ТРЫВАЛЫЯ ПАЗІЦЫІ КААПЕРАТАРАЎ
“У лунінчан ёсць вопыт, добрыя традыцыі і высокія вынікі
ў фінансава-гаспадарчай дзейнасці,” – канстатаваў старшыня аблспажыўсаюза Алег
Несцярук, выступаючы на справаздачным сходзе ўпаўнаважаных райспажыўтаварыства,
які адбыўся ў гарадскім Доме культуры.
Акрамя кіраўніка з Брэста, у яго рабоце прынялі ўдзел
старшыні: райвыканкама – Васіль Агіевіч і райсавета – Віталь Адзішчаў. Перад
урачыстым мерапрыемствам упаўнаважаныя і госці мелі магчымасць ацаніць
здольнасці кулінараў і кандытараў, зазірнуўшы на “смачную” выставу.
У справаздачным дакладзе старшыня праўлення
райспажыўтаварыства Максім Сумар адзначыў, што калектыў працаваў над
замацаваннем станоўчых тэндэнцый, дасягнутых у мінулыя гады, над дынамічным
развіццём.
Тэмпы росту рознічнага таварааброту забяспечаны ў
супараўнальных цэнах на 105 працэнтаў пры прагнозе 110. Гэты прагнозны паказчык
выканаў толькі філіял “Вясёлка”. У асноўны капітал інвеставалі 4,6 мільярда
рублёў. Гэта дазволіла ўвесці ў эксплуатацыю дзве новыя гандлёвыя кропкі:
магазін у Мікашэвічах і дзіцячы – “Непаседа” ў Лунінцы. Правялі рэканструкцыю
аб’ктаў гандлю ў Вічыне, Лахве, Луніне і кафэ “Спадарожнік”.
Выканалі прагнозны паказчык па энергазберажэнню: пры
заданні мінус 7,2 працэнта, ён склаў мінус 12,1.
У лунінецкіх кааператараў высокая нагрузка на аднаго
прадаўца – 40,3 мільёна рублёў пры заданні 33 мільёны. Сярэднямесячная зарплата
– 1 мільён 395 тысяч рублёў. Істотна павялічыўся аб’ём вытворчасці прадукцыі і
дасягнуў 165 працэнтаў пры заданні 110, а таксама платных паслуг.
Вынікам плённай працы з’яўляецца прыбытак у суме амаль13
мільярдаў рублёў, што больш чым у 3 разы перавышае паказчык 2010 года. Упершыню
рэнтабельнасць у райспажыўтаварыстве склала 4 працэнты.
Адзначаючы станоўчыя моманты, Максім Андрэевіч спыніўся
на праблемах, якія датычаць невыканання асобных прагнозных паказчыкаў
філіяламі, недахопаў у арганізацыі абслугоўвання насельніцтва асобнымі
магазінамі, а таксама раўнадушнасці да работы некаторых спецыялістаў.
Ён падрабязна расказаў аб дзейнасці і перспектывах
развіцця кожнага з падраздзяленняў. Засяродзіў увагу на задачах, якія стаяць на
гэты год. Плануецца павялічэнне інвестыцый у асноўны капітал да 5 мільярдаў
рублёў. Гэта магчыма толькі пры фінансавай стабільнасці, тым больш што задзел
створаны неблагі. Аднак трэба ўлічваць, што расходы за электраэнергію і
ацяплення значна павялічыліся. Калі за студзень-люты мінулага года яны склалі
633 мільёны рублёў, то сёлета за такі ж перыяд – 1,6 мільярда!
– У жорсткай канкурэнцыі нам прадастаўлена права
даказаць, што мы здольны выканаць пастаўленыя дзяржавай задачы, захаваць
калектывы і працаваць на перспектыву, – канстатаваў Максім Сумар. – Адказнасць
– вялікая. Надзейнымі памочнікамі павінны стаць розум і прафесіяналізм.
Праяўляючы гэтыя якасці, здолеем павысіць дабрабыт і якасць жыцця, забяспечыць
эканамічны рост, падняць на больш высокі ўзровень кааперацыю раёна.
Па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці першае месца
прысуджана калектыву філіяла “Вясёлка”, другое – “НВК “Палессе”, трэцяе –
“Аптова-рознічнае аб’яднанне”.
У лік упаўнаважаных уваходзяць не толькі работнікі
гандлёвай сеткі, але і прадстаўнікі сельвыканкамаў, простыя грамадзяне. Па
традыцыі самыя актыўныя атрымалі прэміі. Сярод іх стараста вёскі Цна Ніна
Патурай, галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай і гэадэзічнай службы Мікалай
Наварыч, каваль СВК “Дварэцкі” Васіль Каховіч.
Старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч даў станоўчую ацэнку
дзейнасці кааператараў, выказаў удзячнасць калектыву за адданую працу.
Падарункам для прысутных стаў канцэрт самадзейных
артыстаў Лунінеччыны.
Алена ДАНІЛОВІЧ.