“У ПОШУКАХ ПРАПАЎШЫХ ДЗЯЦЕЙ АДПРАЦОЎВАЮЦЦА ЎСЕ МАГЧЫМЫЯ ВЕРСІІ…”

Віктар Васільевіч САВІЧ, пракурор:

– На мінулым тыдні ў пятніцу,18 лютага, у Цне адбылося надзвычайнае здарэнне – прапалі два хлапчукі. Вучні мясцовай школы – сямігадовы Дзіма Калянковіч і васьмігадовы Улад Якубовіч – пасля урокаў папрасіліся ў адной з матуль пакоўзацца на сажалцы, што знаходзіцца за агародамі. Атрымаўшы дазвол, яны пакінулі дома школьныя рукзакі і накіраваліся ў бок вадаёма.

Праз некаторы час жанчына спахапілася, што дзеці доўга не вяртаюцца дадому. Не знайшоўшы іх на сажалцы, падумала, што малыя недзе загуляліся. Прайшло яшчэ колькі часу, пакуль дарослыя забілі трывогу. Спачатку бацькі разам з суседзямі самі шукалі хлопчыкаў. І толькі пасля таго, як упэўніліся, што пошукі вынікаў не даюць, каля 19 гадзін паведамілі ў раённы аддзел міліцыі.

Адразу ж па трывозе былі падняты супрацоўнікі РАУС, аддзела па надзвычайных сітуацыях, грамадскасць. На наступны дзень да іх падключыліся спецыялізаваныя вадалазныя службы, бо і па сённяшні дзень адной з асноўных версій застаецца апасенне, што дзеці па неасцярожнасці трапілі ў прамыіну на старым русле Цны, што працякае непадалёк. Ёсць і ўскосныя сведчанні такіх здагадак.

На жаль, пошукі істотна ўскладніла тая акалічнасць, што на момант знікнення з-за адлігі практычна сышоў снег і бачных слядоў дзяцей нельга заўважыць. Ды і ваколіца мяркуемага месца здарэння затаптана людзьмі, якія па гарачых слядах стараліся знайсці малых.

На наступны дзень вадалазамі спецыялізаваных служб была абследавана акваторыя Цны ад мяркуемага месца здарэння на дастаткова вялікай адлегласці ўніз па цячэнні. Дадатковыя цяжкасці стварае тоўсты лёд, дрэнная бачнасць у зімовай вадзе, вялікая заіленасць і засмечанасць дна. На адлегласці 5 кіламетраў устаноўлены спецыяльныя загароджвальныя прыстасаванні.

Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да ўсіх без выключэння бацькоў. Звярніце ўвагу на паводзіны сваіх дзяцей. Не выпускайце іх з-пад увагі. Хутка наступіць вясна. З яе надыходам вадаёмы пачнуць уяўляць сабою вялікую небяспеку. Растлумачце ім правілы паводзін у такіх месцах, а лепш увогуле параіць пазбягаць зімовых забаў на крохкім ільдзе.

Варта сказаць, што праваахоўнікамі правяраецца не толькі гэтая, але і іншыя магчымыя версіі знікнення дзяцей. Адразу ж былі абследаваны ўсе нежылыя пабудовы ў ваколіцах Цны. Ніякіх сведчанняў знаходжання там малых не знойдзена. Нягледзячы на тое, што хлопчыкі зусім не схільныя да бадзяжніцтва, адпрацавана магчымасць іх самавольнай паездкі ў цягніках ці аўтобусах. І гэтая версія абнадзейваючых вынікаў пакуль не дала.

Дакладна правяраецца любая паступаючая інфармацыя. Фотаздымкі дзяцей і звесткі аб іх змешчаны ў сродках масавай інфармацыі. І ўсё ж рабоце вельмі перашкаджаюць безгрунтоўныя чуткі аб магчымым крадзяжы хлопчыкаў ці то цыганамі, ці то прадстаўнікамі рэлігійных сект. Нягледзячы на тое, што адцягваюцца сілы і час, яны таксама ўсе правяраюцца. Хачу сказаць, што сёння не ўстаноўлена заслугоўваючых увагі аб’ектыўных дадзеных, якія б сведчылі пра тое, што Дзіма і Улад сталі ахвярамі жудаснага злачынства.

Тым не менш, мы звяртаемся да людзей, якія магчыма валодаюць той ці іншай аб’ектыўнай інфармацыяй аб знікненні дзяцей. Любым магчымым спосабам звярніцеся ў міліцыю, аддзел па надзвычайных сітуацыях, пракуратуру, нарэшце – да прадстаўнікоў улады па месцы жыхарства і паведаміце каштоўныя звесткі. Мы будзем удзячны за любую дапамогу ў стараннях праліць святло на знікненне хлопчыкаў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть