У ЧАКАННІ ВЕСНАВОГА СТАРТУ
Набірае сілу вясна. Лічаныя дні застаюцца да часу, калі вяскоўцы масава выведуць на палеткі пасяўныя агрэгаты. Аб тым, наколькі яны гатовы да гэтай важнейшай кампаніі, расказвае галоўны аграном райсельгасхарчу Яўген БАГДАНЕЦ:
– Планы на бягучы год сур’ёзныя. Мяркуем атрымаць 67,6 тысячы тон зерня, што на 50 працэнтаў больш, чым летась; 26,8 тысячы тон бульбы (прырост 36 працэнтаў), 6,4 тысячы тон рапсу (на 66 працэнтаў больш) і 5,8 тысячы тон агародніны. Апошні паказчык штогод выконваецца, дзякуючы мэтанакіраванай рабоце ў гэтым напрамку СВК “Дварэцкі” і фермерскай гаспадаркі “Юліян”.
Закладваць падмурак новага ўраджаю, як звычайна, пачалі з восені. Азімых культур пасеялі 12,6 тысячы гектараў, у тым ліку 10,7 тысячы – на зерне. Плошчы ў параўнанні з папярэднім годам павялічылі амаль на 500 гектараў. Праведзены маніторынг пасеваў паказаў, што зіму яны перажылі добра. І зараз многае будзе залежаць ад таго, як пройдуць падкормкі. Да гэтай работы прыступяць пры ўсталяванні сярэдняй тэмпературы паветра +5-6 градусаў.
Перагледжана і структура пасяўных плошчаў пад яравую сяўбу. Усяго збожжавымі і зернебабовымі будзе занята 12,9 тысячы гектараў зямлі. Сур’ёзным рэзервам атрымання зерня з’яўляецца кукуруза. Плошчы пад яе таксама будуць павя-лічаны амаль на тысячу гектараў. СВК “Дварэцкі” давядзе іх да 600 гектараў, “Новае Палессе” – да 300, КСУП “Міжлескае” – да 280. У апошняй гаспадарцы, дарэчы, летась атрымалі самы вялікі намалот кукурузы – 100 цэнтнераў з гектара, тады як многія не мелі нават і 50 цэнтнераў.
Падпарадкоўваючыся патрабаванням часу і з мэтай захавання харчовай бяспекі краіны, пашырылі плошчы пад крупяныя культуры: на 90 гектараў – грэчкі, на 30 – проса. У агульнай колькасці іх будзем мець 680 гектараў.
Немалаважнае значэнне ў атрыманні высокіх ураджаяў мае запраўка глебы арганікай і тукамі. На сённяшні дзень арганічных угнаенняў назапашана 95 працэнтаў да патрэбнага. Асноўная частка іх ужо вывезена на палеткі. Што датычыць тукаў, то дастаткова маем пакуль толькі калійных угнаенняў. Забяспечанасць азотнымі складае 56 працэнтаў, фосфарнымі – 58. На іх, дарэчы, як і на закупку пратручвальнікаў і паліва гаспадаркам, выдзяляюцца льготныя крэдыты. Ужо сёння неабходную колькасць пратручвальнікаў насення маюць СВК “Гарадоцкі”, “Дварэцкі”, “Хваецкае”, “Лунінскі”, “Багданаўка”, “Велута” і “Чучавічы”. Нягледзячы на неспрыяльнае для зерневых культур надвор’е мінулага года, усе гаспадаркі здолелі назапасіць неабходную колькасць насення. Усё яно адпавядае агратэхнічным патрабаванням. Многія гаспадаркі маюць у запасе паліва, якога павінна хапіць на тыдзень работы. З дня на дзень выйдуць на падкормку азімых азотам спецыялізаваныя агрэгаты “Раса” ў СВК “Вулькаўскі світанак” і СП “Рэдзігерава-Агра”, крыху пазней далучацца да іх машыны іншых мадыфікацый, якія ёсць у кожнай гаспадарцы.
Традыцыяй стала правядзенне ўзаемаправерак гатоўнасці гаспадарак да асноўных сельгаскампаній. Днямі падобная прайшла ў СВК “Лунінскі”, “Багданаўка” і філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Камісія ў складзе прадстаўнікоў агранамічнай і інжынернай службаў упраўлення райсельгасхарчу і названых гаспадарак адзначыла ў цэлым нядрэнную ў іх падрыхтаванасць да веснавой сяўбы.
Запісала Галіна КУЧЭЙКА.