ВУЧЫМСЯ БЯСПЕЦЫ ЗМАЛКУ

Сёлета ў грыбны сезон у лес не накіраваўся хіба што лянівы чалавек. Большасць жыхароў нашага краю таксама заўзята збірала дары прыроды.
Захапляючыся «ціхім паляваннем”, часта забываем аб мерах бяспекі. У сутачным рацыёне харчавання спажыванне грыбоў невялікае, але     з-за высокага ўтрымання радыенуклідаў можа павялічыцца доза ўнутранага апраменьвання чалавека.
Вядома, што асноўным мінеральным элементам у саставе грыбоў з’яўляецца калій – аналаг цэзію-137. У сілу біялагічных асаблівасцей грыбы добра засвойваюць яго, таму ўтрыманне ў раслінах можа ў 20 разоў перавышаць забруджанасць глебы.
Актыўна наведваю Цэнтр практычнай радыелагічнай культуры, што з 2010-га дзейнічае пры СШ №2 г. Лунінца. Тут праводзяцца даследаванні прадуктаў харчавання і дароў лесу. Сёлета паспрабавалі вызначыць актыўнасць цэзію-137 у розных грыбах, што растуць у наваколлі. Вынікі – несуцяшальныя.
У грыбах (белыя, падасінавікі, падбярозавікі), сабраных на тэрыторыі з радыяцыйным фонам ніжэй за 1-2 Кі/км2 (вёскі Лобча і Бастынь, горад Лунінец), утрыманне цэзію-137 перавышае дапушчальныя ўзроўні ў 1,5-2 разы; ад      1-2 Кі/км2 (вёскі Мелясніца, Любачын, Боркі) – у 2-5 разоў; ад 2-5 Кі/км 2 (вёскі Красная Воля, Вулька 2, Міжлессе) – у 10-13 разоў.
Практычна вызначалі найбольш эфектыўны спосаб зніжэння ўдзельнай актыўнасці радыеактыўнага рэчыва ў грыбах. Пастаўленай мэты цяжка дасягнуць пры кулінарнай апрацоўцы (жаранні і кансерваванні), вымачванні з аднаразовым адварваннем з дабаўленнем воцату, харчовай солі, лімоннай кіслаты. Пры сушцы «забруджанасць” павялічваецца ў дзясяткі разоў, таму што адбываецца выпарэнне вады і цэзій-137 застаецца «ў чыстым выглядзе”.
Найлепшы вынік зні-жэння «забруджання” грыбоў назіраецца пры трохразовым адварванні (па 15 хвілін). Раім усім аматарам «ціхага палявання” праводзіць радыяцыйны кантроль грыбоў і дакладную  кулінарную апрацоўку.
Крысціна НЕЎДАХ, вучаніца 10 «Г” класа ліцэя.
 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть