Сярод ЛЮДЗЕЙ застацца ЧАЛАВЕКАМ

Аказваецца, гэта зусім няпроста. Зрабіць такі вывад прымушае назіранне за жыццёвымі сітуацыямі, у якіх аказаліся пацыенты аддзялення кругласутачнага знаходжання пажылых людзей і інвалідаў. Дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага аблугоўвання насельніцтва Тамара ПАТУРАЙ расказвае:

– Згодна з заканадаўствам, можам прыняць падапечных не больш, чым на 6 месяцаў. Калі бачым, што чалавеку няма куды ісці, згаджаемся на кампраміс: працягваем тэрмін клопату аб пенсіянеры.

Знаходзілася ў нас састарэлая добразычлівая жанчына ў прыймальным для яе ўзросту стане – сама сябе абслугоўвае. Праз год звярнуліся да яе ўнука: калі ласка, забярыце бабулю хаця б на месяц. Быццам не супярэчыў. Калі ж яна прыйшла на кватэру, высветлілася: унук тэрмінова выехаў з Лунінца, забраўшы ключы. Жанчына вярнулася ў аддзяленне. Выклікалі ўчастковага міліцыянера і прадстаўнікоў аддзела па надзвычайных сітуацыях, адчынілі дзверы, памянялі ключы. Уявіце, што за жыццё будзе ў гэтай бабулі з такімі адносінамі роднага ўнука! Праз месяц зноў аформім яе знаходжанне пад нашым дахам, дзе гарантаваны чалавечы догляд чужых работнікаў.

Яшчэ адзін выпадак. Таксама на працягу года ў нас знаходзілася жанчына, чые дзве ўнучкі жывуць у пяці хвілінах хадзьбы ад аддзялення. Прычым, не дзяўчынкі, якія, можа, не дараслі яшчэ да пачуцця міласэрнасці. Гэта 40-гадовыя лунінчанкі, у якіх ужо свае поўналетнія дзеці. У адной «шматпавярхоўцы” з жанчынамі пражывае наша работніца. Папрасіла суседак: наведалі б бабулю, ёй так сумна. Унучкі паскардзіліся ў райвыканкама, што іх абразілі. Давялося даваць тлумачэнне.

Прыкрыя выпадкі здараюцца і з адзінокімі састарэлымі. З аднаго сельсавета неаднаразова звярталіся з нагоды хутаранкі, у якой нават не было пашпарту, каб магчыма было дапамагчы! Аформілі дакументы, пралячылі ў бальніцы, адкуль пляменніца жанчыны паабяцала забраць небараку і забяспечыць догляд за ёй. Сапраўды, забрала: толькі каб па давернасці атрымаць скопленую за тры месяцы пенсію цёткі і знікнуць з грашыма. Зноў клопат аб чалавеку перайшоў на плечы дзяржавы.

Самае крыўднае, што наша грамадства паблажліва ставіцца да выпадкаў, калі родныя людзі праяўляюць абыякавасць да састарэлых сваякоў. Назіраем ужо другое пакаленне эгаістаў, якім важней за ўсё ўласныя інтарэсы. Тут няма месца не тое, што дабрыні і чуласці, а наогул выкананню канстытуцыйнага абавязку, які патрабуе ад дзяцей клапаціцца аб бацьках.

Захаваць аптымізм дазваляюць сустрэчы з сапраўднымі сем’ямі. На такую пашчасціла Марыі Гаўрылаўне Маславай. У старасці лунінчанка страціла зрок, але не адчувае сябе забытай. Яе па чарзе наведвалі сыны з нявесткамі, хаця жывуць няблізка – у Архангельску. Восенню аднаго чакае планавая аперацыя. Ён з жонкай загадзя прыехалі ў Лунінец, размясцілі маму ў аддзяленні. Наведвалі штодзень – мылі, кармілі, даглядалі. Праз месяц пераканаліся, што родны чалавек адаптаваўся ў новай абстаноўцы, і вярнуліся заспакоеныя: становішча мамы не пагоршылася. Тэлефануюць, падтрымліваюць яе добрымі словамі і пачуццямі.

Упэўнена, калі чалавек грэбуе элементарнымі нормамі маралі, гэта блага адаб’ецца на ім і яго блізкіх. І няма большага шчасця на зямлі, чым добрая сям’я.

Запісала Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

 

Настаяцель храма, які будуецца ў Лунінцы ў гонар іконы Божай Маці «Взыскание погибших”, іерэй Сергій КРЫШТАЛЬ гаворыць:

– Быць літасцівымі дзяцей – да сваіх бацькоў, наогул людзей – адзін да аднаго, заўжды заклікае царква. У сваіх пропаведзях свяшчэннікі нагадваюць, што Бог спачатку шэпча чалавеку, як яму паступаць у тым ці іншым выпадку. Гэты шэпт – сумленне. І нават калі чалавек працягвае грэхападзенне, міласэрны Гасподзь не адмаўляецца ад маральнага выратавання свайго тварэння – адрасуе яму крык пакут. Але Свяшчэннае Пісанне толькі папярэджвае. Выбар паміж дабром і злом чалавек робіць сам.

Нават не вельмі рэлігійныя людзі ведаюць біблейскія запаведзі, сярод якіх «Шануй бацькоў сваіх” стаіць перад «Не забі”. Парушэнне кожнай з запаведзяў – грэх. За яго расплачваюцца не толькі тыя, хто грэбуе нормамі хрысціянскай маралі, але і іх дзеці, унукі і праўнукі. Цяпер даказана і навукоўцамі – грэх прапісваецца ў генатыпе чалавека і перадаецца іншым пакаленням.

Ніколі не позна задумацца над гэтай ісцінай, пакаяцца, пачаць жыць па сумленню…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть