“УСЛАЎЛЯЕМ ЦЯБЕ, КРАЙ ЛЮБІМЫ”…
З будаўніцтвам аграгарадка ў Любані паступова адраджаецца культурнае жыццё. Вось і нядаўна мясцовых жыхароў гасцінна прымаў Дом культуры, – тут ладзілася свята вёскі.
Пачалося яно з уручэння духмянага каравая старшыні Лахвенскага сельвыканкама Людміле Пашкевіч, якая шчыра павіншавала землякоў. Шмат цёплых слоў знайшоў для прысутных і старшыня СВК «Новае Палессе” Віталь Ермалёнак. (Яму і кіраўніку фермерскай гаспадаркі «Юліян” пазней была выказана падзяка за фундатарскую падтрымку свята – Г.К.). Мясцовы паэт і краязнаўца Сцяпан Нефідовіч паведаміў пра гісторыю стварэння Любані, прачытаў свой верш «Лунінеччына”. Зрабіць праграму лёгкай для ўспрымання гледачамі пастаралася загадчыца ДК Наталля Кіпцэвіч, якая добра прадумала музычныя нумары. Яна расказала легенду, паводле якой вёска набыла сваю назву.
Нягледзячы на тое, што свята ішло па традыцыйным сцэнарыі, усё ж атрымалася цікавым. Шкада толькі, што зусім мала вяскоўцаў прысутнічала на ім і не бачыла як ушаноўвалі старажыла вёскі – 90-гадовага Міхаіла Сцяпанавіча Самусевіча, самага юнага жыхара – Арсенія Сыцэвіча, мнагадзетную маму – Кацярыну Касач, нядаўна ўзяўшых шлюб мужа і жонку Віктара і Крысціну Заступневічаў. Не забылі і пра ветэранаў вайны.
У фае была разгорнута выстава вышыванак мясцовых майстрых Таццяны Шкут, Яўгеніі Піліпцэвіч і Алены Самусевіч.
Тэрыторыя перад Домам культуры поўнілася дзетварой. Хлопчыкі і дзяўчынкі з надзеяй глядзелі на дарогу, чакаючы абяцаных раней ды так і не прыехаўшых у вёску забаўляльных атракцыёнаў. Не быў арганізаваны і выязны гандаль. Маўляў, побач магазін і кафэ, дзе жадаючыя маглі набыць разнастайныя ласункі. Магчыма і так, але ж ад гэтага свята здалося беднаватым і няпоўным.