ВОБЛАКА Ў РАЦЭ
У час літаратурнай сустрэчы ў нашым ліцэі паэт Леанід Дранько-Майсюк прыгадаў выпадак з дзяцінства.
Ён кіраваў чоўнам па Гарыні і ўбачыў адлюстраванне воблака ў рацэ. Прыгледзеўся: гэта аказалася белая сукенка, якую, відавочна, ці хваля змыла з берага, ці сама яна з вербавай галінкі саслізнула ў ваду. Юнак дастаў сукенку вяслом, і тут жа з берага, з-за кустоў, раздаўся дзявочы голас з просьбай вярнуць адзенне. Крыху пацвяліўшы равесніцу, якая апынулася ў недарэчнай сітуацыі, выручыў яе, даставіўшы сукенку… Я задала пытанне: аддаўшы адзенне дзяўчыне, ці сустракаліся з ёю потым? Леанід Васільевіч расказаў, што яны нават моцна пасябравалі. Калі яго прызвалі на армейскую службу, напісаў дзяўчыне 225 лістоў, яна яму ў адказ – 391. Вярнуўшыся, хлопец не пакрочыў дамоў, а паспяшаўся да, як яму мроілася, закаханай. Яна выбегла насустрач разам са сваім сабакам з такім сумным поглядам, што ад гэтага будучаму паэту стала не па сабе. Дзяўчына абняла салдата і сказала: – Як рада, што ты вярнуўся! Як раз паспеў на маё вяселле! Разгублены хлопец перавёў позірк на сабаку, вочы якога быццам гаварылі небараку: я ж цябе папярэджваў… З таго часу Леанід Васільевіч вельмі любіць cабак. А нашым юнакам ён даў параду: ніколі не шкадуйце, калі дзяўчына гаворыць, што кахае іншага. Значыць, сустрэча з вашай палавінкай – яшчэ наперадзе.
Таццяна КАЦУБА, вучаніца 11 «Б” класа ліцэя.