ТАЯМНІЦЫ ПАЭТАЎ

Да 120-годдзя Максіма БАГДАНОВІЧА (09.12.1891-25.05.1917)

Нашчадкамі славутых класікаў нацыянальнай літаратуры з’яўляюцца лепшыя з сучасных творцаў. Да іх, безумоўна, адносяцца паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін, на сустрэчу з якімі нам пашчасціла напачатку традыцыйнай “Філалагічнай восені”. Пытанні, якія майстрам слова задавалі ў ліцэі, склалі своеасаблівае інтэрв’ю.

– Дзякуючы Леаніду Васільевічу, яго малая радзіма – Давыд-Гарадок – услаўлена ў многіх вершах. Больш хацелася б даведацца пра Эдуарда Аляксандравіча.

Э. А.: Нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Нямкі на Веткаўшчыне. Таксама прысвяціў шмат вершаў родным мясцінам, пацярпеўшым ад чарнобыльскай навалы. Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт і аспірантуру Нацыянальнай акадэміі навук. Працаваў настаўнікам, загадчыкам “Беларускай хаткі” – філіяла Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. У часопісах быў намеснікам галоўнага рэдактара (“Першацвет”), загадчыкам аддзела паэзіі (“Полымя”). Цяпер – галоўны рэдактар часопіса “Верасень”.

– Назавіце, калі ласка, людзей, якія паўплывалі на вашу мару стаць паэтамі, натхнілі на літаратурную творчасць?

Л. Д.-М.: У раннім школьным дзяцінстве, калі бацькі былі заняты на рабоце, мяне апякала Ніна – жанчына з вёскі Велямічы, кінамеханік. Пазнаёміўшыся са зборнікам Максіма Багдановіча, адчуў жаданне ствараць вершы. Узяў сшытак і напісаў на ім назву “Вянок”, палічыўшы, што так называюцца ўсе кнігі паэзіі. Мая нянька доўга пераконвала, што назва “Вянок” належыць толькі аднаму паэту, а мне трэба шмат працаваць, каб стаць вядомым ці вершам, ці зборнікам…

Э. А.: Паштальён. Справа ў тым, што мой першы верш надрукавала газета “Зорька”. Разносячы пошту па вёсцы, работніца аддзялення сувязі ўсім расказвала гэту навіну. Гэта дзіцячае выданне распаўсюджвалася тады і ў СССР, і ў такіх краінах , як Чэхаславакія, Балгарыя, ГДР. Мне сталі прыходзіць па 10 лістоў у дзень! І так цягам месяца. Уся вёска дзівілася, як шмат пішуць “Паэту”. З таго часу я і абзавёўся самай ганаровай “мянушкай” дзяцінства “Паэт”.

– Калі б пачалі жыццё зноў, што б хацелі змяніць у ім?

Л. Д.-М.: Да шчасця, лёс убярог – я нікому не прынёс вялікай бяды… Пазбегнуў бы сустрэч з некаторымі людзьмі, на якіх раней дарэмна затраціў самае каштоўнае ў жыцці – час…

Э.А.: Больш удзяляў бы ўвагі і любві блізкім і дарагім мне людзям…

– Што вы лічыце лянотай, а што – душэўным cпакоем?

Л. Д.-М.: (з усмешкай) У пэўным узросце лянота і ёсць душэўны cпакой…

Э. А.: Паўтару гэты адказ – мы ж амаль равеснікі. Вельмі прыемна, што самым арыгінальным госці палічылі маё пытанне:

– З кім бы з нацыянальных геніяў мінулага вы хацелі б сустрэцца і, калі б гэта было магчымым, якія б пытанні ім задалі?

Л. Д.-М.: З Якубам Коласам. Па прапанове беларускага ўрада ён тройчы за мяжой сустракаўся з палітыкамі, якія складалі так званы “ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні”. Пакуль не выяўлена ніводнага архіўнага дакумента, а так важна ведаць, аб чым гаварылі народны паэт і эмігранты, многія з якіх раней былі яго аднадумцамі па літаратурнай творчасці…

Э. А.: З Максімам Багдановічам. У яго шмат прысвячэнняў. Не вядома толькі, каму адрасаваў сваю “Зорку Венеру”. Так бы хацелася ведаць імя жанчыны, якая натхніла паэта на лірычны шэдэўр.

З асалодай слухалі пяшчотны раманс у выкананні лунінецкай спявачкі Наталлі Мурко. Упершыню даведаліся, што музыка да верша Максіма Багдановіча – не народная, як лічылася раней. Яе напісаў Сымон Рак-Міхайлоўскі, выкладчык фізікі Віленскай беларускай гімназіі. Аб гэтым расказаў Леанід Дранько-Майсюк. Яго так хацелася распытаць падрабязней пра папулярную песенную творчасць, як і паслухаць больш спеваў Эдуарда Акуліна пад уласны акампанемент на гітары… Засталося яшчэ многа пытанняў да паэтаў, якія з такой цікавасцю займаюцца вывучэннем літаратурнай спадчыны і аднаўляюць мінулае для сучаснасці. У пераймальнасці таленту пакаленняў і захоўваецца будучыня беларускай літаратуры. Сапраўды – “навошта каласы, калі сярод іх няма васількоў”?

Ганна КУРАК, вучаніца 11 “Б” класа ліцэя.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть