Усё, што звязана з Вялікай Айчыннай, болем адгукаецца ў сэрцы Галіны ВЕЛЯСЮК, урача-тэрапеўта раённай паліклінікі. Тлумачыцца гэта вельмі проста: вайна забрала яе дзядоў па бацькавай і матчынай лініях, па «мячу” і «кудзелі”, як прынята гаварыць. Гэтым жыхарам Дрэбска не давялося пасталець – абодва навечна засталіся маладымі. Унукам не пашчасціла зведаць дзядулеву ласку. Галіна Мікалаеўна расказвае:
– На жаль, не вядомы абставіны і месца гібелі Дзяніса Альцывановіча. Аднавяскоўцы, якія вярнуліся з фронту, гаварылі, што загінуў пры фарсіраванні Одэра. Гэта была не адзіная страта ў сям’і майго бацькі, якая ў час акупацыі вымушана была хавацца ў лесе, жыць у зямлянцы. З чацвярых дзяцей выжыў адзін хлопчык, малодшы, – мой будучы тата. На ўсе запыты аб лёсе салдата афіцыйныя ўстановы дасылалі адзін адказ: прапаў без вестак. У той час гэтыя дадзеныя не з’яўляліся падставай для атрымання дзяржаўнай дапамогі. Бабуля Праскоўя ў другі раз выйшла замуж…
Згодна з дакументамі, другі дзед – Лазар Сцяпанавіч Журыба – быў смяротна паранены. 12 лютага 1945 года памёр ад ран і быў пахаваны ў акрузе Брандэнбург у Германіі.
Бабуля Ульяна была вельмі адданай жонкай. Калі атрымала «пахаванку”, не магла паверыць у тое, што мужа ўжо няма. Магчыма, таму ён пастаянна прыходзіў у сне. Папярэджваў у самых небяспечных сітуацыях. Падказваў, на якой зямлі трэба пасадзіць жыта, на якой – лён. Удава выконвала ўсё ў адпаведнасці з яго парадамі. Настолькі дакладнымі былі намаганні, што ў сям’і заўсёды хапала хлеба. Мая мама расказвала, што ў самыя неўраджайныя гады чацвёра дзяцей загінуўшага франтавіка не былі галоднымі.
Калі больш-менш зацягнуліся раны, бабуля вырашыла наведаць магілу дзеда ў Германіі. Ужо і жменю зямлі завязала ў хусцінку, і зусім сабралася ў дарогу, як зноў убачыла мужа ў сне. Ён прасіў яе: нікуды не збірайся, мне ўжо не дапаможаш, а дзяцей нельга самых пакідаць… Так яна і засталася дома. А калі дзеці выраслі, трэба было дапамагаць ім уладкоўвацца, потым вучыць унукаў. Калі ж пастарэла, здароўе перашкодзіла ажыццявіць задуманае. Штогод памінала дзеда ў царкве. Цяпер гэта робіць мая мама…
Імя Лазара Сцяпанавіча Журыбы ўвекавечана ў кнізе «Памяць. Лунінецкі раён”, а таксама на помніку загінуўшым землякам у Дрэбску. Сюды на святы заўсёды запрашалі Ульяну Іванаўну як салдацкую ўдаву. Яе зямны шлях завяршыўся ў 40-ую гадавіну вызвалення Беларусі… Цяпер пашану загінуўшаму абаронцу Айчыны выказваюць 11 унукаў, у ліку якіх – мая суразмоўніца, і 27 праўнукаў. Адзначым таксама, што дзяжурствы на масавых мерапрыемстваў з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Галіна Мікалаеўна ўспрымае як ганаровую місію. Гэта яе асабістае «ўсё, што магу” пакаленню дзядоў – пераможцам Другой сусветнай…