ТРЫНАЦЦАТЫ СЕЗОН…
Спякотнае сонца, ціхі ветрык, гуляючы па залацістых верхавінах калосся азімага трыцікале, рокат камбайнаў ды размераны гул аўтамабіляў – так сустрэла жніво на Ракітнянскай сістэме СВК «Дварэцкі”. Падалося, што справа, якой займаюцца хлебаробы, простая і лёгкая, але гэтае ўражанне заставалася да моманту пакуль разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілём Клімчуком не наблізіліся да крайняга экіпажу з 8-мі працуючых тут камбайнаў. Здзівілася, калі ўбачыла на «Джон-Дзіры” лідзіруючых зараз у раённым спаборніцтве, а раней неаднаразовых пераможцаў рэспубліканскага і абласнога – Аляксандра Кіндрука і Сяргея Ільючыка. Не ўтрымаўшыся, спытала:
– Колас на ўскрайку рэдкі і дробны. Чаму вас на такі «бедны” ўчастак паставілі?
Аляксандр Іванавіч толькі ўсміхнуўся:
– А мы ніколі не прэтэндуем на лепшую ніву. Самае справядлівае спаборніцтва, калі працуем разам. Праўда, так атрымліваецца не заўсёды. Пасля таго, як закончым абмалочваць трыцікале на гэтым амаль 100-гектарным участку, наш экіпаж і «Джон-Дзір” Сяргея Калюціча і Мацвея Мацкевіча, накіруецца на ўборку ячменю. Ураджай яго сёлета незайздросны, аднак, імпартная тэхніка абмалочвае гэтую культуру найбольш якасна. Не спрачаемся, калі трэба – ідзем і працуем.
У Аляксандра Кіндрука і Сяргея Ільючыка – сёлета шосты па ліку ўборачны сезон на «Джон-Дзіры” і 13-ае жніво ў асабістым заліку Аляксандра. Якім яно будзе – пакажа час. А пакуль самы вялікі намалот у камбайнераў быў зафіксаваны тры гады таму – 2064 тоны.
На другім месцы ў раёне па намалотах ідуць Сяргей Калюціч і Мацвей Мацкевіч. Значнае адставанне ад лідараў тлумачыцца проста – іх камбайн вымушаны быў прастойваць трое сутак з-за адсутнасці рэменя, што выйшаў са строю:
– Складана цяпер даставаць запчасткі на імпартную тэхніку, – у роспачы адказаў Сяргей Калюціч.– Паломка невялікая, а прастой вось які. Будзем спадзявацца, што ў далейшым пазбегнем непрадбачаных сітуацый.
Напружаная барацьба вядзецца і сярод вадзіцеляў на перавозцы збожжа. У чым жа сакрэт «’хуткай язды і важкага кузава”, пацікавілася ў аднаго з прэтэндэнтаў на перамогу вадзіцеля Аляксандра Казуна:
– Да поўных бункераў камбайнаў пад’язджаем па чарзе. Больш збожжа перавозіць той, у каго тэхніка не ламаецца ды барты ў кузаве «нажыўлены”. Здаецца, проста, аднак, не кожнаму ўдаецца. Магчыма, старання не хапае. А яшчэ многае залежыць і ад арганізацыі работы. Мяне вось на зернеток пераводзяць, значыць, адстану ад іншых. І нічога тут не зробіш.
З першага дня на адвозцы зерня ад камбайнаў працуе вопытны вадзіцель Уладзімір Германовіч. Нягледзячы на пыл і гарачыню яго не пакідае добры настрой:
– Толькі 12 гадзін, а я пяты рэйс раблю. Да зернетока кіламетраў 12 будзе, дарога – не асфальт. Стараемся справу сваю рабіць акуратна, каб не дапусціць страт збожжа па дарозе. Разам з «калгаснымі” чатырма аўтамабілямі працуюць і два МАЗы з аўтапарка №10. Прастойваць камбайнам у гэты час недаравальна, хлеб убіраць трэба хутка, інакш непрадбачаных страт не пазбегнуць.
Маняўруючы ад камбайна да камбайна і загрузіўшы аўтамабіль з прычэпам, Уладзімір Германовіч ўзяў напрамак на зернеток. За дзень такім чынам ён перавозіць усярэднім па 60 тон зерня.
Як і ў большасці гаспадарак раёна працаўнікі на жніве ў «Дварэцкім” забяспечваюцца 2-разовым гарачым харчаваннем і спецадзеннем. Усе яны азнаёмлены з умовамі спаборніцтва і расцэнкамі. Дарэчы, у гаспадарцы самы вялікі ў раёне клін збожжавых і зернебабовых – 2427 гектараў. Унушальная і нагрузка на камбайн – 303 гектары. Аднак гэта не насцярожвае кіраўніцтва: экіпажы ўсе вопытныя, і тэмпы жніва на сённяшні дзень здавальняючыя. Адзінае, што непакоіць – гэта паўпусты колас яравых збожжавых. Тым не менш, тут абавязкова пастараюцца выканаць дзяржзаказ па продажу збожжа – 100 тон пшаніцы і 150 тон – піваваранага ячменю. Зараз пшаніца праходзіць абавязковы аналіз на наяўнасць цяжкіх металаў. Толькі пераканаўшыся, што іх утрыманне не перавышае дапушчальныя нормы, камбінат хлебапрадуктоў пачне прымацць зерне.