Толькі каханне,

а не лічбы ў календары, і не дні асобныя служаць асновай сямейнага шчасця…

Доказам таму можа быць 10 кастрычніка мінулага года. У дзень «магічнага” спалучэння ў адзін рад аднолькавых лічбаў – 10.10.10 – у краінах Захаду адбыўся вясельны бум, а ў нас нічога падобнага не заўважалася. ЗАГС працаваў у штатным рэжыме: было зарэгістравана чатыры шлюбы. Пакуль не праявіў ніхто жадання звязаць сябе вузамі Гіменея і ў лістападзе гэтага года – 11.11.11. Магчыма, бліжэй да даты становішча зменіцца, пра што абавязкова паведамім.

Узрастае за мяжой колькасць урачыстых рэгістрацый і 14 лютага, у дзень закаханых. Між тым, у нашым раённым ЗАГСе сёлета няма жадаючых заканадаўча аформіць свае адносіны ў гэты дзень. Магчыма, паўплывала тое, што маладзёжнае свята выпала на панядзелак. Трэба адзначыць, што супрацоўнікі ЗАГСа могуць працаваць і па індывідуальных заказах – зарэгістраваць шлюб у любы дзень тыдня і ў любы час. Да таго ж, сталі большай папулярнасцю карыстацца ўшанаванні юбіляраў, урачыстыя рэгістрацыі нараджэнняў. Для гэтага дастаткова напісаць заяву і прынесці яе ў аддзел запісаў актаў грамадзянскага стану (у Лунінцы ён размешчаны па вуліцы Чырвоная, 50) ці гарсельвыканкам. Выбар прыгожай даты… Добра гэта ці дрэнна? Адназначна адказаць немагчыма. Аднак, калі ёсць каханне – любая лічба будзе шчаслівай. З гэтай думкай пагаджаецца і начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Святлана ЯРОЦКАЯ.

– Калі шлюбаў больш – заўсёды добра. Але не бачу вялікага значэння, што нашы маладыя пары не прывязваюць свае вяселлі да нейкіх дзён ці дат. Гэта больш мода, а хіба трэба мода там, дзе ідзе размова аб лёсе маладой сям’і. Сталі прытрымлівацца векавых праваслаўных традыцый – фактычна не бывае шлюбаў у час пастоў, мала іх рэгіструем і ў маі.

– Калі гаварыць аб колькасці, чым нас парадаваў мінулы год?

– Усяго ў раёне зарэгістравана 549 шлюбаў, у горадзе — 310. Гэта крыху больш, чым у 2009-ым. 26 шлюбаў зарэгістравана з іншаземцамі, 14 – з непаўналетнімі.

– Як закончыўся 2010 год для Лунінеччыны па іншых паказчыках?

– Летась нарадзілася 863 дзіцяці. Часцей за іншых радаваліся ў Дварэцкім (64), Лунінскім (41), Дзятлавіцкім (37) і Вулькаўскім (37) сельсаветах. У Мікашэвічах на свет паявілася 183 немаўляці, у Лунінцы – 331. На жаль, колькасць смерцяў перабольшыла гэты паказчык – 1093, з іх у Лунінцы – 238 і Мікашэвічах – 174. Памерла 5 дзяцей ва ўзросце да 1 года. 86 чалавек звярнуліся за ўстанаўленнем бацькоўства, 15 – з заявай аб змене прозвішча, 8 – аб усынаўленні.

Гутарыў Аляксандр КОЎКА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть