“ТОЛЬКІ НЕ КАЖЫЦЕ МАМЕ…”

Пажаўцелы ад часу выпуск “Лунінецкіх навін” за 29 кастрычніка 2002 года. Сухая міліцэйская зводка з трагічным загалоўкам “Загінуў пры выкананні службовага абавязку лейтэнант міліцыі Сяргей Мікалаевіч Ходзін… Па дарозе Гомель-Кобрын 22-гадовы афіцэр міліцыі на прыватнай машыне дастаўляў у райаддзел сямейнага скандаліста. Затрыманы перахапіў руль і перашкодзіў упраўленню аўтамабілем, у выніку чаго транспартны сродак выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе адбылося сутыкненне з “фурай”. Траўміраванага ўчастковага даставілі ў бальніцу, дзе ён памёр ад атрыманых ран.”
Прайшло сем год, а гэты акуратна згорнуты нумар газеты дрыжыць у руках маці і пякучым болем аддаеца ў яе спакутаваным сэрцы. Кароткія радкі памінанняў, маленькая запісная кніжка і шматлікія фотаздымкі – вось тое нямногае, што засталося ёй ад страчанага сына.
У вачах – бясконцы невычэрпны боль ад горкай рэчаіснасці, а яшчэ больш – ад самой недарэчнасці таго ракавога здарэння. І няхай злачынца атрымаў сваё пакаранне ад правасуддзя, матуліна сэрца ніколі не змірыцца з непапраўнай стратай. Вось толькі Сярожа чамусьці ніколі не прыходзіць да яе ў снах. А маці так хочацца доўгімі бяссоннымі начамі закрыць вочы і ўбачыць роднае аблічча, пачуць да болю знаёмы голас. Адзіным супакаеннем застаюцца ўспаміны…
Яны пажаніліся ў 1972 годзе. Тады Вера Іванаўна і Мікалай Міхайлавіч Ходзіны марылі пра шчаслівае бязвоблачнае жыццё. Яна – хутарская дзяўчынка, ён – мясцовы працавіты хлопец. Пабудавалі свой дом на ўскрайку в. Вулька 2. Нарадзіліся дзеці. Маючы дваіх, рашыліся на нараджэнне трэцяга. Радасць аказалася двайной. У 1980 годзе на свет паявіліся двайняты – Людміла і Сярожа. Яны настолькі дружнымі былі ў дзяцінстве, што часам успрымаліся, як адно цэлае.
Сяргей заўсёды быў адказным і патрабавальным да сябе. Такія рысы праяўляліся яшчэ ў дзяцінстве, калі над урокамі мог прасядзець далёка за поўнач. Такім жа старанным паказаў сябе і ў час армейскай службы. Пасля арміі паўстала пытанне выбару прафесіі. Сярод варыянтаў перамагло жаданне быць патрэбным людзям, таму на два гады пайшоў вучыцца ў Магілёўскую школу міліцыі. Пасля яе заканчэння ўчастковым інспектарам паспеў папрацаваць усяго два месяцы…
“Толькі не кажыце маме…” – гэтыя апошнія словы паміраючага на бальнічным ложку юнака яшчэ раз сведчаць пра яго чыстае, высакароднае сэрца.
– Не пакідай! – крычала ад неймавернага болю каханая дзяўчына на свежым узгорку магілы. Яны ж толькі-толькі збіраліся пачаць сумеснае жыццё, як на месцы вясельнага стала давялося ставіць памінальны…
“Нашу боль не измерить и в слезах не излить. Мы тебя, как живого, будем вечно любить”, – гэта радкі з надмагільнага помніка Сяргея. У іх, высечаных на базальтавым камені, – увесь боль родных людзей.
28 сакавіка – іх з сястрой агульны дзень нараджэння, іх агульнае свята з некранутым келіхам брата і вечнымі слязамі сястры. Маленькая Аліна зусім не памятае свайго дзядзьку і хроснага, які яе задорваў падарункамі. Ён загінуў, калі дзяўчынцы не споўнілася два гады.
Самыя светлыя ўспаміны засталіся пра Сяргея Ходзіна ў роднай Вулькаўскай 2 СШ. Яго памятаюць сябры, аднакласнікі, настаўнікі, якія ўпэўнены, што імя гэтага юнака павінна стаць для маладога пакалення прыкладам стараннасці, адказнасці і выхаванасці.
Росным ранкам мыюцца бярозы.
Сустракае маці сына на дарозе.
Ох, якое гэта цяжкае страчанне –
Адгучала стогнам страшным пахаванне.
Адгучала, адкрычала і застыла –
Больш ніколі не сустрэне маці сына.
Хай жаўрук пяе і плача ў нябёсах,
Як раптоўна пасівелі яе косы,
Як раптоўна шчасце з воч яе прапала,
Бо навошта ж гадавала, шкадавала!
Хусткай чорнаю тугу сваю пакрыла – 
Хай бы лепш сама лягла ў магілу.
Каб у сэрцы кветкі так не стылі,
Што магілку сынаву накрылі.
Хоць дарога назаўжды пустая –
Маці сына ранкам сустракае.
Марыя ЯРАХОВІЧ.
в. Вулька 2.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть