ВАМ ЧАЮ З МАЛІНКІ?

Прыгадваюцца далёкія гады дзяцінства, калі на сенажаці надвячоркам частаваў дзядуля незвычайным чаем. Гатаваў яго на вогнішчы, дзе весела патрэсквала галлё вярбы. Цудоўны, непаўторны па смаку напой з дзікай маліны ба-дзёрыў, надаваў сілы.
Смачныя ягады яе, як самай распаўсюджанай расліны ў нашых мясцінах, вядомы кожнаму. Заваранымі ў выглядзе чаю высушанымі пладамі з даўніх часоў лячылі розныя прастудныя захворванні. Уласцівасці гэтай ягады абумоўлены наяўнасцю саліцылавай і аскарбінавай кіслот, вітамінаў і біялагічна-актыўных злучэнняў, якія ўтрымліваюцца ў лісцях і сцяблінах.
Узімку, вядома ж, зялёных лісточкаў не маем пад рукой, таму падыдзе само галлё. Так што невялікая бяда, калі закончыліся высушаныя плады. Нарэжце кавалачкамі сцяблінкі, пакладзіце ў гарачую ваду і пракіпяціце некалькі хвілін. Дайце настаяцца. Дадайце чайную лыжку лімоннага соку на кубак, у два разы больш – мёду. Атрымаецца цудоўны напітак, які добра ўздзейнічае на многія органы. Вельмі карысны і адвар з кветачак. Смела ўжывайце ма-лінавы чай і будзеце здаровы.
ЛЮБІМАЯ САЛАТА – ЗА ГАДЗІНУ
Сярод мноства агародніны, якую вырошчваюць дачнікі, віднае месца займаюць сталовыя буракі. Адна з любімых страў, якую можна прыгатаваць – селядзец пад шубай.
Гэта самая распаўсюджаная і любімая салата, якую можна прыгатаваць намнога хутчэй, чым робяць звычайна гаспадыні. Каб скараціць час, пасля варкі буракоў ваду зліваем і ставім посуд з агароднінай на некаторы час пад струмень халоднай вады. Ад перападу тэмператур караняплоды хутка дойдуць да гатоўнасці.
КАБ РАДАВАЛІ ПАКАЁВЫЯ КВЕТКІ
Пры вырошчванні іх важна не перакарміць. Ад вялікай колькасці азоту яны будуць расці вельмі хутка, а вось кветачкамі не парадуюць. У час перасадкі непажадана павялічваць памеры гаршчочкаў. А каб глеба не закісала, не сыпце занадта многа грунту. Выдаліць інфекцыі і пазеляненне са старых ёмістасцяў можна з дапамогай марганцоўкі.
Калі кветкі доўга не паліваць, адбываецца аддзяленне грунту ад сценак посуду, і вада ў адзін момант выліваецца з яго. Каб наталіць смагу кветачак, пастаўце ёмістасць у тазік. Праз дзірачку ў дне зямля хутка змочыцца, і расліны павесялеюць.
ЯК ПАЗБАВІЦЦА АД ГРЫЗУНОЎ
Холад і сцюжа не падабаюцца ўсяму жывому. Пры такіх умовах надвор’я мышы, палёўкі і пацукі пакідаюць наседжаныя месцы і шукаюць паратунку ў цяпле. Асядаюць у хлявах, сенасховішчах, дрывотнях. Выявіць іх месцазнаходжанне, асабліва ў склепах, можна па сапсаванай бульбе, бураках, моркве. Калі ў першых схованках можна пазбавіцца ад грызуноў з дапамогай атручваючых сродкаў, то ў летніх кухнях і дачных доміках лепш выкарыстаць звычайны попел. Вядро яго рассыпаем па падлозе. Прыкладна праз тыдзень, а то і менш грызуны пакінуць памяшканне з-за таго, што прыліпшы да іх лапак попел пачынае раздражняць скуру. Шкоднікі спрабуюць яго злізваць, і тым самым попел трапляе ў поласць роту, шчыпле знутры. Ад гэтага звяркі і пакідаюць наседжаныя месцы.
Рыгор ЖУК.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть