У ДЭФІЦЫЦЕ – ТОКАРЫ

І не толькі на прадпрыемствах горада, але і пры наборы навучэнцаў па
спецыяльнасцях металаапрацоўкі  ў
політэхнічным каледжы. Пра гэта стала вядома падчас выязнога пасяджэння прэзідыума
раённага савета дэпутатаў. Народныя абраннікі вывучалі пытанне стварэння ўмоў
для падрыхтоўкі кваліфікаваных канкурэнтаздольных рабочых і спецыялістаў ва
ўстановах прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі раёна.

У політэхнічным каледжы робіцца
ўсё, каб падлеткі маглі атрымліваць трывалыя веды і запатрабаваныя прафесіі, развіваць
свае творчыя здольнасці і далучыцца да здаровага ладу жыцця. Утульнасцю і чысцінёй
уразілі вучэбныя аўдыторыі.

Аб дасягненнях у сферы
рацыяналізатарства сведчылі экспанаты ў адпаведным музеі. Гэта – гідракопер для
такарнага станка, сонечная электрастанцыя і рухавік, ветравы водаўзнімальнік з
генератарам, зварачныя апараты і іншае. Намеснік дырэктара Уладзімір Ермаловіч
расказаў, што за год навучэнцы распрацоўваюць да 10-12 рацыяналізатарскіх
прапаноў. Ён жа пазнаёміў і з вытворчымі майстэрнямі, дзе вядзецца падрыхтоўка
токараў, электразваршчыкаў, слесараў, электраманцёраў. А з гэтага года – і
мантажнікаў санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання. Пакуль у навучальнай
установе ідзе працэс станаўлення ў новай справе, научэнцам прапаноўваецца
наведваць рэсурсны цэнтр, які існуе пры Кобрынскім будаўнічым каледжы.

Супрацоўніцтва з ААТ
“Палессеэлектрамаш”, рамонтна-механічным заводам, ПУВП “Вікторыя”,
райспажыўтаварыствам дапамагае не толькі працаўладкоўваць выпускнікоў, але і
паляпшаць матэрыяльную базу. Летась на бязвыплатнай аснове прыватнае
прадпрыемства перадало стругальны станок, удзельнічала разам з іншымі
фундатарамі ў заахвочванні майстра вытворчага навучання Міхаіла Каспяровіча,
які заняў другое месца ў абласным конкурсе сярод калег, што выкладаюць такарную
справу.

У навучальнай установе працуюць
26 гурткоў і секцый па інтарэсах, якія карыстаюцца папулярнасцю ў юнакоў і
дзяўчат, арганізуюцца раснастайныя спаборніцтвы. А творчае натхненне моладзь
чэрпае ў сваіх выкладчыкаў – актыўных удзельнікаў народнага хору “Палессе”.

У сельскагаспадарчым каледжы ўвагу прыцягнулі майстэрні,
дзе практыкуюцца будучыя будаўнікі. За 5 год прафесіі муляра,
тынкоўшчыка-маляра паспелі заваяваць папулярнасць, пасведчанні аб набытай
спецыяльнасці атрымалі больш як 600 чалавек. Прычым, значная частка – па
накіраванню аддзела занятасці. З гэтага года на базе навучальнай установы
пачалі рыхтаваць і плітачнікаў. Улічваючы, што колькасць жадаючых атрымаць
будаўнічую спецыяльнасць расце, пашырылі плошчы вытворчых майстэрняў. Сёлета
адбудзецца другі выпуск тэхнікаў-будаўнікоў. У такіх спецыялістах маюць патрэбу
многія арганізацыі краіны.

Меншай папулярнасцю стала
карыстацца прафесія агароднінавода, хоць у сельгаспрадпрыемствах яны ніколі не
застануцца без работы. Да таго ж, атрыманыя веды будуць вельмі карыснымі і пры
вядзенні ўласнай гаспадаркі. Юнакоў і дзяўчат вучаць вырошчваць расаду (зараз
тут зайздросныя таматы, перцы, баклажаны), пікіраваць, рабіць прышчэпкі садовых
дрэў і іншае. За работамі на садовым участку і ў цяпліцы засталі навучэнцаў
каледжа.

Выступаючы на пасяджэнні круглага
стала дырэктар Фёдар Бірыла спыніўся на тым, якія работы праводзяцца для паляпшэння
быту навучэнцаў. Шмат увагі надаецца па-за бюджэтнай дзейнасці, якая летась
прынесла 500 мільёнаў рублёў. Засяродзіў увагу, што ў выпускніках каледжа больш
зацікаўлены іншагароднія прадпрыемствы і арганізацыі. Напрыклад, толькі СВК
“Парахонскі” падаў заяўку на падрыхтоўку 23 механізатараў і 12 вадзіцеляў.

У каледжы заўсёды ідуць у нагу з
часам. Паявілася запатрабаванасць у вадзіцелях катэгорыі “Е”, і навучальная
ўстанова адразу пачала работу па атрыманню адпаведнай ліцэнзіі. На пытанне, ці
могуць на базе каледжа рыхтаваць спецыялістаў горнаперапрацоўчай галіны, Фёдар
Аляксеевіч адказаў, што пры наяўнасці заявак з РУВП “Граніт” такая магчымасць
не выключаецца.

Дырэктар політэхнічнага каледжа
Андрэй Баўкуновіч акрэсліў праблемы, з якімі зараз сутыкаецца сістэма
прафтэхнавучання. Перш-наперш, гэта – змяншэнне колькасці навучэнцаў. Пры
вялікай запатрабаванасці рабочых спецыяльнасцей, моладзь усё ж імкнецца да
атрымання вышэйшай адукацыі, хаця дыплом не заўсёды гарантуе працаўладкаванне.
Не лепшым чынам уплывае і дэмаграфічная сітуацыя.

Асаблівыя складанасці адчувае
навучальная ўстанова з наборам па спецыяльнасцях металаапрацоўкі, хаця, як
запэўнілі дырэктар рамонтна-механічнага завода Анатоль Волк і начальнік аддзела
кадраў ААТ “Палессеэлектрамаш” Таццяна Крышыловіч, тут катастрафічна не хапае
токараў. Зараз на прадпрыемствах працуюць спецыялісты, узрост якіх даўно перасягнуў
пенсійны.

Як высветлілася, наймальнікі не
заўсёды могуць зацікавіць будучых спецыялістаў. Магчыма, калі б падчас практыкі
яны атрымлівалі матэрыяльнае заахвочванне, гэта дало б штуршок у жаданні
прыйсці на завод.

Намеснік начальніка аддзела па
занятасці Вольга Уладзімірава падкрэсліла, што зараз у раёне засталося толькі
300 беспрацоўных. Многія з тых, хто сапраўды жадае працаўладкавацца, набываюць
новыя прафесіі. Прычым, 80 працэнтаў праходзяць навучанне ў лунінецкіх
установах.

Падчас пасяджэння ўзнімаліся і
іншыя пытанні, якія датычаць аховы грамадскага парадку на тэрыторыях, што
прылягаюць да навучальных устаноў, а таксама навядзення чысціні ў наваколлі.

Вынікі падвёў старшыня райсавета
Віталь Адзішчаў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть