ТРАЙНЫ АДЭКАЛОН
Занадта доўгімі і сумнымі для цёткі Агрыпіны падаліся першыя месяцы пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Бавіла час, як магла: то ў агародзе корпалася, то мэблю перастаўляла без патрэбы, у каторы раз папраўляла акуратна складзеныя дровы пад павеццю, праз дзень-другі лучыну секла.
Неяк надумала ў прадпрымальнікі падацца. А чаму б і не? Вунь суседка днямі на рынку семкамі гандлюе, прыбытак мае неблагі. Прадукцыя свая, купляць не трэба, садзі сланечнік колькі хочаш, месца на прысядзібным участку хапае. Мехам семак, у доўг і без працэнтаў, падзялілася ружовашчокая, не па гадах рухавая Вольга Іванаўна. Жанчына хаця і разумела, што канкурэнтаў пабольшае, затое разам гандляваць весялей і пагаварыць будзе з кім.
Неўзабаве Агрыпіна асвоілася з новай справай і гэтак жа, як і іншыя гандляркі, хваліла свой тавар. Аднойчы раніцай да яе не падышлі два маладыя хлопцы. Купіўшы шклянку семак, папрасілі на некалькі хвілін посуд.
– Апахмяліцца трэба, піць “чарніла з гарла” няёмка, ды і міліцыя можа “павязаць”. Пустыя бутэлькі прынясем, як аплату за аказаную паслугу.
Падзякаваўшы, маладыя людзі накіраваліся за гандлёвы ларок. Праз некаторы час адтуль пацягнула трайным адэкалонам. Агрыпіна напачатку не надала гэтаму значэння, а калі дзецюкі вярнулі шклянку і дзве бутэлькі з-пад адэкалону, нарабіла ляманту!
То была не апошняя сустрэча Агрыпіны з хлопцамі. У пачатку вясны жанчына прастудзілася і некалькі дзён не наведвала “рабочае” месца – больш вабіла час на прызбе, радуючыся надыйшоўшаму цяплу.
Неяк убачыла на сваім падворку тых самых хлопцаў, што былі на рынку. Пачула знаёмае:
– Бабулька, шклянка не знойдзецца? – звярнуўся адзін з іх.
– А чаму б і не? – адазвалася старая. – Магу і акраец хлеба, кавалачак сала прапанаваць…
Агрыпіна нетаропка пайшла ў хату. Узяла трайны адэкалон, шчыра паліла ім лусту хлеба і кавалак перасцёлістага сала, працягнула хлопцам.
– Вось і разлічыліся, – не то ў жарт, не то ў сур’ёз, прамовіла Агрыпіна…