УСЕ МЫ – КРЫХУ АКЦЁРЫ…

27 сакавіка – Міжнародны дзень тэатра

У Лунінец захапленне сцэнічным мастацтвам прыйшло ў пачатку ХХ стагоддзя. Фотаадлюстраванні некаторых падзей знаходзяцца ў краязнаўчым музеі. Гэта здымкі 1913-га: да 300-годдзя Дома Раманавых вучні чыгуначнага вучылішча паказалі спектакль «Жыццё за цара” – і 1929-га: удзельнікі драматычнага гуртка рускай рэальнай гімназіі ажыццявілі пастаноўку п’есы Астроўскага «На ўсякага мудраца хапае прастаты”.

У многіх сем’ях захоўваюць фота перыяду 1930-ых гадоў, занатаваўшыя калядныя прадстаўленні. На гэтых здымках перыяду «польскага часу” ўражвае мноства хлопчыкаў і дзяўчынак у беларускіх нацыянальных строях, што цяпер рэдка ўбачыш, хаця тэатралізаваныя відовішчы пад навагодняй ёлкай працягваюць быць прыгожай традыцыяй.

У выкладчыка школы мастацтваў Сяргея Уладзіміравіча Рыхцера захавалася некалькі фотоздымкаў з адлюстраваннем тэатральнага жыцця 1970-ых гадоў, якое віравала ў тагачасным РДК – цяпер касцёле. Яго бацька працаваў токарам, на пенсію выйшаў з завода электрарухавікоў. Захапляўся музыкай – іграў на трубе ў духавым аркестры, які ўпрыгожваў лунінецкія парады на Першамайскія і Кастрычніцкія святы. Яшчэ большым было прыцягненне сцэны. Удзел Уладзіміра Уладзіміравіча Рыхцера (1929-2000) у многіх спектаклях і занатавалі здымкі. Ён успамінаў, як не ўдаваліся шумавыя эфекты і як выходзілі са складанага становішча самадзейныя артысты. Перапоўненая зала ўдзячных прыхільнікаў даравала мясцовым кумірам любы сцэнічны казус.

У сучаснасці аддана служаць Мельпамене ў Мікашэвічах (у Палацы культуры «Граніт” дзейнічае народны тэатр) і ў Чэрабасаўскім СДК. Цікавыя тэатралізаваныя відовішчы рыхтуюць і ў многіх школах. Лунінчанам найбольш вядомы спектаклі, падрыхтаваныя ў СШ №4 Наталляй Іванаўнай Казанковай – дачкой і пляменніцай «рэалістак”, захопленых тэатральнай творчасцю.

Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть