Общество

У ПОЎНАЧ – ЗА МЕНТУЗОМ

Лоўля гэтага віду рыбы пачынаецца з рэзкім пахаладаннем вады і мае свае асаблівасці.
Мянтуз – начны паляўнічы, таму злавіць яго ў дзённы час – удача вельмі рэдкая. Вопытныя рыбаловы прыязджаюць за ім на вадаёмы загадзя, каб паспець падрыхтавацца да рыбалкі. Да апоўначы, а то і на гадзіну-другую пазней, пачынаецца клёў, які затым можа рэзка абарвацца. Бывае і зацішша, хоць і здараецца такое рэдка.
З самых распаўсюджаных снасцяў – фідэр ці звычайная “закідушка” з таўшчынёй асноўнай лёскі да 0,4 і павадком 0,25 мм. Даўжыня яго вагаецца ад 20 да 40 см. Лепш прымяняць адзін кручок. А вось ад двайніка ці трайніка варта адмовіцца. На донку мацуецца грузіла вагой не менш як 100 грамаў, каб прынада “не вісела ў паветры”, а ляжала на самым дне. З мэтай адчування паклёўкі прымяняюцца званочкі.
Паколькі мянтуз лічыцца драпежнай рыбай, то раслінныя прынады выкарыстоўваць няма патрэбы. Маленькая рыбінка, пучок чарвякоў ці нават жабка – вось галоўнае яго меню. Пры лоўлі выкарыстоўваюць пячкура, а то і калючага ярша. Да дробязі “белай” рыбы мянтуз не вельмі ахвочы.
Ноччу рыба трымаецца каля перакатаў і пясчаных водмеляў. Больш буйныя экзэмпляры выбіраюць глыбокія яміны, выходзяць на ўчасткі з лёгкім рачным цячэннем. Рыба невялікіх памераў не аказвае супра-ціўлення пры выважванні, а вось асобіны больш як 1 кілаграм прымушаюць рыбалова некалькі пахвалявацца. “Сеўшага” на кручок ментуза спяшацца выцягваць няварта – няхай лепш і глыбей заглыне прынаду.
Не менш важную ролю пры лоўлі начнога драпежніка адыгрываюць умовы надвор’я. Прыкмечана, што парывісты вецер, дождж і нізкі атмасферны ціск – на руку рыбалову. Бывае і наадварот: начная цішыня, бязветранасць і поўня ў небе дазваляюць “нарвацца” на добры клёў.
Асенняя рыбалка ў халодную ноч – не летняя. Таму вогнішча на рачным беразе будзе вельмі дарэчы, як і ліхтарык, без якога абысціся нельга. Цёплая вопратка, тэрмас з гарачай кавай – важныя атрыбуты начнога рыбалова.
У халодны час не ўзнікае праблем з захаваннем улову. Рыбу можна скласці ў поліэтыленавы пакет ці звычайнае вядро. Галоўнае на рыбалцы за ментузом – цярпенне, упэўненасць у сваім вопыце і кем-лівасці, тады начная рабалка, а пазней і юшка з ментуза, прыйдуцца вам даспадобы.
Нярэдка здараецца, што да наступлення поўнай цемры на печкура ці ярша спрацуе паклёўка самага распаўсюджанага драпежніка нашых вадаёмаў – шчупака. Яго можна не толькі падсмажыць на патэльні ў паніровачных сухарах ці муцэ, але і засаліць. Так што
СОЛІМ ШЧУПАКА
Перад гэтым буйную рыбу прамываем, разразаем ад галавы да хваста, выкідваем унутранасці. Калі ёсць ікра, яе пакідаем. Рыбу націраем соллю. Працягласць салення ў халоднае надвор’е – да 10 сутак, калі ж сушыць шчупака ў цёплым памяшканні – дастаткова і 5-ці.
Ну і як тут абысціся без гумару? Запас яго ў арсенале рыбаловаў-аматараў дастаткова вялікі. Адзін з анекдотаў – “НЕ ДА КАХАНКІ!”
Муж збіраецца паехаць на рыбную лоўлю. Жонка стаіць побач і цікуе за ім…
– Ты што так глядзіш на мяне, быццам я да каханкі!
– У дзіравых шкарпэтках? Не сумняваюся – на рыбалку!
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть