У ДОБРЫ ШЛЯХ, СЯБРЫ!
Гарадскі парад выпускнікоў сабраў сотні гледачоў. Бацькі прыйшлі паздяліць радасць са сваімі дзецьмі, якія атрымлівалі атэстаты сталасці. Хтосьці – падтрымаць выхаванцаў, даць апошнія настаўленні перад стартам у дарослае жыццё. Іншыя – проста палюбавацца ўчарашнімі школьнікамі, якія ператварыліся ў грацыёзных прыгажунь і пасталелых юнакоў.
Сёлета сцены трох школ і гімназіі імя У. Нядзведскага пакінулі 142 старшакласнікі. З заканчэннем вучобы павіншаваў старшыня Мікашэвіцкага гарвыканкама Анатоль Давыдовіч. Ад імя мам і тат да педагогаў звярнулася Ларыса Ляшкевіч з удзячнасцю за самаадданасць, цярпенне, напорыстасць. Да шчырых слоў далучыўся Дзмітрый Пракаповіч. Сяброўскі наказ нагадваў зварот да вучняў намесніка па выхаваўчай рабоце СШ №3 Алены Саўчук.
Цяплом і пяшчотай было прасякнута прывітанне загадчыцы раённага метадычнага кабінета аддзела адукацыі Антаніны Базык. Яна ўручыла граматы настаўнікам Лідзіі Кіслюк (гімназія), Ірыне Бездарогавай (СШ №1), Святлане Патурай (СШ №2) і Галіне Шуляк (СШ №3). Гэтыя спецыялісты, паводле галасавання вучняў 11-ых класаў, прызнаны лепшымі.
Паўзы паміж выступленнямі запаўнялі песні і танцы ў выкананні Сняжаны Міхнавец, Рамана Ляшкевіча, Арцёма Уса і іншых дзяцей.