“ВЕРБАЧКА” НЕ ПАДУЛАДНА ЧАСУ
40-годдзе стварэння адсвяткаваў яслі-сад №3, які з чэрвеня 2010-га стаў дашкольнай установай раённага аддзела адукацыі.
Дагэтуль “Вербачка” належала Беларускай чыгунцы і захавала трывалыя сувязі з прадпрыемствамі вузла. Да адметнай даты прадстаўнікі станцыі Лунінец, лакаматыўнага дэпо і дыстанцыі пуці ўручылі калектыву вельмі неабходныя падарункі. Самую ж істотную дапамогу – каля 100 мільёнаў рублёў – аказаў раённы аддзел адукацыі. За лета здолелі адрамантаваць цеплатрасу ў першым корпусе, добраўпарадкаваць фасад, набыць новае тэхналагічнае кухоннае абсталяванне. Дзякуючы выдзеленым сродкам, адкрыта дадатковая група. 40-годдзе дашкольнай установы адзначалі 220 дзяцей, якія выхоўваюцца ў ясельных (2), лагапедычных (2), санаторных (2) і групах агульнага развіцця (4), рыхтуюцца да школы ў двух класах. З 62-ух работнікаў калектыву, уключаючы 27 педагогаў, трэцяя частка працуюць 25 і больш год. У ліку іх – выхавальніца Наталля Адамаўна Баброва і прыбіральшчыца Вольга Іванаўна Крывулец, якія аддалі “Вербачцы” па 30 год працы.Начальнік аддзела адукацыі Валянціна Ігнатаўна Верас і старшыня райкама галіновага прафсаюза Нэлі Анатольеўна Рафаловіч уручылі Ганаровыя граматы 16-ці самым адказным і старанным працаўніцам. Абмежаванасць актавай залы дазволіла запрасіць на ўрачыстасць толькі работнікаў, якія сталі пенсіянерамі на працягу апошніх пяці год. Першай загадчыцай яслі-сада №3 у снежні 1970-га была Ларыса Апанасаўна Румянцава. З 1978 года калектыў узначальвала Валянціна Іванаўна Пліс, з 2001-га – Святлана Аляксееўна Баярчук. Дарэчы, абедзьве ў свой час узнагароджаны ганаровым знакам “Выдатнік Беларускай чыгункі”. Больш як ста ветэранам працы самыя шчырыя словы ўдзячнасці адрасавала цяперашняя загадчыца Ала Мікалаеўна Прыбаровіч. – Будзем працягваць традыцыі калектыву, – адзначыла яна. – Адна з самых важных – трывалыя сувязі дашкольнай установы з бацькамі. Ад папячыцельскага савета матэрыяльную падтрымку святу аказала прадстаўнік фермерскай гаспадаркі Валянціна Паўлаўна Навіцкая. Школьніцамі сталі былыя выхаванцы – дзеці Генадзя Георгіевіча Канапацкага, але і цяпер кіраўнік ПТУП “Еўрарэйс” адгукаецца на нашы просьбы. Шчодры падарунак атрымала “Вербачка” ад ПВУП “Вікторыя” – сертыфікат на суму 3 мільёны рублёў, які ўручыла дырэктар прадпрыемства, дэпутат Брэсцкага аблсавета Таццяна Дзмітрыеўна Удавенка. Толькі сем месяцаў узначальвае яслі-сад №3 Ала Мікалаеўна. Яна ўдзячна за кансультацыйную і арганізацыйную дапамогу свайму былому кіраўніку – загадчыцы яслі-садка №12 Таццяне Аляксееўне Шпак, якая шчыра віншавала калег. Такія ж сардэчныя вітанні і музычны падарунак адрасавалі базавай установе прадстаўнікі СШ №1 г. Лунінца. Разам з Дзедам Марозам і Снягуркай віноўнікі ўрачыстасці затушылі 40 свечак на святочным торце. Пры падтрымцы надзейных сяброў калектыў “Вербачкі” пачаў упэўнены крок да чарговага юбілею.
Аляксандр МАТОР, старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец.