ВЯСНА: СПЯВАЮЦЬ ПТУШКІ І МАЛЮЮЦЬ ДЗЕЦІ…
Нездарма, калі чалавек цудоўна сябе адчувае, кажуць, што ў яго – вясновы настрой! Яго ствараюць сонечнае цяпло, ажыўленне ў прыродзе, вяртанне з выраю птушак.
Верным сябрам быў прысвечаны традыцыйны «Ліцэйскі фестываль птушак”. У конкурсе малюнкаў на асфальце разнакаляровымі мялкамі кожны ствараў птушку, якая ў яго ўяўленні адлюстроўвае надыход вясны: жаўрук, сінічка і нават зязюля. Лепшая праца вызначалася метадам інтэрактыўнага галасавання: на пляцоўцы стаяла скрынка, у якую вучні, педагогі, госці апускалі паперкі з запісам малюнка, што ім падабаўся. Перамаглі юныя мастакі 9 «В” класа (класны кіраўнік Ала Пятроўна Макарук). Іх праца пад назвай «Захаваем птушак – і зямля не знікне” уражвае глыбінёй сэнсу: на фоне зямнога шару – выява бусла з немаўляцем у клюве.
Прайшоўшыя дажджы змылі творы з асфальту. Але адначасова праводзіўся і другі конкурс – малюнкаў на паперы. Выстава мастацкай творчасці ліцэістаў працягвае дзейнічаць.
Таццяна КАЦУБА, вучаніца 9 «Б” класа ліцэя.