Святло МІЛАСЭРНАСЦІ
«ЛН” паведамлялі ўжо, што з верасня мінулага года пастырскае служэнне ў Лунінецкім храме ў гонар Святога Іосіфа Абручніка нясе ксёндз-пробашч Леанард АКАЛАТОВІЧ. Сустрэліся з адным з прадстаўнікоў духоўнай улады раёна.
– Айцец Леанард, калі ласка, раскажыце пра сябе.
– Нарадзіўся ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Бацькі – сяляне. Закончыў Віцебскую дзяржаўную ветэрынарную акадэмію. Пасля тэрміновай службы ў арміі вырашыў прысвяціць сябе касцёлу. Духоўную адукацыю набываў у Польшчы, дарэчы, як і мой брат. Айцец Генадзь служыць у Валожыне. Напачатку я быў памочнікам святара ў Магілёве, а потым 16 год аддаў храму ў Жлобіне, адтуль і накіраваны ў Лунінец.
– У пасляваенны час касцёл шмат выпакутаваў. Палітычныя перыпетыі адбіліся таксама на храме ў Лунінцы, які быў і клубам, і малітвеным домам. Вас не збянтэжыў далёкі ад дыхтоўнага выгляд святыні?
– Палічыў за давер чарговае прызначэнне. Сына селяніна не напалохаюць гаспадарчыя справы. За кароткі час здолелі падключыць будынак да газаправода. Больш камфортна будзе ў плябаніі – так называецца жылая частка касцёла, дзе цяпер ідзе рамонт, у будучым – плануем ацяпляць увесь храм. Вядома, што ён не раз цярпеў ад крадзяжоў. Цяпер з боку чыгункі глухі бок будынка абаронены металічнай рашоткай, у вальеры на варце – аўчарка. Устанавілі пражэктары для асвятлення храма. Набылі новыя мікрафоны. Правялі тэлефонную сувязь, падключымся і да Інтэрнету. Сучаснае жыццё немагчыма без камунікацый.
– Якія першыя ўражанні ад лунінчан? Маю на ўвазе не толькі вашых парафінян, але і навакольных.
– Самыя выдатныя! Хочаце прыклад? У свой час былыя ўладальнікі будынка набылі свяцільні, якія забралі пры пераходзе ў новае памяшканне. Там люстры былі непрыдатныя. Звярнуўся ў абшчыну хрысціян веры евангель-скай – і яны бязвыплатна перадалі нам гэтыя рэчы. І з многімі гаспадарчымі кіраўнікамі лёгка ўстанавіў кантакты, знайшоў агульную мову. Спадзяюся, так будзе і далей.
– З радасцю адзначу, што служба ў касцёле вядзецца на беларускай мове. У які час пачынаецца імша?
– Дазвольце ўдакладніць: у маёй парафіі – два касцёлы. Па нядзелях служу святую імшу ў Мікашэвічах, у храме Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, з 9 гадзін раніцы, у Лунінцы – з 12-ці.
– Раней не аднойчы наведвала касцёл. Заўважыла, што цяпер некаторыя іконы размешчаны па-іншаму.
– Рымска-каталіцкая царква абвясціла ХХІ стагоддзе часам Божай Міласэрнасці. Вось чаму гэта ікона заняла цэнтральнае месца ў касцёле. Усё астатняе ўбранне – у адпаведнасці з кананічнымі правіламі.
– Вашы пажаданні лунінчанам?
– Дабрыні, святла, усіх шчырых пачуццяў. І міласэрнасці – кожнаму і ад кожнага.
Гутарыла Таццяна КАНАПАЦКАЯ.