ТРЫ РАСКАЗЫ ФРАНТАВІКОЎ

склалі напісанне гэтых заметак.

Сівавалосы ветэран вайны, чые грудзі зіхацелі ад узнагарод, дзяліўся такімі ўспамінамі:

– Ноччу нас перакінулі на перадавую. З нямецкіх пазіцый пастрэльвалі кулямёты. Мясцовасць раз-пораз асвятлялася ракетамі. Немцы засяклі перамяшчэнне на нашых рубяжах. Як толькі пачало віднець, ударылі мінамёты. Аглушальнае выццё снарадаў, град асколкаў пасыпаўся на нас. Гэта было так страшна, што быццам невядомая сіла выкінула мяне з акопу і панесла прэч, далей ад гэтага жаху. Упаў у нейкую варонку, а ў сябе прыйшоў ад моцнага штуршка. Нада мной стаяў чырвонаармеец з аўтаматам. Другі, непадалёку, сказаў: «Прыкончы яго!”. Тут я ўсвядоміў, што гэта байцы загараджальнага атрада, аб якіх нас папярэджвалі ў запасным палку… Ствол аўтамата быў накіраваны ў мае грудзі. Салдат сярэдняга ўзросту са шкадаваннем у вачах спытаў: «Ты колькі на перадавой?”. Адказаў, што прыбылі гэтай ноччу. «Тады хутчэй вяртайся туды, адкуль прыбег”… Такім было маё баявое хрышчэнне.

Аб экстрэмальнай сітуацыі расказваў і другі былы франтавік:

– Жорсткімі былі баі ў адным з гарадоў Венгрыі. Удалося стрымаць некалькі атак адборных фашыстаў, але моцны напор немцаў вымусіў нас адыходзіць. З групай таварышаў трапілі ў лавушку – аказаліся ў двары паўразбуранага дома, абнесенага высокай бетоннай агароджай. Адстрэльваліся да апошняга патрона, але і яны скончыліся. Мае баявыя сябры адзін за адным гінулі на вачах. Адчай прыдаў сілы. Разбегся – і літаральна пераляцеў праз высокую сцяну! Пашчасціла перачакаць час у руінах, а потым далучыўся да сваіх… Калі пасля вызвалення горада прыйшоў у памятнае месца, нават уявіць не мог, як удалося пераадолець гэту перашкоду.

Надзвычай цікавымі былі ўспаміны старога свяшчэнніка, рыза якога ў Дзень Перамогі была ўпрыгожана не толькі крыжам, але і медалямі. Маршчыністай рукой ён паглажваў адзін з іх – цёмны, падрапаны, паўсагнуты, пацярпеўшы, здавалася, ад часу:

– Гэты медаль «За адвагу” – самы дарагі. Пры пераправе праз Віслу ў яго трапіў асколак снарада, выратаваўшы мне жыццё… А напярэдадні прысніўся дзівосны сон. Быццам па нашай траншэі ідзе прыгожая жанчына ў доўгай сукенцы, узіраецца ў твары адпачываючых салдат. Адным кладзе на галаву вянок з кветак, другіх – хрысціць. Калі мяне благаславіла, прачнуўся. Перад наступленнем не паспеў расказаць таварышам, што бачыў. Пасля жорсткіх баёў успомніў сон і ўздрыгануўся: увенчаныя баявыя сябры загінулі… Даў слова: калі дажыву да Перамогі, звяжу жыццё са служэннем Богу…

Запісала Ніна НІКІЦЮК. г. Лунінец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть