УЗЯЦЦА РАЗАМ І ЗРУШЫЦЬ ВОЗ,

што гадамі стаіць на месцы…

Працаўнікі СВК «Новае Палессе” сёлетнюю пасяўную пачалі з чына благаславення, які прама на полі адслужыў настаяцель Лахвенскай царквы Ражства Багародзіцы Валерый Скрабец.

Кіраўнік гаспадаркі Віталь Ермалёнак упэўнены, Божая падтрымка дапаможа правесці кампанію на высокім агратэхнічным узроўні і забяспечыць у далейшым багаты ўраджай. Для гэтага ў гаспадарцы зрабілі своечасовы задзел: як след адрамантавалі тэхніку, назапасілі неабходную колькасць арганікі, паклапаціліся і пра высокарэпрадукцыйнае насенне.

Першы бункер з пшаніцай на магутным «Джон-Дзіры” было даверана пасеяць вопытнаму механізатару Івану Лусевічу.

Управіцца з сяўбой збожжавых у «Новым Палессі” мяркуюць за 15 рабочых дзён. На самых адказных участках замацаваны надзейныя, правераныя часам людзі. Другі пасяўны агрэгат у зчэпе з энерганасычаным МТЗ-3022 давераны Івану Журу. Як і ў ранейшыя гады, не падвядуць са своечасовай дастаўкай насення вадзіцелі-браты Іван і Васіль Лусевічы. Не павінна быць прастояў і з-за несвоечасовай падрыхтоўкі глебы. Толькі за адзін рабочы дзень трактарысты Мікалай Жуковіч і Багдан Сідарук грузяць і ўносяць у глебу па 670 тон арганікі. Дарэчы, гэтага каштоўнага для росту і развіцця раслін угнаення назапашана ў гаспадарцы з разліку 100 тон на 1 гектар ворыва. Уносіцца яно будзе ў залежнасці ад патрэб у ім той ці іншай культуры.

Віталь Ермалёнак задаволены механізатарамі:

– Імпануе, што яны ўмеюць трымаць слова. Дзеля агульнай справы і дабрабыту, сем’яў не лянуюцца рана ўстаць і позна легчы. Штодзень у 7 гадзін раніцы ўсе агрэгаты працуюць на полі і знаходзяцца там, пакуль не сцямнее. Зразумела, добрая работа павінна і аплачвацца адпаведна. Таму ў дадатак да асноўнага заробку прадугледжаны і меры заахвочвання. Яны залежаць ад аб’ёмаў і якасці выкананых работ, захавання працоўнай дысцыпліны. З’эканоміць час ды падтрымліваць арганізм у тонусе дапамагае гарачае харчаванне, якое дастаўляецца на рабочыя месцы 2 разы на дзень. Галоўная задача – зрабіць працу вяскоўцаў прэстыжнай. Людзі, якія прысвяцілі сябе рабоце ў гаспадарцы, у большасці сваёй працавітыя, сумленныя і добрыя. І не іх віна, што ў нас пакуль няма грошай, каб набыць усё неабходнае для эфектыўнага вядзення справы. Тым не менш, сёлета здолелі купіць 5 недастаючых трактароў. А яшчэ, дзякуючы разуменню і падтрымцы ўпраўляючага «Аграпрамбанка” Уладзіміра Масла, атрымалі крэдыт на закупку насення агародніны. Сёлета запланавалі пасеяць 10 гектараў морквы, 20 – сталовых буракоў, па 5 – цыбулі і капусты, 20 – бульбы. А да звыклых збожжавых – пшаніцы, ячменю, трыцікале і аўсу дабавілі 20 гектараў пакуль што дэфіцытнай на прылаўках магазінаў грэчкі. Маючы праблемы з кармленнем жывёлы, удвая павялічылі плошчы пад кукурузу і давялі іх да 800 гектараў. Палову выкарыстаем для нарыхтоўкі сіласу, другую – на зерне… 

Будуючы планы на перспектыву старшыня гаспадаркі, здаецца, ужо бачыць іх вынік. Ён упэўнены, што калектыву пад сілу выканаць пастаўленыя задачы. Галоўнае – у правільнае рэчышча накіраваць вопыт і ўменне работнікаў і ў той жа час адрадзіць у іх жаданне плённа працаваць. А гэта можна толькі пры ўзаемнай павазе і падтрымцы. Віталь Фёдаравіч пры любой магчымасці сам стараецца ісці насустрач людзям. Па-гаспадарску рыхтуюцца «соткі” пад пасадку бульбы для працаўнікоў. Кіруючыся дэвізам «Жыць годна сёння” – кіраўнік гаспадаркі распачаў і рамонт адміністрацыйнага будынка:

– Гэта – «твар” сельгаскааператыва, і спасылацца, на тое што няма грошай, няварта.

Гэтак жа ўважліва тут стараюцца адносіцца і да вырашэння вытворчых праблем. А іх пакуль вельмі шмат…

Галіна КУЧЭЙКА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть