ВЕЧАР СТАРЫХ СЯБРОЎ

На тыдзень раней традыцыйнай першай суботы лютага сустрэча выпускнікоў адбылася ў ліцэі.

Мая першая сесія ўскладнілася захворваннем, аднак дастаткова высокі рэйтынг удалося захаваць. На канікулах дома выздаравела. На вечар спяшалася, перапоўненая пачуццямі. Цяперашнім вучням хацелася расказаць аб вучобе ў сталіцы, тэатрах і канцэртах, маёй будучай спецыяльнасці «літаратурная работа і рэдагаванне”, аб якой сама яшчэ маю цьмянае ўяўленне.

Аднак, ліцэй на тое і элітная навучальная ўстанова, каб выпрабоўваць гасцей на кемлівасць! Калі ўсхваляваныя першакурснікі выйшлі на сцэну, мне прапанавалі выступіць ад імя нашага класа. Разгубілася – і не ведаю, што гаварыла. Спадзяюся, настаўнікі адчулі маю бязмежную ўдзячнасць кожнаму за веды, якімі вучні авалодваюць з дапамогай педагогаў. Ліцэй стварае такі інтэлектуальны падмурак, што мы дастаткова ўпэўнена адчуваем сябе і ў галоўным універсітэце краіны.

З палёгкай уздыхнула, калі цэнтр увагі ўрачыстасці перамясціўся на прадстаўнікоў юбілейных выпускаў – 1996 і 2006. Яны прыгадвалі эпізоды ліцэйскага жыцця, паведамлялі аб сваіх сучасных дасягненнях. Мяне і маіх сябровак больш за ўсё ўразіла, што некаторыя пяцікурсніцы ўжо стварылі сем’і!

З якой радасцю мы сабраліся ў кабінеце гісторыі з нашым класным кіраўніком Аксанай Рыгораўнай Арашкевіч! Дзяліліся нядаўнімі ліцэйскімі ўспамінамі і цікавымі выпадкамі са студэнцкага жыцця. І шчыра дзякавалі настаўніцы, якая 4 гады была нашай «класнай мамай”, за цярпенне, чуласць, разуменне.

На вечары сустрэчы былі музычныя падарункі, словы вітання, атмасфера цеплыні і дабрыні. Усё, як у мінулым годзе, калі я, тады 11-класніца, занатавала свае ўражанні і аднесла ў раённую газету. Гэта стала маёй першай публікацыяй, за якой працягнуліся іншыя. Праз паўгода ўпэўнена падала дакументы, каб спробы пазаштатнай творчасці ператварыць у прафесію. Сімвалічна, што зноў пішу на тую ж тэму. Толькі цяпер як студэнтка…

Таццяна ЛЕМЯШЭЎСКАЯ, першакурсніца Інстытута журналістыкі БДУ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть