ВУЛІЦА ЛЁСУ: Паравозная, 11
Па гэтым адрасе ў Лунінцы на тэрыторыі ў 16,5 гектара размешчана лакаматыўнае дэпо Лунінец. Прадпрыемства, якое налічвае больш як 490 работнікаў, вызначаецца працоўнымі дынастыямі. Прадстаўнікі некалькіх пакаленняў называюць вуліцу, па якой штодня ідуць на змену, галоўнай у сваім лёсе…
Працоўныя будні – як СВЯТЫ ДЛЯ НАС
В.а. начальніка лакаматыўнага дэпо Анатоль Сцяпанавіч ЖУК летась, на пасадзе галоўнага інжынера, удастоены звання «Выдатнік Беларускай чыгункі”. Падводзячы вынікі работы калектыву ў першым паўгоддзі, адзначае:
– З’яўляючыся рамонтна-эксплуатацыйным прадпрыемствам, маем прыпісны парк цягніковых і манеўровых цеплавозаў: серыі 2М62, М62, ЧМЭ3, ТГМ. У склад дэпо ўваходзяць ўчасткі рамонту і эксплуатацыі, дапаможныя цэхі, склад паліва, кацельня, дом адпачынку лакаматыўных брыгад, ачысныя збудаванні, гаражы. З даведзенымі сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі спраўляемся. За 6 месяцаў інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 140 мільёнаў рублёў (амаль 108 працэнтаў да плана). Перавыкананы план па аказанню платных транспартных паслуг насельніцтву і паказчык па энергазберажэнню (-10,2). Адпаведна ўзрасла выручка. Удвая павялічаны ўзровень рэнтабельнасці рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ і паслуг. Амаль дасягнулі патрабаванняў да эканоміі рэсурсаў – каэфіцыент склаў 0,996 пры заданні 0,999. Сярэднямесячная заработная плата склала 2,3 мільёна рублёў – 109 працэнтаў да плана.
У эканоміцы прадпрыемства ёсць пэўныя складанасці. Маем пазіцыі, па якіх належыць інтэнсіфіцыраваць вытворчасць. Гэта па сілах калектыву, асноўны касцяк якога складаюць дысцыплінаваныя, добрасумленныя працаўнікі.
Ветэранаў чыгуначнага транспарту і цяперашніх прадстаўнікоў сталёвых магістраляў віншую з прафесійным святам. Жадаю ім моцнага здароўя, таварысцкай падтрымкі ў працы, надзейных «тылоў” у сем’ях, жыццясцвярджальнага настрою.
Камандны ДУХ
спрыяе зладжанай працы калектыву, у якім 25 спецыялістаў розных прафесій. Іх рукамі ствараюцца разнастайныя прыстасаванні, неабходныя для тэхналагічнага працэсу прадпрыемства. З асаблівым гонарам дэманструюць мадэрнізаваную сушылку, сваімі канструкцыямі нагадваючую вытанчаную тэлевежу.
Толькі год участкам кіруе майстар Аляксандр Васільевіч МІСЮРА, але здолеў арганізаваць падначаленых на дасягненне плённых вынікаў. Адзначае высокі прафесіяналізм слесараў, у ліку якіх – Аляксай Мікалаевіч ГРУШЭЎСКІ і Андрэй Мікалаевіч КОНАЎ. Апошні, дарэчы, патомны чыгуначнік, як і газаэлектразваршчык Андрэй Ігаравіч МІХНЮК. Дысцыплінаванасць і стараннасць кадраў па вартасці ацэньвае і брыгадзір Дзмітрый Пятровіч МАЛЕЙ.
ДРЭВА для сталёвай магістралі
Сталяр Уладзімір Васільевіч ГРЭБЕНЬ адзначаны Ганаровай граматай райсавета.
Вось ужо 10-ы год адчувае сваю прафесійную запатрабаванасць у калектыве, куды прыйшоў з будаўнічай арганізацыі, дзе працаваў цесляром – таксама з дрэвам. Спецыяльнасці асвойваў самастойна і мэтанакіравана. Шматгадовы вопыт дазваляе выконваць вытворчыя заданні своечасова і дасканала. Таксама грунтоўна і адказна ставіцца да жыццёвых прадвызначэнняў чалавека. Выгадаваў двух сыноў, старэйшы – таксама чыгуначнік, малодшы – яшчэ школьнік. Дом набыў, але ўсю драўляную частку, вядома ж, перарабіў – сваімі рукамі. На прысядзібным участку хапае садова-агародных клопатаў, але для ўраджэнца вёскі Бараўцы праца на зямлі ператвараецца ў захапленне…
Наводзім БЛЯСК – і радуемся самі
Чысціню цеплавозаў пасля рамонту забяспечваюць Людміла Уладзіміраўна ГРЫЦКЕВІЧ, якая ўдастоена Ганаровай граматы райвыканкама, і Святлана Канстанцінаўна ЯРАХОВІЧ.
Майстар Раман Пятровіч ЗАЛЯШЧУК удзячны мыйшчыцам-уборшчыцам рухомага саставу. Ён усведамляе складанасць іх працы: колькі на каленках трэба палазіць, колькі мазуту рыззём зняць, каб дэталі цеплавоза блішчэлі…
У працаўніц – больш аптымістычны погляд на свае абавязкі, якія падмацоўваюцца адпаведнымі правамі. Падабаецца рэжым працы: два дні – рабочыя, два – выхадныя. Дзецям-студэнтам мамы выпісваюць бясплатны чыгуначны білет, што таксама на карысць сем’ям. Жанчыны маюць падставы для параўнання, таму што прышлі на чыгунку з іншых калектываў. У дэпо першая працуе 5 год, другая – 8. Быў час, каб асэнсаваць: чалавек упрыгожвае месца…
ЧЫГУНКА – любоў мая
Тэхнік Алена Аляксандраўна КУЗЬМІЧ не ўяўляла сябе ў іншай сферы. Чыгуначнікамі былі дзядуля, бацькі, многія родныя. Ідучы па іх слядах, заўсёды выконвала работу сумленна – берагла гонар прозвішча. Вось ужо і 30-годдзе працы на адным прадпрыемстве адзначыла.
Маючы грунтоўны вопыт, здаецца, магла б спыніцца ў прафесійным развіцці: дакументацыя аформлена ўзорна. Але летась лунінчане асвоілі новы від рамонту. Трэба рабіць адпаведныя замеры, сачыць за дакладнасцю выканання аперацый, значыць, вучыцца новаму, імкнуцца да больш сучасных ведаў. Так жа цікавей жыць!
Улюбёнасць у прафесію мамы не маглі не заўважыць дзеці. Быццам, і спецыяльнасці набылі, і паспяхова апрабавалі іх на практыцы, але цягне чыгунка. Сын Дзяніс папрасіўся ў памочнікі да дзядзькі (Сяргей Аляксандравіч Аляшкевіч працуе машыністам цеплавоза). І дачка Наталля таксама марыць стаць паўнапраўным работнікам калектыву. Быць чацвёртаму пакаленню ў дынастыі!
Калектыў злучае ДАВЕР
Майстар Аляксандр Міхайлавіч ЯЦУКЕВІЧ меў шанс застацца ў сталіцы, але не спакусіўся, аддаўшы перавагу малой радзіме.
Таксама ж упэўнена ў свой час выбіраў не столькі прафесію, колькі стабільную вытворчасць. 10 год таму юнак з Язвінак уладкаваўся ў лакаматыўнае дэпо, адсюль пайшоў у армію, а потым вярнуўся ў калектыў, які лічыць родным. Закончыў БелДУТ. Прафесіяналізм і адказнасць не засталіся незаўважанымі.
Асобныя работнікі склада паліва, сярод якіх – раздатчыкі нафты, слесары-рамонтнікі, машыністы песка-сушыльнай устаноўкі і чыгуначнага крана, мыйшчыцы-уборшчыцы рухомага саставу, запатрабаваны на розных станцыях: Лунінец, Прыпяць, Відзібор, Сітніца. Кіраўнік верыць, што яны таксама адчуваюць важнасць сваёй справы і апраўдваюць давер сумленным выкананнем яе.