Трэцяе пакарэнне “…БАЗАРА”.
Па аб’ектыўных прычынах яго не ўдалося завяршыць, але ўслед за байкапісцай Настассяй Якавец з Лобчы і юнай спявачкай Крысцінай Збралевіч з Лунінца наш край быў прадстаўлены яшчэ ў адным відзе мастацтва.
Магічнае словазлучэнне “Славянскі базар у Віцебску” сёлета для Валянціны ЛУД было напоўнена асаблівым сэнсам. Мастак-афарміцель раённага цэнтра дзіцячай творчасці даўно марыла прыняць удзел у мастацкіх выставах міжнароднага фестывалю. Пашанцавала быць запрошанай на юбілейную, ХХ, сустрэчу творцаў з розных краін. Валянціна Уладзіславаўна і яе былая выхаванка Алена Чарнавокая, якая зараз кіруе гуртком выяўленчага мастацтва ЦДТ, сталі ўдзельніцамі “Віцебскага вернісажу”.
Ужо 7 ліпеня лунінецкія мастачкі размясціліся ў “Горадзе майстроў”, выставіўшы свае працы ў стылі бацік на пляцоўцы перад Летнім амфітэатрам. Многія ўдзельнікі і госці выказалі захапленне вытанчаным стылем твораў нашых зямлячак. Асобныя карціны карысталіся камерцыйным поспехам.
Аднак, праз два дні лунінчанкам давялося пакінуць “…базар”: Валянціна Уладзіславаўна вымушана была вярнуцца на пахаванне трагічна загінуўшага бацькі, а вучаніца і калега не пакінула сваю былую настаўніцу сам-насам з бядой.
– Спадзяюся, што пасля сёлетняга дэбюту чарговыя выставы будуць больш плённымі, – не адчайваецца Валянціна Уладзіславаўна. – Шчаслівая асэнсаваннем, што ў горадзе, які на ўвесь свет праславіў Марк Шагал, па вартасці ацэньваюць мастацкія здольнасці і сучасных творцаў.