УТРЫМАЦЬ, ЗАСЦЕРАГЧЫ, ВЫРАТАВАЦЬ…

Пасяджэнне савета па каардынацыі дзеянняў адміністрацыйных, праваахоўных, кантрольных органаў, воінскіх падраздзяленняў і мытнай службы пачалося з абмеркавання стану законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна. Па меркаванню старшыні райвыканкама Васіля Агіевіча, нягледзячы на тое, што ёсць зрухі да лепшага, сітуацыя застаецца дастаткова складанай.
Сведчылі пра гэта і некаторыя факты, прыведзеныя ў дакладзе начальніка РАУС Уладзіміра Рыбака. У раёне ў цэлым адзначана зніжэнне злачыннасці, але павялічылася колькасць правапарушэнняў у сельскай мясцовасці. Ёсць рост крадзяжоў, у тым ліку і ўчыненых непаўналетнімі. Асабліва трывожаць рэцыдывісты. Калі летась былыя асуджаныя пайшлі на 142 канфлікты з законам, то сёлета іх колькасць вырасла да 203-ох. 
Нярэдка “на справу” парушальнікі ідуць групай. Удвая павялічылася колькасць разбойных нападзенняў (2 выпадкі) і ўгонаў аўтатранспарту (6). Не зарэгістравана вымагальніцтваў, а забойствы і наўмыснае прычыненне цялесных пакалечанняў засталіся на мінулагоднім узроўні: іх было адпаведна 2 і 3 выпадкі. Што датычыць раскрывальнасці злачынстваў, то яна складае 59,2 працэнта – вышэйшая, чым у сярэднім па вобласці.
Кіраўнік аддзела прааналізаваў стан злачыннасці па асобных сельсаветах. На тэрыторыі большасці населеных пунктаў абстаноўка спакойная, і ў параўнанні з мінулагоднім назіраецца зніжэнне колькасці выпадкаў грубага парушэння заканадаўства. Але ж у Лахвенскім і Дварэцкім адзначаны рост злачыннасці, прычым у апошнім дастаткова істотны – з 26 да 38 выпадкаў. 
Уладзімір Рыбак прыгадаў, што летась давялося больш пільную ўвагу звярнуць на вёскі Бастынскага  сельсавета. У выніку сітуацыя там нармалізавалася. Напрацаваныя метады, аднак, пакуль не даюць такога ж выніку ў Дварцы, а таму, падкрэсліў галоўны вартавы правапарадку, вымушаны шукаць новыя шляхі выпраўлення становішча.
Адначасова выступаючы звярнуў увагу на работу аддзела па барацьбе з наркотыкамі. Павелічэнне колькасці “наркатычных” спраў сведчыць аб актывізацыі работы праваахоўнікаў у супрацьстаянні атруце. Як станоўчы адзначаны той факт, што з 31-ой справы 5 – аднесены да катэгорыі цяжкіх. Але менавіта яны ўсяляюць веру, што шлях выбраны пра-вільны, бо ўсё часцей удаецца не проста затрымаць аматараў “кайфу”, але і перакрыць каналы, па якіх наркотыкі трапляюць у наш раён.
Не менш важная і актуальная справа – барацьба з распаўсюджваннем самагонаварэння і алкагалізацыяй насельніцтва. Сёлета канфіскавана больш як 1600 літраў самагону і 60 літраў іншых спіртаўтрымліваючых вадкасцей. 17 чалавек асуджаны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, яшчэ 4 – рыхтуюцца да адпраўкі ў гэтую ўстанову. Па-ранейшаму не вырашаецца праблемы павелічэння для нашага раёна квоты накіраванняў у ЛПП і наркалагічны дыспансер г. Пінска.
Між тым, алкаголь свае пазіцыі здаваць не збіраецца. Толькі ў гэтым годзе за ўжыванне спіртных напояў у грамадскіх месцах  і на рабоце былі затрыманы 1865 грамадзян. Гэта не значыць, што ўсе яны – патэнцыяльныя пацыенты нарколага, але ж не трывожыць гэтая лічба таксама не можа. Тым больш, што і медвыцвярэзнік не пуставаў: там пабывалі 787 чалавек.
Галоўнае – засцерагчы ад “зялёнага змія” моладзь і падлеткаў. Менавіта таму вырашана больш пільную ўвагу звяртаць на строгае захаванне заканадаўства, якое рэгламентуе продаж спіртнога. Адначасова, падкрэсліў Уладзімір Рыбак, пад увагай супрацоўнікаў РАУС па-ранейшаму будуць знаходзіцца месцы улюбёнага адпачынку юнакоў і дзяўчат. І ў першую чаргу – бары, рэстараны, дыскатэкі. 
Сёння ўжо можна пэўна сказаць, што пасля 23 гадзін на вуліцах населеных пунктаў раёна рэдка сустрэнеш непаўналетніх. І тым больш крыўдзяць выпадкі абураючай абыякавасці бацькоў да ўласных дзяцей. Не так даўно, расказаў Уладзімір Уладзіміравіч, на адной з дыскатэк убачылі сямігадовае (!) дзіця, якое “гуляла само па сабе”. Зразумела, што міма падобных выпадкаў і праваахоўнікі, і настаўнікі праходзіць не будуць.
На пытанне В.М. Агіевіча, ці ёсць належны кантакт у супрацоўнікаў РАУС з прадстаўнікамі ўлады на месцах, быў атрыманы сцвярджальны адказ.
В.а. пракурора Андрэй Лукашэвіч звярнуў увагу на работу з так званымі абавязанымі асобамі. Пра тое, што яна знаходзіцца не на належным узроўні, сведчаць факты. За апошні час узбуджана 10 крымінальных спраў за ўхіленне асоб, абавязаных выплачваць сродкі на ўтрыманне сваіх дзяцей. У кожнага з нядбайных бацькоў ёсць гарантаванае дзяржавай месца работы, аднак там ім сістэматычна ставяць прагулы. Цяпер настаў час караць іх не толькі рублём, але, як і належыць, па закону.
На пасяджэнне каардынацыйнага савета невыпадкова былі запрошаны старшыні садаводчых і гаражных кааператываў. Справа ў тым, што львіная доля крадзяжоў адбываецца менавіта там. Дачныя домікі і не абсталяваныя ахоўнай сігналізацыяй гаражы – крыніца лёгкай здабычы для злодзеяў. Аб’яднаным у дробныя суполкі ўладальнікам дачных участкаў прапанавалі стварыць больш буйныя таварыствы, дзе справу бяспекі і супрацьстаяння злачынцам можна было б паставіць на трывалыя рэйкі.
Праблема пажараў і гібелі людзей стала асноўнай тэмай выступлення начальніка РАНС Мікалая Арашкевіча і інжынера па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы ўпраўлення райсельгасхарчу Дзмітрыя Жука.
Пажараў сёлета зарэгістравана прыкладна на трэць менш – 63 супраць 80 мінулагодніх. Найчасцей узнікаюць яны на прыватных сядзібах, дзе і за-гінулі 4 чалавекі. У 6 выпадках ад агню пацярпела маёмасць юрыдычных асоб. Па словах Мікалая Арашкевіча, асаблівую занепакоенасць сітуацыя з пажарнай бяспекай вык-лікае на тэрыторыі Лунінскага сельсавета. Менавіта там пражывалі дзве сёлетнія ахвяры. Кіраўнік выратавальнага ведамства ўпэўнены, што трэба больш пільна падысці да стварэння базы сацыяльна-небяспечных асоб. Улічваючы тое, што ўсе 4 загінуўшыя знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, тут відавочна недапрацоўка якраз у гэтым плане.
Выправіць яе закліканы і так званы дзень прафілактыкі. Ён перыядычна праводзіцца ў вёсках раёна, куды адначасова прыязджаюць прадстаўнікі праваахоўнікаў, медыцыны, РАНС і іншых зацікаўленых службаў. Пра такую форму работы расказала ўрач-нарколаг Алена Качановіч. Сёлета правялі 32 такія выезды, у ходзе якіх наведалі 405 нядобранадзейных жыхароў. Прычым 58 грамадзян трапілі ў гэты спіс упершыню. Удзельнікі такіх рэйдаў спадзяюцца, што ўвага з боку грамадскасці дапаможа ўтрымацца на краі бездані, а некаторым, магчыма, выратуе жыццё.
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть