“ВЯЛУЦКІ МАСКВІЧ”

Карані
Народжаны ў пачатку ХХ стагоддзя, падлетак з беднай сялянскай сям’і пасвіў кароў у гаспадарцы памешчыка. Маёнтак гаспадара размяшчаўся паблізу Пінска. Калі ж хлопца, які вярнуўся з заробкаў, у Велуце спыталі, дзе працаваў, ён жартам адказаў:
– Адсюль не бачна – каля Масквы…
З таго часу Рыгора Тараса-віча Клімчука і сталі называць “Масквіч”. Яго вясёлы характар дапамагаў пераадольваць цяжкасці, якіх хапала ў сялянскім жыцці. Калі ажаніўся, узвёў сціплы домік. У сям’і нарадзі-ліся чацвёра дзяцей. Не цураўся любога занятку, каб паставіць нашчадкаў на ногі. Не маючы шмат зямлі, шыў боты аднавяскоўцам, набыў кузню, дзе выконваў нескладаныя заказы. 
Адносная самастойнасць “Масквіча” выклікала павагу ў тых, хто цаніў у людзях працавітасць, сумленнасць, пачуццё ўласнай годнасці. Але хапала і такіх, каму гэта не падабалася. Сапраўдныя якасці многіх вызначыліся ў перыяд акупацыі. Паліцаі нядоўга шукалі падставу, каб “прыціснуць” дбайнага гаспадара. Аднойчы Рыгор Тарасавіч высек дрэва ў лесе, каб адрамантаваць старую падлогу. Нават распілаваў і дошкі нагабляваў. Тут яго і арыштавалі. Пасадзілі ў былую школу, дзе размяшчаўся паліцэйскі ўчастак. Але вартаўніку надакучыла ахоўваць зняволенага. На пару гадзін адлучыўся да каханкі. Гэтага часу было дастаткова, каб арыштант вынуў акно і збег у лес.
Зразумела, цяпер яму была адна дарога – да партызан. Таксама сумленна, як працаваў, стаў ваяваць у атрадзе імя Калініна брыгады імя Кірава. Аднойчы  давялося трапіць у рукі ворага, але зноў лёс быў літасцівым да Рыгора Тарасавіча – пашчасціла збегчы з-пад варты.
Некаторы час жонка і дзеці Клімчука заставаліся ў Велуце. Каб захаваць іх бяспеку, партызан нават крыху змяніў прозвішча – на Клімаў. Але сталі даходзіць трывожныя звесткі, што карнікі збіраюцца расправіцца з сем’ямі “лясных мсціўцаў”. І многія вяскоўцы знайшлі выратаванне ў наваколлі. Жылі ў сямейным лагеры, у “балаганах”, як называлі буданы з галін дрэў.
У ліпені 1944-га, шчаслівыя вызваленнем, вярнуліся ў родную вёску. Рыгора Тарасавіча прызначылі старшынёй Бродніцкага сельсавета. З раніцы пакідаў дом, вяртаўся позна вечарам. Цяжар гаспадарчых клопатаў лёг на жонку, Марыю Малафееўну. У гэты ж час страцілі і сына. 10-гадовы Нестар раптоўна захварэў. Урачоў паблізу не было. Маці запрагла каня і павезла хлопчыка ў Лунінец. У бальніцы яму ўжо не змаглі дапамагчы…
Пахаваўшы сына, Рыгор Тарасавіч заняўся будоўляй новага дома. Быццам справай хацеў развеяць сум… У астатнім заставаўся такім жа адданым Савецкай уладзе камуністам, не здра-джваў сумленню ні словам, ні ўчынкам. 
І пасля вайны неабходна было трымаць порах сухім. Праваахоўныя органы змагаліся з ўзброенымі бандытамі, якія забівалі савецкіх і партыйных актывістаў, рабавалі магазіны, перашкаджалі ўладкаванню мірнага жыцця. Рыгор Тарасавіч дзяліўся з супрацоўнікамі міліцыі сваім партызанскім вопытам знаходжання ў лесе, выкрываючы тых, хто не падпарадкоўваўся закону. З яго дапамогай была разгромлена асноўная банда, але некаторыя са злачынцаў здолелі пазбегнуць справядлівага пакарання.    
Як і ўсё насельніцтва, Рыгор Тарасавіч выконваў даведзеныя заданні па нарыхтоўках. Удзельнічаў у складчынах, калі адзін з жыхароў здаваў, напрыклад, вала ці карову за некалькіх чалавек, якія разлічваліся з гаспадаром грашамі ці харчамі. Нічога не западозрыў, калі адзін з жыхароў Велуты зайшоў да яго і спытаў, калі будзе здаваць вала. Клімчук назваў дакладны час. Аднавясковец папрасіў:
– Выканай і маё абавязацельства. Потым разлічымся…
Рыгор Тарасавіч разам са сваяком дастаўляў жывёлу ў Лунінец. Бандыты падпільнавалі сялян каля Бастыні. Выстрал быў накіраваны ў Клімчука. Паранены, ён скочыў з возу і пабег у лес. Але ў трэці раз выратавацца не ўдалося. Бандыты дагналі чалавека і дабілі яго прыкладамі ружжаў…
Крона
Аб сваім бацьку расказвае Ніна Рыгораўна Воліна. Ёй ішоў 10-ы год, калі сваяк прыбег у сям’ю з трагічнай весткай. Памятае, што ў хату набілася многа незнаёмых людзей, адразу выклікалі міліцыю. У лесе, непадалёку ад месца гібелі бацькі, бандыты закапалі сваё адзенне, запэцканае крывёю. Праз некаторы час знайшлі і саміх забойцаў.
– Бацьку пахавалі на Узвіжанне, – прыгадвае жанчына. – Гэта быў 1947-ы – 65 год таму. Мама паставіла крыж на магіле. Без гаспадара ўжо заканчвалі хату…
Дарэчы, у пачатковай школе дзяўчынка была Клімавай. Пад гэтым жа прозвішчам занатаваны яе бацька ў кнізе “Памяць. Лунінецкі раён”. Тут жа ўвекавечана імя дзядзькі па маме. 
– Бабуля нарадзіла 14 дзяцей, з якіх выжылі трое. Адзіны сын – Адам Малафеевіч Шыйч быў расстраляны фашыстамі за тое, што падпаліў фураж, які акупанты адабралі ў насельніцтва. Як прасіла за маладога халастога прыгажуна яго маці, укленчана поўзаючы перад немцамі, цалуючы ім ногі… Потым ад плачу яна аслепла. Не дапамагло суцяшэнне дзвюх дачок – маёй мамы і цёткі Паўліны… У гэтай бабулі на хутары – назву не ведаю, казалі “на Гольках” – старэйшая сястра Таццяна пякла хлеб партызанам, Зоя дапамагала. Потым у лесе змайстравалі печ. Там ужо працай займаліся больш сталыя дзяўчаты. Яны падарылі мне хустачку, калі аднойчы бацька ўзяў мяне ў атрад. Ішлі па такім балоце, што большую частку дарогі ён нёс мяне на плячах…
Ніна Рыгораўна нячаста прыгадвала мінулае – не было часу за хатнімі клопатамі. Калі выйшла замуж, нарадзіла сямёра дзяцей. Смяецца, што цяпер разбагацела б на гэтым, а тады даводзілася жыць у нястачы. У калгасе спачатку працавала ў раслінаводчай брыгадзе. Калі ўзяла групу кароў, разам з мамай іх даілі і сыны, потым – яны ж дапамагалі даглядаць цялят. 
У маладосці хлопцы праявілі здольнасці да будаўніцтва. Выязджаючы на заробкі ў Расію, набівалі руку на “аборах”, з цягам часу ўдзельнічалі ва ўзвя-дзенні храмаў.
Цяпер адна дачка жыве ў Італіі, другая – у Мінску. Паблізу, у Мар’інай Горцы, астлява-ліся пяцёра сыноў. Браты жывуць дружна, дапамагаюць адзін аднаму.
– У сям’і не засталося бацькавага фотаздымка, – гаворыць Ніна Рыгораўна. – Але мама заўсёды гаварыла, што мой Коля – выліты дзед. Уявіце: у яго праявіліся кавальскія здольнасці. Стаў вядомым майстрам, выконвае нават шмат мастацкіх заказаў.
Старажылка Велуты мае трынаццаць унукаў і ўжо трое праўнукаў. Гаворыць, што нашчадкі з задавальненнем наведваюць вёску, жартуючы: захацелася бабінай “залатой” кашы. Звычайная прасяная, прыгатаваная ў печы, набывае сапраўды казачны смак…
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть