. Усмешкі строгіх выкладчыкаў – лепшая ацэнка!

Колькіх людзей прыцягнуў адкрыты занятак драмгуртка па тэме “Пушкін і тэатр”! Гледачы ўбачылі пасяджэнне “Вучонай Рады”, паслухалі мастацкае чытанне маналогаў герояў твораў “сонца рускай паэзіі”. На тэатральныя нечаканасці былі багатыя інсцэніроўкі па матывах “Пікавай дамы” і “Моцарта і Сальеры”, конкурс “Ажыві карціну”.

Адна з мэтаў тэатра – прапаганда здаровага ладу жыцця. Пастаноўка “Табак и верзилу сведет в могилу” ўключала інфармацыю аб шкоднасці курэння і інсцэніраваную казку “Заклятае крэсіва”. Якой пераканаўчай была Варвара Панасевіч у ролі Вядзьмаркі!

У рамках тэатра дзейнічае каманда “СПАМ” (што расшыфроўваецца як сучасная прасунутая актыўная моладзь). Не выпадкова два гады запар яна з’яўляецца пераможцай раённага конкурсу КВЗ. Мы доўга шукаем ідэі, спрабуем, рыхтуемся, рэпетыруем. У такія моманты лепш за ўсё адчуваецца надзейнае плячо таварыша. “”ЛИЦЕдеЙ” – гэта сапраўдная каманда.

Летась у праект “Старыя казкі на новы лад” уключыліся 8 класаў ліцэя. Удзельнікі драмгуртка выпрабавалі сябе ў новых ролях – рэжысёраў-пастаноўшчыкаў. Гэта было нялёгкай справай, але здавацца – не ў нашых правілах!

Пастаноўка п’есы па матывах казкі братоў Грым “Стаптаныя туфлікі” на сёння лічыцца лепшай работай. З ёю выступілі ў дзіцячым садку №10. Наперадзе ў нас шмат планаў!

Своеасаблівым наказам ліцэйскім артыстам можа служыць пажаданне выпускніцы-2010 Кацярыны Макоўскай: “Іграйце ад душы! Глядач адкажа ўдзячнасцю. Чым вальней будзеце адчуваць сябе на сцэне, тым прасцей будзе ў рэальнасці. Спадзяюся, што ўслед за Лунінцам вас чакае гастрольны тур па Беларусі!”.

Запісала Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть