ВЯСЕЛЛЕ па-беларуску
пачынаецца з рэгістрацыі шлюбу, якой у Дварэцкім сельсавеце паспрабавалі надаць нацыянальны каларыт.
Кіраўнік спраў сельвыканкама Ларыса Казун на курсах павышэння кваліфікацыі пазнаёмілася з навінкамі калег і вырашыла пераняць. «Пералапаціла” шмат літаратуры, каб знайсці самыя цікавыя элементы, і ўсё чакала маладых, пры сустрэчы з якімі ў думках усклікнула б: для іх – усё, што магу! Калі заяву прынеслі 4-курсніца БДТУ Алена Клімчук з Дварца са сваім выбраннікам, майстрам «Полацклесу” Міхаілам Мацурам, Ларыса Васільеўна не вагалася: гэта – яны!
–У кожным поглядзе і слове маладой пары, жаніху – 25 год, нявесце – 21, было ўзаемапагадненне, – не хавае шчырых уражанняў кіраўнік спраў. – Гэта заўважалася пры асабістым кантакце, а потым пацвердзілася і на ўрачыстасці.
На ганку Дварэцкага ЦСДК вяселле сустракала прыгажуня ў нацыянальным строі, якая спрадвечным беларускім вітаннем запрашала гасцей і праводзіла іх у залу. Дарэчы, выбар удзельніцы – не выпадковы. 9-класніца Алена БРЭЗІНА вядома ў вёсцы не толькі як уладальніца самай вялікай касы, але і як здольная рукадзельніца, вышыўкамі якой захапляюцца і вопытныя майстрыхі.
На сцэне нявесту і жаніха ўжо чакала прадстаўнік дзяржаўнай улады, якая праводзіла ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу. Залатыя пярсцёнкі маладым падносіла цудоўнае дзіця таксама ў беларускім касцюме. 5-гадовая Анечка Сумар не першы раз дапамагае бабулі, успрымаючы свой удзел у цырымоніі як адказную «работу”. Звычайна ўзнагароджвалася цукеркамі, але заўсёды прагла яшчэ двух рэчаў: паглядзець туфлікі ў нявесты і атрымаць букет ад жаніха. Сёлета мары ажыццявіліся: задаволенае дзяўчо ўбачыла сапраўды «папялушкін” абутак мініяцюрнай маладой і з гонарам несла кветкі…
Тым часам Ларыса Васільеўна праводзіла паўжартоўныя абрады, якія на дзіва ўсур’ёз успрымалі маладажоны. Для вызначэння галоўнага ў сям’і дзялілі каравай – маладая саступіла права лідара жаніху. Калі вызначалі гаспадара дома, малады, аддаючы гэта права нявесце, прапанаваў ёй самой знайсці ключык шчасця ў гаршчку са збожжам. Потым маладажоны «будавалі” свой першы дом, запальвалі свечкі ў знак сямейнага ачага, паказвалі навыкі догляду за «немаўлятамі”, у якія на момант ператварыліся іх сведкі.
– Загадзя прадумвала сцэнарый адказнай урачыстасці, – расказвае Ларыса Васільеўна, – але шчаслівая, што і маладыя аказаліся падрыхтаванымі да самай важнай у іх жыцці падзеі. У цырымоніі было шмат музычных фрагментаў, якія ствараў дырэктар ЦСДК Васіль Коўшык. Калі загучаў павольны танец, маладыя выканалі сапраўдны прыгожы вальс. Гэта здараецца так рэдка і было так прыгожа, што слёзы замілавання выступілі нават на маіх вачах…
Ці трэба казаць, наколькі хвалюючай аказалася рэгістрацыя шлюбу дзяцей для іх бацькоў і гасцей?! Зачаравана глядзелі на нявесту, нагадваючую казачную прынцэсу, яе два малодшыя браты. Прадстаўнікі жаніха, якія прыехалі з Віцебшчыны, былі захоплены незвычайнай цырымоніяй і потым усё ж спыталі: ці праводзіцца такое амаль гадзіннае свята для кожных маладажонаў?
Ларыса Васільеўна не хавала: марыць аб гэтым, але, маючы амаль 20-гадовы практычны вопыт, з першай сустрэчы ў сельвыканкамаўскім кабінеце вызначае ступень патрэбнасці народных элементаў на вяселлі той ці іншай пары. І ўсё ж спадзяецца, што з цягам часу будзе павялічвацца жаданне людзей да нацыянальнага адраджэння і пры свяце стварэння сям’і. Саму ж кіраўніка спраў цяпер часта можна заўважыць са слоўнікам: працуе над перакладам, каб аднойчы паспрабаваць усю ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу правесці на беларускай мове.