У КОЖНАГА КАМБАЙНА – СВОЙ ГАСПАДАР
Частыя дажджы ўносяць карэктывы ў работу хлебаробаў. Асабліва моцныя яны прайшлі ў Мікашэвіцкай зоне, дзе знаходзяцца асноўныя нівы СП «Аграграніт”. Даўшы крыху абсохнуць коласу вяскоўцы ўсё ж вывелі ў поле камбайны, аднак вільготнае зерне дрэнна абмалочвалася, таму вымушаны былі зноў прастойваць…
На ўчарашні дзень у гаспадарцы ўбралі 39 працэнтаў плошчаў. Пры ўраджайнасці 20 цэнтнераў з гектара намалацілі 1226 тон збожжа. У лік дзяржзаказу даставілі на Лунінецкі ўчастак Пінскага КХП 350 тон харчовага жыта. Яшчэ ў засекі дзяржавы яго трэба засыпаць 150 тон і больш як 200 тон трыцікале і пшаніцы.
У «Аграграніта” дастаткова камбайнаў і тэхнікі для адвозкі зерня, прэсаў – для падбору і трактароў – для адвозу саломы. Адзінае, што непакоіць, – слабая сушыльная гаспадарка. Не збыліся надзеі вяскоўцаў наладзіць да жніва новую сушылку. З наплывам зерня на ток, як і ў ранейшыя гады, вяскоўцы, штодзённа працуючы ў 2-3 змены, так-сяк упраўляцца на трох старых сушылках.
СП «Аграграніт” адметна і тым, што яно, бадай, адзінае сельгаспрадпрыемства ў раёне, дзе камбайнеры працуюць без памочнікаў. У кожнага з шасці збожжаўборачных агрэгатаў – свой гаспадар. Новенькі КЗС-1218 атрымаў сёлета і 25-гадовы механізатар Аляксей Саўчук. Сваё першае жніво ён не лічыць нечым незвычайным:
– Шэсць год я ў «Аграграніце”. Да пачатку ўборкі займаўся нарыхтоўкай кармоў. За мной замацаваны «Ягуар”. Уставаць рана і позна класціся спаць – звычайная справа. Асаблівых складанасцей на жніве не адчуваю. Тэхніка знаёмая. Работа падабаецца. Намалаціў ужо 450 тон збожжа. Закончу ўборку, перасяду на «Ягуар” і пачну ўбіраць кукурузу. Добра, што ёсць пастаянная работа, а значыць і зарплата. З такім жа аптымістычным настроем працуе і вадзіцель МАЗа-555 Дзмітрый Кірбай. З пачатку жніва ён перавёз ад камбайнаў 450 тон зерня.
На сённяшні дзень Аляксей Саўчук і Дзмітрый Кірбай з’яўляюцца лідарамі спаборніцтва на жніве сярод працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, сваё першынства ўступаць нікому не збіраюцца.