“Сябры мае – КНІГІ…”

Услед за вялікім паэтам так гаворыць бібліятэкар Ірына РАМАНЧУК. Для выпускніцы тагачаснага Мінскага інстытута культуры ліцэй стаў адзіным месцам працы, якой аддадзена 20 год.


– Ірына Пятроўна, калі ласка, дайце ваша вызначэнне ролі бібліятэкі.

– Лічыцца, што бібліятэкар павінен быць самым інфармаваным чалавекам у навучальнай установе. Але важна не толькі валодаць матэрыялам, але і ўмець ім карыстацца. Гэта месца, дзе вучань, настаўнік і бібліятэкар сустракаюцца штодня для сумеснай работы, на практыцы выхоўваецца патрэба ў ведах, даюцца навыкі пошуку патрэбнай інфармацыі, закладваюцца асновы сама-адукацыі.

– Як лічыце – з галоўнай задачай спраўляецеся?

– Мяркуйце самі. У 2000-ым першымі з бібліятэк устаноў адукацыі Брэстчыны атрымалі камп’ютар. У 2003-ім на базе ліцэя адбыўся першы абласны семінар метадыстаў. Праз год – узнагароджана Ганаровай граматай абласнога ўпраўлення. Неаднаразова заахвочвалася раённым аддзелам.

– Што сёння сабой уяўляе бібліятэчны фонд?

– З’яўляецца ўніверсальным. Прадстаўлены выданні ўсіх тэматычных напрамкаў з улікам сучасных задач адукацыйнага працэсу, у тым ліку мастацкая, навукова-папулярная, даведачная, галіновая, метадычная літаратура. Калі перайсці на мову лічбаў, у бібліятэцы 16736 экзэмпляраў асноўнага фонду, 10171 – падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, 58 найменняў электронных сродкаў навучання.

– Якое становішча з папаўненнем бібліятэкі, у тым ліку падпіскай на перыядычныя выданні?

– Атрымліваем 49 найменняў газет і часопісаў. За матэрыяльную падтрымку шчыра ўдзячны калектывам станцыі Лунінец і ДРБУ-101. Арганізацыі падпіскі спрыяюць таксама прадстаўнікі папячыцельскага савета і бацькі вучняў. Ліцэісты штогод удзельнічаюць у акцыі «Падары кнігу бібліятэцы”.

– Відавочна, асноўны напрамак работы – інфармацыйна-бібліяграфічнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу?

– Так, і гэта патрабуе высокай якасці камплектавання асноўнага фонду, у першую чаргу – даведачна-інфармацыйнай часткі. Вядзем тэматычныя папкі-дасье больш чым па 20 тэмах. Актыўна выкарыс-тоўваюцца картатэкі: сістэматызацыя артыкулаў; краязнаўчая; твораў аўтараў, апублікаваных у зборніках; сцэнарыяў; медыарэсурсаў.

– Калі ласка, паведамце пра цяперашняе тэхнічнае аснашчэнне бібліятэкі.

– Інфарматызацыя са-дзейнічае таму, што бібліятэка становіцца важным звяном у адукацыйным працэсе, з’яўляецца своеасаблівым інфармацыйным цэнтрам ліцэя. Летась устанавілі 4 камп’ютары. Абсталявалі 3 аўтаматызаваныя рабочыя месцы для карыстальнікаў і 19 – для работы з кнігамі і перыядычнымі выданнямі. Адзін камп’ютар выкарыстоўваем для ўнутранай бібліятэчнай работы. Устаноўлены праграмны комплекс «Бібліё-Граф”.

– Бібліятэка атыўна ўдзельнічае ў правядзенні грамадскіх акцый, арганізуе штомесячныя тэматычныя выставы да юбілейных дат пісьменнікаў, рыхтуе матэрыялы да дзён інфармацыі ў розных формах. Ці абагульнены гэты вопыт?

– У мінулым навучальным годзе разам з 11-класніцай Аленай Некрашэвіч правялі навуковае даследаванне «Юны чытач бібліятэкі ліцэя і шляхі ўдасканалення яго абслу-гоўвання”. Праца была ўдастоена дыплома ІІІ ступені раённай канферэнцыі. Мне прыемна, што выпускніца-2011 вырашыла звязаць лёс з бібліятэчнай справай – цяпер яна першакурсніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва.

– Падзяліцеся, калі ласка, вашымі літаратурнымі прыхільнасцямі, магчыма, сваім жыццёва-прафесійным крэда?

– Аддаю перавагу духоўнай літаратуры, з захапленнем чытаю прытчы, напісаныя прозай і вершамі. Апошнім часам праводзім рэгулярныя сустрэчы з іерэем Сергіем Крышталем, настаяцелем храма, які будуецца ў гонар іконы Божай Маці «Взыскание погибших”. Спадзяюся, уплыў свяшчэнніка будзе дабратворным на прыцягненне ліцэістаў да чытання, выхаванне ў дзяцей патрэбы ў кнізе, як крыніцы маральнага ўдасканалення. Асабіста мне вельмі падабаюцца словы аднаго з вядомых навукоўцаў Расіі: «Сваімі поспехамі мы абавязаны бібліятэкам”.

Гутарыла Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть