“ВЯСНОВЫ ФЕЕРВЕРК”
Абуджэнне прыроды выклікае натхненне і палёт душы, асабліва ў творчых людзей. Вучні і педагогі музычных школ шчаслівыя адлюстраваць вясновы настрой удзелам у традыцыйным раённым фестывалі дзіцячых ансамблевых, харавых і аркестравых калектываў.
Штогод выносім на разгляд журы і публікі самыя цікавыя канцэртныя нумары, знаходзячы ўсё больш дасканалыя формы, метады, падыходы, рыхтуючы сваё выступленне яскравым, непрадказальным, непаўторным. Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства быў адзначаны не толькі арганізатарамі фестывалю, але і прадстаўнікамі Баранавіцкага музычнага каледжа.
У намінацыі “харавы калектыў” Дыпломам І ступені ўзнагароджаны выхаванцы Ю.У. Бузынчык – хор старшых класаў і малодшая харавая група Лунінецкай ДШМ. Другое месца падзялілі яе калега Т.В. Круглік з хорам сярэдніх класаў і малодшакласнікі Дзятлавіцкай музычнай школы (мастацкі кіраўнік М.В. Рудая). Трэцяе месца – у прадстаўнікоў трох устаноў: хору сярэдніх класаў “Асарцінкі” на чале з Я.А. Ткачук з Мікашэвіцкай ДМШ, малодшакласнікаў Кажан-Гарадоцкай ДМШ (В.М. Веляскевіч) і Лунінецкай ДШМ (Л.К. Шчучкіна).
Лепшым сярод “ансамбляў малых формаў” прызнаны дуэт акардэаністаў. Рада поспеху маіх выхаванцаў! Другое месца падзялілі дуэт скрыпачоў з нашай жа школы (мастацкі кіраўнік С.У. Мізюрына) і камернае трыа пад кіраўніцтвам Э.У. Белавуса з Лунінецкай ДШМ. Трэцяе месца размеркавалі ансамбль “Сярэбраныя кропелькі”, якім кіруе аўтар гэтых радкоў, і ансамбль баяністаў – вучняў Г.М. Аксёнавай з Лунінецкай ДШМ.
Пераможцамі ў намінацыі “вакальныя ансамблі” сталі юныя спевакі Лунінца і Мікашэвіч. Дыпломамі І ступені адзначаны ансамбль “Крынічка” (кіраўнік Ю.У. Бузынчык) і група “Лялькі” (Я.А. Ткачук). Яўгенія Анатольеўна падрыхтавала і здольных спевакоў у ансамблі “Асарці”, які ўзнагароджаны граматай. На фестывалі традыцыйным становіцца выступленне ўзорных і харэаграфічных калектываў. Чарговая сустрэча пераканала, што перамогу святкуе Яе Вялікасць Музыка, калі адкрывае свае таямніцы чароўных гукаў…
Дар’я ДВОРНІК, дырэктар Мікашэвіцкай дзіцячай музычнай школы.